— Адказвайце, Дымар!
— У вас жа запісана.
— Пытаюць у вас.
— Назар Авяр'янавіч.
— Гэты тып шпіёніў за Ярашам, — сказаў Шыковіч маёру.
Дымар зноў выпрастаўся, з неўразуменнем паглядзеў на Шыковіча, які задае пытанні зусім не прафесійна. Значыцца, не чэкіст, не вышэйшы начальнік. Хто ж? Сведка?
— Вы ведаеце Яраша? — спытаў у яго Сербаноўскі.
— Не, не, — хутка, не падумаўшы, адказаў здраднік. — Такога прозвішча не чуў.
— Кузьма Клешч. Пажарнік. Ведалі такога?
Дымар на хвіліну задумаўся, непрыгожа, па-старэчы, звесіўшы сківіцу, ад чаго рот ператварыўся ў нейкую бясформенную шчыліну. Потым як быў узрадаваўся:
— Ах, Клешч? Пажарнік? Помню, помню. Прызнаюся, меў заданне прасачыць за ім. Меў, меў… Але. Грамадзянін начальнік! Прашу запісаць гэта. Не выдаў. Не. Не выдаў, хоць раскусіў, што гэта за птушка. Аро-ол! — на высокай ноце, як бы з захапленнем выгукнуў стары шакал і раптам хіхікнуў: — Гэта ж ён Лучынскага… фота яго пасля размножвалі. А я не выдаў. Добры чалавек. Спадабаўся мне. Значыцца, жыве Кузьма Клешч? Хе-хе, Клешч. Вось вам яшчэ факт. Запішыце. Не выдаў я добрых людзей!
— Гэта запішам, — сказаў Сербаноўскі, сапраўды старанна занатоўваючы ўсю размову, яго проста-такі прафесійна ўзрадавала, што Яраш ведае здрадніка і на працэсе будзе такі аўтарытэтны сведка.
— Ад каго вы, Дымар, атрымалі заданне шпіёніць за Кляшчом?
— Усё ад таго ж Швагерава.
— А Лотке вы ведалі? — спытаў Шыковіч.
— Лотке? Немец? Першы раз чую.
— У той час, калі вы шпіёнілі за Ярашам, Лотке быў механікам у пажарнай.
— Я пажараў не тушыў, — нахабна і нечакана дзёрзка адказаў здраднік.
— Вы іх распальвалі, — кінуў Сербаноўскі, запісаўшы і гэты дыялог.
Нечаканыя адкрыцці далі новы матэрыял, новых сведкаў.
У Шыковіча цудоўная памяць. У падполле ён улез грунтоўна. Але ён, Сербаноўскі, ведае, што больш за ўсё зараз цікавіць пісьменніка. Дзеля гэтага і паклікаў яго сюды.
Узяўшы з папкі пажоўклы аркуш з вучнёўскага сшытка, Сербаноўскі паказаў яго арыштаванаму.
— Вы пісалі?
— Ну я. Я. Я! — зноў раздражнёна, перакасіўшы твар і прыціснуўшы дзвюма рукамі кепку да грудзей, праскрыпеў Дымар.
Маёр падсунуў аркуш да Шыковіча. Кірыла ўбачыў тую ж запіску начальніку следчага адзела паліцыі пра Савіча, якую ўжо аднойчы Сербаноўскі паказваў яму.
— Ён?
— Ён. Паўмесяца адмаўляўся. Не хацеў прызнаваць ніякіх экспертыз. Пакуль не выклікалі з далёкіх краёў таго, каму адрасавана запіска.
Здраднік сядзеў, панурыўшы галаву, быццам і не слухаў, не чуў, пра што гавораць следчы і гэты, другі, незнаёмы.
— Грамадзянін Дымар, што вы можаце сказаць пра доктара Савіча?
— Што я магу сказаць пра Сцяпана Андрэевіча Савіча? — Ён па-жаночы гаротна схіліў сваю маленькую сівую галаву набок, паківаў ёй. — Я магу толькі сказаць, што гэта быў залаты чалавек. Я пятнаццаць гадоў шыў яму касцюмы і паліто. Прымяраў на даму. І заўсёды выходзіў з гэтага дома начаставаны вось так. — Дымар правёў далоняй па шыі; дзіўна мяняліся інтанацыі яго голасу: то ён скрыпеў, як старая асіна, то сыпаў, як гарохам, то цягнуў павольна, з амаль лірычнай задумлівасцю.
— І вы гатак аддзякавалі яму? — не вытрымаў Кірыла.
Здраднік закаціў вочы пад лоб, быццам намерваўся прачытаць пакаянную малітву.
— Усё зло ў свеце ад грошай. Хацеў выбіцца ў людзі… — Ён цяжка ўздыхнуў.
— На смерці другіх?
Спачатку Кірыла слухаў спакойна. Больш было прафесійнай цікаўнасці да гэтай быццам выкапанай пачвары, да таго, як ён паводзіць сябе, і наогул да ўсяго працэсу допыту, чым абурэння, гневу. Але калі дайшло да Савіча, калі здраднік з цынічным прытворствам пахваліў нябожчыка, у Кірылы перавярнула ўсю душу. У яго не было выпрацаванага гадамі спакою Сербаноўскага. Яго прафесія дазваляла яму даваць волю сваім пачуццям. Ён адчуваў, як усё мацней і мацней грукае сэрца, аж пачало звінець у вушах. Ён зняў са стала рукі свае, каб яны былі далей ад цяжкага чарнільнага прыбора. Мабыць, маёр адчуў, што робіцца з ім, бо сурова сказаў арыштаванаму:
— Давайце, грамадзянін Дымар, без філасофіі. Што дало вам падставы напісаць такую запіску?
— Чуццё. Я ды каб не ведаў Савіча! Хе. Як аблупленага. Я ніколі не верыў, што ён шчыра служыць немцам. Ён заказаў у мяне касцюм. Я на прымерках пачаў «мацаць», чым жа ён дыша. Даверліва расказаў яму пра зверствы гітлераўцаў. А ён кажа: мы самі вінаваты. І супраць партызан нешта сказаў. Хе, Савіч супраць партызан! Я падумаў тады: «Каго ты хочаш правесці, доктар Савіч? Хе».
— Ну і гніда! — кінуў Шыковіч з агідай.