Выбрать главу

— Што маем новае, Кірыла Васільевіч?

— Па групе чыгуначнікаў знайшоў гару новых дакументаў, па групе Савіча… — Шыковіч развёў рукамі. — Акрамя ўсяго іншага, гэтыя людзі здорава ўмелі маўчаць.

— Але, — згадзіўся чэкіст. — Не дзеля ўласнай славы яны змагаліся. І не думалі, што нам з вамі прыйдзецца не спаць начамі, каб даследаваць іх дзейнасць.

Не спыняючы размовы, маёр набраў нумар тэлефона, коратка загадаў:

— Арыштаванага Дымара да мяне.

Шыковіч устрапянуўся:

— Што-небудзь новае?

— Зараз пабачыце і пачуеце, — усміхнуўся Сербаноўскі. Падняўся з-за стала, пацягнуўся, падышоў да акна і адчыніў фортачку. — Як ваш сябра Яраш жыве?

Шыковіч насцярожыўся: ці не дайшла і сюды, у гэты старажытны будынак, плётка пра сувязь Антона о Зосяй? Адказаў жартам:

— Рэжа людзей без літасці.

— Мне Вагін расказваў: здорава ён выступіў на сесіі. Малайчына!

— Але. Прыйшлося каму-нікаму пачухацца.

Пастукалі ў дзверы.

— Заходзьце! — гучна крыкнуў Сербаноўскі. Хутка ўзяў ад сцяны крэсла, паставіў на вугал стала, з таго боку, дзе сядзеў сам. Кіўнуў Шыковічу: — Сюды, калі ласка…

Кірыла хутка перасеў.

Ён чакаў убачыць у арыштаваным грамілу з бандыцкай мордай, а ўбачыў раптам у дзвярах старога — сівога, сухога, з пакорліва-дабрадзейным выразам твару. Салдат з аўтаматам на грудзях пачаў дакладваць:

— Таварыш маёр…

Сербаноўскі спыніў яго знакам рукі:

— Пасядзіце ў калідоры.

— Слухаюся, таварыш маёр! — Шчоўкнулі абцасы, бясшумна зачыніліся дзверы.

Стары, як бы раптам успомніўшы, сарваў з галавы кепку:

— Добры дзень, грамадзянін следчы.

— Добры дзень, — адказаў Сербаноўскі як быццам і ветліва, але Шыковіч адразу адчуў знявагу і агіду ў яго голасе.

Маёр стаяў каля акна, залажыўшы рукі за спіну. Шыковіч упершыню ўбачыў яго такім — высокім, стройным, паважным і нават гордым, магчыма, за сваю нялёгкую, але пакуль што вельмі патрэбную прафесію. Ва ўсякім разе, у гэты момант ён зусім быў не падобны на таго сутулага, са змораным тварам капітана, якога Шыковіч некалі сустракаў на вуліцы і чамусьці неўзлюбіў завочна, пакуль не пазнаёміўся, не пачаў разам працаваць.

— Сядайце, — паказаў Сербаноўскі арыштаванаму на крэсла, што стаяла амаль пасярод пакоя.

Стары цяжка ўздыхнуў і сеў. Маёр прайшоў міма яго і зайшоў з другога боку стала на сваё месца.

«Няўжо гэты дзядуля сур'ёзны злачынца? — думаў Шыковіч, разглядаючы арыштаванага. — Такі бяскрыўдны твар. Тонкія кісці, пальцы рук, як у музыкі. Няўжо з інтэлігентаў? Не, ёсць у ім нешта лакейскае. Хутчэй афіцыянт які-небудзь. Сумеў агледзець мяне так, каб не сустрэцца позіркамі. Ацаніў касцюм».

Сапраўды, сівы дзядуля прыкінуў па адзенню: хто гэты другі — цывільны ці пераапрануты чэкіст? Пазнаваць людзей па вопратцы ён умеў добра.

— Грамадзянін… — Сербаноўскі як бы забыўся прозвішча і заглянуў у паперы, — Дымар-Сокалаў-Беразоўскі… Я ўсё забываю, якое з гэтых прозвішчаў ваша сапраўднае?

— Ну Дымар, Дымар, Ды-ы-ма-ар, — раздражнёна праскрыпеў стары.

Сербаноўскі ўскінуў галаву, сказаў:

— Я прашу вас спакайней.

— Ды я спакойны, грамадзянін следчы. Я ўжо спакойны, — раптам скіс, згорбіўся арыштаваны, нахіліўся, кранаючыся кепкай падлогі.

— Чым вы займаліся да вайны, Дымар?

— Рабіў закройшчыкам у атэлье.

— У часе вайны?

— Трымаў сваю майстэрню, кравецкую. Невялічкую.

— А яшчэ чым займаліся?

— Эх, грамадзянін начальнік! — ляпнуў раптам стары кепкай па падлозе, выпрастаўся, упершыню не хаваючы вачэй, паглядзеў на Шыковіча. — Не абрыдла вам цягнуць адно і тое ж па дзесяць разоў?

— Адказвайце на пытанні!

— Ну, выконваў некаторыя заданні паліцыі, — глуха, у падлогу, адказаў Дымар.

— Чые яшчэ заданні выконвалі?

— У СД не служыў! — пісклява крыкнуў арыштаваны. — Чаго не было, таго не было! Я ўсё вам сказаў. Нагаворваць на сябе мяне не прымусіце!

— Чакайце, чакайце. Не прыкідвайцеся дурнем. Нам добра вядомы ўзаемаадносіны СД і паліцыі. І вам яны не горш вядомы. Якія канкрэтна заданні вы выконвалі?

Прозвішча выпала ў Шыковіча з галавы — эпізадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамінаць сотні розных прозвішчаў, беларускіх, расейскіх, нямецкіх. Але калі ён пачуў аб прафесіі гэтага чалавека, то адразу прыгадаў Ярашаў расказ. Не стрымаўся, звярнуўся да Сербаноўскага:

— Прабачце, Анатоль Барысавіч. Як імя, імя па бацьку арыштаванага?