Каля дачы стаяла санітарная машына. Яраш з трывогай падумаў: «Няўжо ў бальніцы што здарылася?» Закрочыў шпарчэй. Але хутка ўбачыў, што на лавачцы сядзяць Шыковіч, Гаецкая і незнаёмая жанчына. Пачуў вясёлы смех Гаецкай і спахмурнеў: не хапала яшчэ яе тут! Зося адчула, як нечакана змяніўся яго настрой, зразумела, што яму не спадабаліся гэтыя нечаканыя госці. Спытала:
— Хто гэта?
— Галоўны лекар трэцяй бальніцы. У якой ты ляжала.
Яна помніла гэтую прыгожую поўную жанчыну, якая часам абыходзіла палаты і рабіла разнос сёстрам і санітаркам. Настрой Яраша як бы перадаваўся ёй: Зося адчула сябе няёмка, быццам у нечым была вінаватая.
Яраш сказаў:
— Дурная баба. І подлая.
Гэта яшчэ больш збянтэжыла Зосю, быццам ёй даверылі тайну, ведаць якую зусім не трэба, нават небяспечна. Угледзеўшы Яраша і Зосю, Тамара Аляксандраўна паднялася, пайшла насустрач, прыветліва махаючы касынкай.
— З уловам, Антон Кузьміч, — праспявала яна. — Я не ведаю, як кажуць… Шыковіч! Як віншуюць грыбавікоў? Са зборам? З падборам? З уловам?
Смяяліся яе сакавітыя вусны, выпешчаныя шчокі — то з'яўляліся, то знікалі сімпатычныя ямачкі на іх. А вочы… вочы, халодныя і злосныя, разглядалі Зосю. Ды так нахабна, бесцырымонна, што Зосі здалося — раздзяюць. І яна, зусім разгубленая, спалоханая і абураная, не пазнаёміўшыся, не прывітаўшыся, амаль уподбег кінулася да Машы, якая сядзела на ганку і перабірала грыбы.
— Глядзі, колькі я знайшла баравікоў! А ты? О, з табой ні ў чым нельга зраўняцца!
— Твая пацыентка? — спытала Гаецкая ў Яраша.
Гэта можна спытаць па-чалавечаму, прафесійна, як лекар у лекара. Яна хацела зрабіць выгляд, што пытае іменна так. Але Яраш бачыў, як яна працягвае глядзець у спіну Зосі, і адчуў, што пачынае закіпаць. Ён сам баяўся свайго гневу, бо ведаў, што «сарвацца» яму, ды яшчэ перад жанчынамі, нельга, непрыстойна.
Гаецкая працягнула яму руку, падвяла да лавачкі, пазнаёміла са сваёй сяброўкай. Гаварылі нейкія пустыя словы. Смяяліся.
— Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, — сказала Тамара Аляксандраўна.
Шыковіч сумеўся, паглядзеў на свайго хмурага сябра — можа, ён што прапануе? — і з жалем уздыхнуў:
— Калі я працую, у мяне — «сухі закон». І каб быць далей ад спакусы…
Гаецкая зразумела.
— А мы ў лес ездзім са сваім віном.
— О, тады іншая размова! Калі ласка! Прашу, — галантна пакланіўся Кірыла, паказваючы на сваю палавіну дачы.
Яраш падумаў, што Зося не сядзе за адзін стол з гэтай жанчынай. Ды і не жадае, каб яны сядзелі разам. Ды і ўвогуле: не хапала яму яшчэ піць віно з Гаецкай у лесе, на дачы! Ён сказаў, як адсек:
— Мяне чакаюць дома.
— У Антона Кузьміча раўнівая жонка, — як бы ў жарт, сказала Тамара Аляксандраўна, але знарок так, каб пачулі Зося і Маша.
Нічога не адказаўшы і не развітаўшыся, Яраш рушыў да «Масквіча». Завёў, рыўком пад'ехаў пад самы ганак, узняўшы пыл, быццам стварыўшы дымавую заслону. Зося першая хуценька ўскочыла на задняе сядзенне.
З ветлівасці Яраш махнуў доктаркам рукой, спытаў у Кірылы:
— Што перадаць тваім?
— Прывязі заўтра масла і хлеба.
Гаецкая, закусіўшы губу, злосна прыжмурыўшыся, доўга глядзела ўслед сіняму «Масквічу».
Яе сяброўка спытала:
— Ён заўсёды такі… нелюдзімы?
— Бывае горшы, — нядобразычліва адказаў Шыковіч. Цяпер і ён узлаваўся на няпрошаных гасцей. Чорт іх прынёс! Каб не яны, яму, напэўна, удалося б угаварыць Антона пасядзець гадзінку. Маша засмажыла б грыбы, і яны разам павячэралі б і хораша пагутарылі б. Ён прачытаў бы ім раздзел — расказ Зосі. Што-нішто трэба ўдакладніць. А сядзець з гэтымі чужымі бабамі — мала цікавасці і ніякай карысці для яго працы.
Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калі яе «ўсемагутная разведка» ўстанавіла, хто тая жанчна, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго іншага, на галаву чалавека, які зрабіўся цяпер ёй ненавісны, падае яшчэ адзін цяжкі грэх — парушэнне лекарскай этыкі.