Выбрать главу

— Я табе ўсё растлумачу, Галка. Выслухай толькі.

— Не падыходзь! — Яна ўзброілася нажніцамі, але тут жа шыбнула іх на столік. — Не трэба мне ніякіх тлумачэнняў! Усё! Усё! Усё! Цяпер я не буду ні крычаць, ні плакаць… Мы чужыя. Ты абсталяваў сабе новую кватэру — ідзі туды. Не пойдзеш ты — я ніводнага дня, ніводнай хвіліны не буду тут. Усё! — Яна вымаўляла гэтыя «ўсё», быццам ставіла кропкі.

Яраш зразумеў, што гэта больш, чым нервовая ўспышка, гэта цвярозы намер, і не ведаў, з якога боку падступіцца, каб разбурыць такое яе рашэнне. Ён спыніўся, паглядзеў на яе ласкава, з жалем, дакорліва паківаў галавой: дурніца, дурніца! Яна не вытрымала яго позірку, закрыла твар рукамі, перасмыкнулася ўся. Заціскаючы рыданні, сказала праз далоні глуха, чужым далёкім голасам:

— Божа мой! Шаснаццаць год жыла з гэтым чалавекам! Аддала яму ўсё. А ён… Яму мала было гэтай тоўстай шлюхі, «залатой сястры», усіх баб, якіх ён меў… Яму трэба яшчэ зблытацца з пацыенткай. Які жах! Якая ганьба! — Яна адкрыла твар і вельмі нядобра ўхмыльнулася. — Але што я хацела ад таго, хто мог забіць, зарэзаць з большай лёгкасцю, чым я вырываю зуб.

Гэта было ўжо занадта. Нават з яго нервамі і разважлівасцю вытрымаць такое нялёгка. І ён грымнуў на ўсю кватэру:

— Вы хаця падумалі б, якая яна жанчына! Лекары задрыпаныя! — і вылаяўся груба, злосна, як не лаяўся яшчэ пры жонцы ніколі.

Ён не ведаў, што дома Наташа. Яна сядзела ў кабінеце, дзе заўсёды рыхтавала ўрокі, калі бацькі не было дома. Яна бачыла, у якім стане вярнулася дадому маці. Калі з'явіўся бацька і адразу накіраваўся ў спальню, дзяўчынка насцярожылася. Не, яна не стала падслухоўваць іх размову. З малых год бацька вучыў яе, што гэта нядобра. Але калі ён закрычаў, Наташа не вытрымала.

Яна з'явілася ў дзвярах спальні ў чорным фартушку, з банцікам у косах, стройная, высокая (у бацьку пайшла), з ласкавай усмешкай на твары.

— Добры дзень, тата. Мы не бачыліся сёння, — падбегла, паднялася на пальчыках, чмокнула ў шчаку.

— Твой тата падлюга! — не вытрымала Галіна Адамаўна, каб не шыбануць у мужа самы цяжкі камень. Яна не чакала, што камень можа паляцець у яе.

Наташа адступіла ад бацькі, агледзела яго, потым — маці. І зноў да бацькі. Абняла за шыю, закрычала:

— Няпраўда! Няпраўда! Няпраўда! Ён добры, ён разумны. А ты… ты… неразумная… ты — раўнівая. Ты атручваеш яму жыццё.

— Наташа! Наташка! Хіба можна! Сціхні! — Антон Кузьміч сварыўся на яе, але прыціскаў да сябе. Гладзіў худзенькія плечы і адчуваў, што сам захлынаецца слязамі.

Дачка вырвалася, выбегла з пакоя.

Галіна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ.

Валянціна Андрэеўна атрымала ананімнае пісьмо. Немагчыма растлумачыць, чаму Гаецкая жанчынам, якія сябравалі паміж сабой, паведаміла па-рознаму: адной — яўна, другой — ананімна.

Нельга сказаць, што Валянціна Андрэеўна ніколі не раўнавала Кірылу. Усё было ў жыцці. На тое яно і жыццё. Але яна ніколі не траціла розуму і здольнасці разважаць, аналізаваць. Быў у яе вопыт і добрая жаночая мудрасць. Калі ніводзін лекар не задумаўся, колькі патрэбна часу, каб пасля такой аперацыі чалавек вярнуўся да нармальнага, не, ненармальнага, вясёлага жыцця, то яна адразу ж падумала пра гэта і першаму, чаму не паверыла, — сувязі Яраша з Зосяй. Кірыла і Маша?.. Прыпісалі б яе мужу любую другую жанчыну, у Валянціны Андрэеўны, магчыма, яшчэ ўзніклі б нейкія падазрэнні: не бывае дыму без агню. Але Маша… Яна бачыла дзяўчыну адзін раз, ведала, што яна сустракалася з Тарасам і Славікам. І раптам — Кірыла. Не, не, не! Яна з агідай, з нянавісцю да ананімшчыка адганяла гэтую брудную плётку. Яна палюбіла Машу, паверыла ў яе розум, у яе дзявочую сумленнасць і чысціню, інтуітыўна, чуццём педагога, адчувала, што такая натура ніколі не зробіць подласці. Валянціна Андрэеўна любіла людзей і верыла ім.

Увечары яна паказала пісьмо Кірылу. Пакуль ён чытаў, яна ўважліва сачыла за выразам яго твару. Спачатку ён пачырванеў, потым пабляднеў, спацеў. Як бы вытлумачыла гэта тая ж Галіна Адамаўна! Валянціна Андрэеўна ўбачыла іншае: здзіўленне і абуранасць. Дачытаўшы да канца, ён разгублена паглядзеў на жонку.

— Чорт ведае што такое! Падумай толькі, якая душа павінна быць у чалавека, каб з усіх гэтых фактараў зрабіць такія высновы. Вырвалі мы ёй кватэру, куплялі мэблю, прывезлі яе з бальніцы, былі яшчэ разы два. Ты чытала яе расказ… Але, прыязджалі яны з Антонам па грыбы… Ну і што? Гэта — яна, Гаецкая. Недарэмна Антон так не любіць гэту бабу.