Здраднік уздрыгнуў, але тут жа натапырыўся, як певень, віскнуў:
— Прашу не абражаць! Я чалавек…
— Які ты чалавек! Ты горш вошы тыфуснай!..
— Кірыла Васільевіч! — дакорліва паківаў галавой Сербаноўскі.
— Калі да мяне будуць вось так, я не скажу больш ні слова. — І Дымар надзьмуўся, ужо з інакшым выразам адвесіўшы сківіцу.
Шыковіч толькі цяпер убачыў, што ўсе зубы ў яго ўстаўныя. Ад гэтага зрабілася так брыдка, што Кірыла баяўся, каб не званітавала.
— Гэта вы засвоілі, — сказаў Сербаноўскі, набіраючы нумар тэлефона. — Ало. Швагерава да мяне. — Паклаўшы слухаўку, паўтарыў: — Свае правы вы засвоілі, — і сказаў Шыковічу: — Аднойчы, калі ён вывеў мяне з цярпення вось так, як вас, і я павысіў голас, ведаеце, што сказаў гэты «законнік»? «Можа, ударыць хочаце? Ага, баіцеся! Не той час». Ніколі, ні ў які час, я не стаў бы пэцкаць рукі аб вас, Дымар. Брыдка.
Шыковіч спытаў ужо амаль спакойна?
— Усё ж цікава, што вас прымусіла прадаваць людзей фашыстам? Лепшых людзей.
Дымар заплюшчыў адно вока, быццам крыўляўся, як блазен, і не адказваў.
— Раскажыце, як вы сталі Беразоўскім, — загадаў маёр.
Здраднік заплюшчыў другое вока і звесіў сівую галаву на грудзі.
Расказаў сам Сербаноўскі:
— Вам гэта павінна быць цікава, Кірыла Васільевіч. Знішчыўшы дакументы на Дымара, ён сімуляваў прыступ эпілепсіі. Упаў на вуліцы ўвечары. У Куйбышаве гэта было. Так, Дымар? Натуральна, трапіў у бальніцу. Апрытомнеў — цап-мац, пуста ў кішэнях. Усё нібыта вычысцілі: дакументы, грошы, гадзіннік. Прозвішча? Беразоўскі, Сяргей Пятровіч. Па даведцы з бальніцы атрымаў новы пашпарт. Хутка асталяваўся ў Вольску. Лепшым краўцом лічыўся ў рабочых цэментавых заводаў.
Дымар на міг падняў галаву, і дзіўная ўсмешка скрывіла яго бяскроўныя вусны.
У пакой, атрымаўшы дазвол, увайшоў каранасты барадач у ватоўцы, у высокіх юхтовых ботах. Постаць яго, хада, рукі выдавалі чалавека фізічнай працы. Можа, таму недарэчнымі і непатрэбнымі здаваліся акуляры на яго барадатым шырокім твары.
Шыковіч угледзеў, з якой нянавісцю зірнуў на дзябёлага барадача мізэрненькі Дымар.
Швагераў — былы следчы паліцыі — прывітаўся і дысцыплінавана пачакаў каля парога, пакуль Сербаноўскі не паказаў яму, куды сядаць.
— Ну, чым вы займаецеся? — спытаў маёр.
— Аглядаю горад. Які горад вырас! Які горад! — і ўздыхнуў на поўныя грудзі не то ад захаплення, не то шкадуючы, што горад збудаваны без яго.
— Горад — песня, — згадзіўся Сербаноўскі.
— Песня?! Гэта вы добра сказалі. — Швагераў, не здымаючы акуляраў, выцер чыстай хусцінкай вочы.
— Скажыце, Швагераў, што даносіў вам Дымар пра Кузьму Кляшча?
Падследчы насцярожана павярнуў галаву да сведкі. Швагераў задумаўся.
— Я вам напомню. Пра таго хлопца, які пакараў Лучынскага.
— Ах, пра Яраша?
— Скажыце, адкуль вы ведаеце яго сапраўднае прозвішча?
— Пасля таго здарэння хутка ўстанавілі, што ніякі ён не Клешч, а студэнт медтэхнікума Яраш. Уся паліцыя была паднята на ногі, каб знайсці яго.
— Хочаце ведаць, у каго ён хаваўся? У доктара Савіча.
Кашлатыя бровы Швагерава варухнуліся ад здзіўлення. А Дымар каўзануўся на крэсле і праскрыпеў:
— Пра Кляшча я нікому слова не сказаў.
Швагераў паківаў галавою:
— Мне пра Яраша ён не гаварыў.
— Швагераў, я не хачу вам лішні раз напамінаць, што значыць для вас шчырасць і сумленнасць.
— Таварыш маёр! За сваю віну я пятнаццаць год меў. Нядаўна пачаў жыць нанова. Адчуў сябе чалавекам. Вы чыталі мае характарыстыкі… Дык няўжо вы думаеце, што я буду цяпер выблытваць гэтага… павука?
— Сам ты павук! — злосна агрызнуўся Дымар.
— Быў, — спакойна згадзіўся Швагераў. — Але цяпер стаў чалавекам.
— Вы ведалі, — Сербаноўскі глянуў у паперы, — Лотке? Механік у пажарнай быў перад здарэннем з Лучынскім.
— Лотке? — Швагераў хмыкнуў. — Якіх толькі прозвішчаў у яго не было. Гэта Ганс Крафт. Каланіст з Украіны. Шпіён.
— Агент СД?
— Безумоўна.
— Дымар быў знаёмы з Крафтам?
— Не, не быў! Не ведаю ніякага Крафта! — паспяшаўся адмовіцца стары правакатар.
— А па-мойму, быў, — сказаў Швагераў. — Нешта мне прыпамінаецца, што, калі ты шыў мне касцюм, Крафт таксама прыйшоў на прымерку. Тады ён быў у форме чыгуначніка.
— Мала каму я шыў! Усіх…
— Ясна! — перапыніў Сербаноўскі. — А цяпер паўтарыце коратка свае паказанні па справе Савіча.
Швагераў зразумеў, што паўтарыць трэба для гэтага, другога, незнаёмага яму чалавека ў цывільным, і павярнуўся да Шыковіча, пачаў расказваць яму: