Выбрать главу

— Па-мойму, ты робішся талстоўцам.

Яраш здзівіўся:

— У якім сэнсе?

— У гэтым самым сэнсе. Ты мяне здзіўляеш, падпольшчык, дыверсант Яраш. Навука яўна псуе цябе.

Ты — той прыклад, калі інтэлігентнасці замнога, а гэта таксама шкодна. Ды калі яна дала табе аплявуху, плясні яе пяць разоў. Плясні так, каб іскры з вачэй пасыпаліся, нягледзячы на яе прыналежнасць…

— Ты так думаеш?

— Я так зрабіў бы. Тут няма чаго размяжоўваць асабістае і грамадскае.

Пошукі фактаў пра падполле выклікалі ў Шыковіча гэты ваяўніча-наступальны настрой. Памяркоўны, ленаваты і ліберальны раней, ён здзіўляўся цяпер сам сабе: адкуль бярэцца такая энергія, такі імпэт і рашучасць?

Яраш не паспеў у другі раз перабудаваць свой даклад, а таму гаварыў, амаль не заглядваючы ў напісанае. Але гэта прыдало выступленню пафасную жвавасць і злосць да тых бюракратычных непарадкаў, якія мелі месца ў медыцынскім абслугоўванні. Ніхто з дэпутатаў не чытаў больш газеты, ніхто не кляваў носам. Разоў колькі яго перапынялі воплескамі.

Тамара Аляксандраўна кляла тую хвіліну, калі дала згоду заняць старшынскае месца. Сотні вачэй свідравалі яе. Яна бачыла ўсмешкі, розныя па сваіх адценнях, ад зларадных да спачувальных.

Дасталося і выканкому гарсавета.

Гукан не глядзеў на Яраша, ён увесь час, яўна і ўпотай, глядзеў на Тарасава: хацеў зразумець па яго рэакцыі, ці не ўзгадняўся садаклад з ім. Калі ўзгадняўся, тады ўсё ясна. Але было падобна, што многія факты сакратар гаркома чуе ўпершыню. Гэта трохі супакойвала Сямёна Парфёнавіча.

Расчырванелая, узрушаная Гаецкая ў наступны перапынак злавіла Яраша ў фае. Сказала яхідна, але зноў-такі дэманструючы перад людзьмі сваю блізасць з ім:

— Ведаеш, Антон, прымаўку: смяецца той, хто смяецца апошні.

— Уяві сабе, Томачка, што ведаю, — засмяяўся Яраш.

28

Гукану гарком даручыў прысутнічаць на станкабудаўнічым заводзе. Мітынг адбыўся ў апошні дзень з'езда.

Заводскі двор — мора замасленых кепак і палінялых касынак. Трыбуна — грузавік з адкінутымі бартамі — была абсталявана ў глыбіні двара.

Рашэнні дваццатага з'езда аб кульце Гукан прыняў параўнаўча спакойна. Была кароткая разгубленасць, але ні ў якім разе не спалох. Магчыма, усе іншыя пачуцці перамагла тады сенсацыйная цікаўнасць. За пяць год умацавалася перакананасць у тым, што культ сапраўды прынёс шкоду, і ён, Гукан, зусім шчыра гаварыў пра гэта ў сваіх дакладах і выступленнях. І, здавалася яму, гэтак жа шчыра змагаўся за адраджэнне ленінскіх норм кіраўніцтва і жыцця. Рашэнне гэтага, дваццаць другога, з'езда ён таксама прыняў як заканамерную з'яву. Але калі на мітынгу — першы ж пасля сакратара парткома — Тарас Ганчароў нечакана прапанаваў знесці заводскі помнік, Сямён Парфёнавіч неяк балюча скалануўся і… спалохаўся. Не так даўно ён адкрываў гэты помнік.

Ведаючы, што Ганчароў — прыёмны сын Яраша, ён адразу падумаў: «Адна хеўра. Анархісты!»

Яму варта было выступіць, ён не выступіў — не ведаў, што сказаць.

Адпусціўшы машыну, пайшоў пехатой па вуліцах, якія забудоўваліся пад яго кіраўніцтвам. Ён падумаў пра гэта — што амаль увесь новы горад будаваўся пры яго ўдзеле, пад яго кіраўніцтвам. Ён заўсёды адчуваў сябе гаспадаром горада. Гэта надавала яму ўпэўненасці, сілы. І раптам цяпер адчуў, што ніякі ён не гаспадар тут… Але ад гэтага адчування яму зрабілася страшна. Упершыню ён не радаваўся рашэнням партыі, а ён жа заўсёды лічыў сябе самым верным яе сынам. Што ж здарылася, Сямён Парфёнавіч? Што змянілася? Вось ад гэтага яму сапраўды стала страшна, аж кінула ў пот, хоць апошні кастрычніцкі дзень быў ужо амаль па-зімоваму халодны. Ён падумаў пра Шыковіча і Яраша, падумаў неяк зусім інакш, чым думаў дагэтуль, — без сувязі з гісторыяй, якую расказала Гаецкая, з учынкам Славіка, выступленнем Тараса. Ён пазайздросціў ім. Лёгка ім жывецца, калі што і няясна, незразумела, то — пра другіх, а ў саміх іх, напэўна, усё ясна і ўсё проста. А вось ён, Сямён Гукан, у самім сабе не можа разабрацца. Хто і што ён, маленькі чалавек, радавы работнік? (Ён раптам пачаў думаць пра сябе як пра зусім маленькага чалавечка.) «З якою радасцю ты зрабіў бы іх правакатарамі». Няпраўда, таварыш Тарасаў! Я нікога не думаю рабіць правакатарамі! — хацелася крыкнуць яму на ўвесь горад.

Дадому ён прыйшоў разбіты, з галаўным болем. Хацелася легчы ў ложак, выклікаць лекара.

Жонка яго, Вольга Раманаўна, старая і шчырая работніца ашчаднай касы, раней газеты толькі праглядала і чытала галоўным чынам фельетоны ці тыя матэрыялы, якія хто-небудзь перад гэтым параіў. А тут за вялікім сталом сядзела абкладзеная кіпамі газет.