Выбрать главу

Гукан заглянуў цераз жончына плячо, вырваў вачамі абзац, другі. Захацелася яму шчыра, па-сямейнаму, без сведак, пагутарыць з жонкай. Яна, на яго думку, не надта разумная, аднак па-жаночы чулая. За трыццаць год добра вывучыла яго, неаднойчы ў цяжкую хвіліну суцяшала, можа, і цяпер зразумее, як нялёгка яму.

— Як табе, Оля, падабаецца ўсё гэта?

— Што?

— Ну, з культам…

— А што? Правільна! Не так трэба служыць народу, каб быць побач з Леніным, — не ўзняўшы галавы, адказала жанчына.

Сямёна Парфёнавіча чамусьці ўзлаваў яе такі адказ і тое, што яна не адарвалася ад газеты.

— Разумныя вы ўсе пасталі! Заднім чыслом. Палітыкі ліпавыя! Абед давай! Зачыталася!

Здаралася, што раней ён гэтак крычаў на яе, у маладосці. Але калі выраслі і раз'ехаліся дзеці, а ў іх пасівелі галовы, Сямён многа год ужо такім тонам з ёй не размаўляў.

Вольга Раманаўна здзівілася. Пільна паглядзела на мужа. Яна не разумела яго. Чаму ён у такой злосці, калі ўвесь народ радуецца? Мякка спытала:

— Што здарылася, бацька? Непрыемнасці?

Яму зрабілася няёмка, ён памякчэў:

— Ніякіх непрыемнасцей няма. Стаміўся. У сэрца коле.

— Прымі валідол. Паляжы, пакуль я згатую што-небудзь. Я сапраўды зачыталася.

Ляжаць Сямён Парфёнавіч не здолеў. Лекара не выклікаў. Пахадзіў па трох пакоях сваёй кватэры, пачытаў газеты, паглядзеў па тэлевізары канец нейкага замежнага кінафільма — нічога не зразумеў.

Зноў вяртаўся ў думках да заводскага мітынгу.

Ён не дапускаў думкі, што не згодзен з рашэннем з'езда. Не, ён згодзен. Але ўсё-такі, здавалася яму, нешта рабілася не так. Асабіста ён так не зрабіў бы.

Вось хаця б з помнікамі гэтымі… Прыгадалася, што помнік на плошчы рабіўся ў першы год яго старшынства. Ён, гаспадар горада, прыклаў столькі энергіі. Было ўрачыстае адкрыццё. Свята. Мітынг. Ён казаў прамову, і прамова яго была адной з лепшых. Праўда, напісаць яе дапамог Шыковіч. Ён, Гукан, пазваў, і той адразу ж з'явіўся, сеў за працу… Быў парадак. А цяпер? Той жа Шыковіч, сярэдні журналіст, паводзіць сябе бог ведае як. Усё хоча перавярнуць дагары нагамі.

Моцна кальнула ў сэрца. Сямён Парфёнавіч прыціснуў руку да грудзей, быццам жадаючы падтрымаць яго, сваё патрывожанае сэрца.

29

Шыковіч пісаў дакументальную аповесць пра падполле. Але «белая пляма» — група інфекцыйнай бальніцы — моцна перашкаджала завяршэнню работы. Уласна кажучы, не было ніякай «белай плямы». Пра гэтую групу ён ведаў цяпер больш, чым пра любую другую. Аднаго толькі не разумеў: навошта гестапа спатрэбілася такая правакацыя з Савічам? Гэтага не разумелі многія. Выказвалі сумненні. Яны злавалі Кірылу: жыве яшчэ недавер да людзей! Хіба жывыя людзі — Сухадол, Зося — не самыя лепшыя дакументы? Праўда, ніхто, акрамя хіба Гукана і Рагойшы, так адкрыта не паказваў, што не верыць іх расказам. Аднак недзе паміж радкамі выказванняў самых аб'ектыўных і шчырых людзей Шыковіч чытаў: усё-такі Зося — дачка, Сухадол — нейкая лекарка, да таго ж не такая ўжо актыўная падпольшчыца, старая жанчына, якая з-за склерозу і даўнасці магла шмат што наблытаць.

Урэшце і сам даследчык зразумеў, што не хапае яму той нітачкі, знайшоўшы якую можна разблытаць увесь клубок. Тут трэба было або шукаць гэтых кончыкаў ніткі, або секчы гордзіеў вузел. Ён шукаў настойліва, упарта. Ездзіў у цэнтральны партызанскі архіў. Доўга сядзеў там, выкарыстаўшы свой адпачынак. Шукаў падпольшчыкаў. Ах, каб яму далі магчымасць апублікаваць артыкул! Тады людзі, безумоўна, прыйшлі б самі. Тарасаў абяцаў, але ўсё чамусьці адцягваў.

Шыковіч у адным памыляўся: яму здавалася, што ўсёй гэтай справай па-сапраўднаму займаецца адзін ён. Ды яшчэ Яраш. І ўсё. Ён не думаў, што падполлем займаюцца многія людзі, па розных лініях, у розных аспектах. Яго пошукі, магчыма, толькі з'явіліся тым каталізатарам, які паскорыў рэакцыю. Неўзабаве ён зразумеў гэта.

У лістападзе ўжо, калі за акном лёталі «белыя мухі», пазваніў Сербаноўскі. Кірыла даўно не бачыўся з капітанам і ўжо амаль страціў надзею, што той можа нечым памагчы яму. Сербаноўскі прасіў зайсці да яго заўтра.

— А сёння нельга? — з нецярплівасцю спытаў Шыковіч.

— Не, заўтра. У адзінаццаць.

Капітан за гэты час зрабіўся маёрам. Вырас. Але здавалася, яшчэ больш схудзеў: глыбей запалі вочы і як бы пабольшалі вушы — адтапырыліся наперад, быццам чалавек насцярожана ўслухоўваўся ў падманную цішыню. Вітаючыся, Шыковіч адчуў мазалі на яго далоні, успомніў пра хворую жонку і пашкадаваў гэтага засяроджанага і, відаць, упартага ў любой працы чалавека. Але Сербаноўскі нечакана выявіў даволі бадзёры настрой і добрую, амаль сяброўскую прыязнасць.