— Увогуле ты, Кірыла, ласы на каўбасы. Гэта я ведаю. На кожную прывабную кабету зіркаеш як кот на сала.
— Валя!
— Але не бойся. Гэтаму пісьму і я не веру. Не таму, што ў табе вельмі ўпэўнена. Не суцяшайся. Веру ім — Зосі, якую знаю па тваіх расказах, і Машы…
Кірыла з палёгкай уздыхнуў.
— Ведаеш, пра што я падумаў? Чаму ў такіх разумных бацькоў, як мы з табой, не вельмі разумныя дзеці?
— Што табе трэба ад тваіх дзяцей? — адразу спахмурнела і ўзлавалася Валянціна Андрэеўна. — Розум прыходзіць з гадамі. У цябе яго і цяпер не надта, калі ты пра яго такой высокай думкі.
Пра ўсё яна магла гаварыць разважліва і спакойна. Але няхай ніхто не чапае яе дзяцей, нават іх родны бацька.
Кірыла зразумеў, што зрабіў не той паварот і не так, як трэба, зліслівіў перад жонкай.
— Ну, добра, добра. Не злуй. Чаму ты думаеш, што я так ужо дрэнна думаю пра сваіх дзяцей? Я проста хачу, каб яны былі лепшыя за нас.
Валянціна Андрэеўна чамусьці цяжка ўздыхнула.
— Ёсць, Кірыла, норма чалавечых якасцей? Хіба дрэнны чалавек Галіна Адамаўна? Але ўяўляю, што з ёй робіцца, калі такое агідненькае пісьмо прыслалі і ёй.
— Няўжо можна паверыць гэтаму?
— Ты не ведаеш яе. Нам трэба зараз жа схадзіць да іх.
На іх званок адчыніла Наташа. У дзяўчынкі быў такі выгляд, быццам яна толькі што вярнулася з пахавання кагосьці блізкага.
— Тата дома?
Яна кіўнула галавой.
— А мама?
— І мама.
Антон Кузьміч сядзеў у сваім застаўленым кніжнымі шафамі кабінеце і бяздумна гартаў альбом Траццякоўскай галерэі.
Галіна ляжала ў спальні. Яна не хацела бачыць ні мужа, ні дачкі — гэтага «Ярашавага кодла», як яна пасля крычала ў істэрыцы. Каля яе быў адзін Віця, далікатны, ціхі, асцярожны ў сваіх пачуццях і меркаваннях. Можа, праз гэта Галіна Адамаўна больш любіла сына, чым рэзкую, нявытрыманую дачку. А Ярашу, наадварот, якраз гэтая рыса не падабалася ў сыне.
Валянціна Андрэеўна, уміг зразумеўшы становішча, адразу пайшла да сяброўкі. Кірыла, убачыўшы, у якім настроі Яраш, паспрабаваў жартаваць, весела спытаў:
— Што? Выдала?
Антон Кузьміч сціснуў рукамі скроні, на твары яго была пакута.
— Жах! Калі гэта будзе паўтарацца, калі так будзе далей — немагчыма жыць, працаваць…
Шыковіч адкінуў прэч свой гулліва-жартаўлівы тон. Пэўна, справа сур'ёзная, калі нават Яраш, які да ўсіх нягод ставіўся з гумарам, так перажывае. Кірыла ўпаў у крэсла насупраць сябра. Пстрыкнуў партсігарам.
— Ты мне растлумач. Чым ты вінаваты перад ёй, што яна так не верыць?
— Не хапае інтэлігентнасці. Звычайнай культурнасці. Усё няшчасце наша, што мы не выхавалі ў нашай інтэлігенцыі неабходнай інтэлігентнасці. Адгэтуль дзікая рэўнасць маёй жонкі, дзікая подласць Гаецкай, усё што хочаш.
Яны доўга гутарылі пра гэта. Можа, праз добрую гадзіну Валянціна Андрэеўна паклікала іх у спальню.
— Ну вось што, хлопчыкі, — сказала яна двум сталым мужчынам, як малым. — Сядайце і расказвайце. Толькі не круціце хвастамі, а то надзяру вушы.
Яны расказвалі, дапаўняючы адзін аднаго, да позняй ночы.
Здавалася, наступіла прымірэнне.
27
Старшынёй сесіі выбралі Гаецкую. З'яўленне яе за сталом прэзідыума дэпутаты сустрэлі вясёлымі апладысментамі. Раней увесь час старшынёй выбіралі мужчыну, сакратаром — жанчыну. На мінулай сесіі нехта з дэпутатаў зрабіў заўвагу аб такім парадку. І вось упершыню зрабілі наадварот.
Тамара Аляксандраўна са сціплай усмешкай ківала галавой у залу і крышку даўжэй, чым трэба, ціснула руку сакратару — зусім юнаму электразваршчыку будаўнічага трэста. Яна ўмела паказаць сябе людзям! Прыемным голасам абвясціла парадак і рэгламент. Усё было распісана, звыкла, і ніхто не чакаў, што могуць быць заўвагі па парадку. Ды раптам падняўся Яраш і сказаў, што яму для садаклада патрэбна не дваццаць хвілін, як прапануюць, а мінімум гадзіна — ёсць што сказаць пра медыцынскае абслугоўванне гараджан.
Зала загудзела. Такія з'явы здараліся рэдка.
Нехта кінуў уголас:
— Чаму раней не дамовіліся?
Гукан падхапіўся, каб адхіліць просьбу Яраша: будзе грунтоўны даклад загадчыка аддзела і няма патрэбы гэтулькі часу даваць садакладчыку. Але яго апярэдзіла Гаецкая. З абваражальнай усмешкай сказала:
— Я думаю, дамо доктару Ярашу гадзіну. Пытанне важнае, а ён наш лепшы спецыяліст. Хто «за» — прашу падняць рукі.
Работнікі гарсавета, лекары прагаласавалі з-за пэўнай цікавасці, усе другія — з павагі да вядомага хірурга.