— Ну, Савіча мы лічылі надзейным. Вядома, для «новага парадку». Многія дзеячы выклікалі падазрэнне. Ён — не. І раптам яго запіска, — кіўнуў на Дымара, потым на стол, — тая, што ў справе. Я ведаў яго манеру, — зноў кіўнуў на свайго былога сябра. — Там, дзе няпэўна, ён гаварыў вусна, дзе пэўна, заўсёды пісаў, каб пакінуць дакуменцік, відаць.
— Хлусіш! — праскрыпеў Дымар.
— Навошта ж мне хлусіць? Я нават разгубіўся. Прызнаюся, было жаданне самому злавіць такога сама, як доктар Савіч. Падзяка, грошы, кар'ера, няхай яны спрахнуць… Мы ж там адзін аднаму не верылі, адзін аднаго хаваліся, каб перахітраваць, вырвацца ўперад. Але пабаяўся я сам… Вялікая адказнасць. Куды мне! Начальніку сказаў. Той, помню, таксама разгубіўся. Калі, кажа, Савіч з імі, з нашымі, значыцца, з партызанамі, нікому, кажа, з нас не будзе веры ад СД. Уцячэ Савіч — труба будзе нам. Узяць яго без доказаў — таксама не лягчэй. Адным словам, ламаў галаву начальнік. Мне нічога не даручыў, хоць справай з медыкаментамі займаўся я. Але мы яшчэ раней дамовіліся весці яе, як звычайную крымінальную. Гэта, ведаеце, куды прасцей: крымінальнымі справамі менш цікавіліся. Хто з іх данёс у гестапа, — ён, — зноў ківок у бок Дымара, — ці начальнік паліцыі — гэтага я не ведаю.
— Сам ты!.. Сам данёс! — раптам закрычаў Дымар. — А цяпер хочаш зваліць на мяне? Хочаш быць чысценькім? Не выйдзе!
— Не, я не чысценькі. Але я ў сорак чацвёртым прыйшоў з лесу. Вось я, судзіце. А ты дзе быў? Не я пачаў шпіёніць за Савічам. Я наогул ні за кім не шпіёніў. Я вёў справы як следчы.
— Па сутнасці, — заўважыў Сербаноўскі.
Швагераў зноў павярнуўся да Шыковіча.
— Натуральна, што Савічам занялося само гестапа. Не паспелі мы агледзецца, як усё здарылася… Пасля я даведаўся, што ў дзень налёту і смерці доктара гестапа стала вядома, што ў яго хаваецца прадстаўнік партызанскага штаба. Ад каго, якім чынам яны даведаліся пра гэта, ніхто мне не сказаў. Але, безумоўна, гэта паскорыла развязку. У паліцыі казалі, што Савіч адстрэльваўся. Сапраўды, былі забіты два гестапаўцы і тры ці чатыры ранены. Забілі Савіча ці сам застрэліўся — пра гэта маўчалі. Хто мог разявіць рот, калі афіцыйна было аб'яўлена, што доктара забілі партызаны? Пасля нашаму начальніку расказаў п'яны ад'ютант фельдкаменданта лейтэнант Крэйман, што ў часе аперацыі «Доктар» — яны назвалі гэта цэлай аперацыяй — машыны гестапа былі абстраляны з суседняга саду з аўтаматаў. Відаць, тады і былі забіты і ранены гестапаўцы. Мяркую, што гэта і навяло іх на думку аб'явіць, што Савіч забіты партызанамі. Вы пыталіся, навошта трэба была акупантам такая правакацыя? Я так думаю: баяліся прыкладу. Калі агласіць, што шасцідзесяцігадовы доктар, кіраўнік аддзела гарадской управы, вёў актыўную барацьбу, як бы гэта ўзняло дух падпольшчыкаў і ўсіх патрыётаў. А так, наадварот, магло дэмаралізаваць тых, хто быў звязаны з Савічам. Па гэтай справе я ведаю яшчэ, што лекар інфекцыйнай бальніцы Акулава…
— Вакулава, — паправіў Шыковіч.
— Мне добра помніцца, што начальнік сказаў — Акулава. А можа, і не так… Столькі прамінула год! Дык вось гэтая жанчына ў калідоры гестапа, па дарозе на допыт ці з допыту, спрабавала вырваць у канваіра аўтамат. Вядома, была застрэлена на месцы. Мабыць, гэтага яна і хацела. Такі выпадак быў не адзіны. Скатаваныя людзі кідаліся на аўтаматы.
— Швагераў, чаму ў вашых паказаннях на працэсе пра Савіча нічога не сказана?
— Ні следчы, ні суддзі, пэўна, не надалі запісцы ўвагі і не націскалі на гэты факт. А каму, грамадзянін начальнік, хацелася браць на сябе лішнюю справу? Каб атрымаць «вышку»? Ваенны час. Ваенны трыбунал. Маё шчасце, што я сам з'явіўся.
Шыковіч спытаў пра другія групы, пра правалы — хто вінаваты, хто выдаў? Дымар маўчаў. Швагераў адказваў ахвотна і, здавалася, шчыра, але не без хітрасці: стараючыся так падаць усё, каб нідзе не ўблытаць сябе. А вядома, што «паліцыя агульнага парадку» крымінальнымі злачынствамі займалася між іншым і ў большасці выпадкаў забойцаў, рабаўнікоў, зладзеяў рабіла правакатарамі, агентамі; галоўная дзейнасць паліцыі, у тым ліку і следчага аддзела, была скіравана на выкрыццё савецкіх патрыётаў, на дапамогу гестапа і СД. Таму былы следчы з надзвычайнай асцярожнасцю абыходзіў небяспечныя мясціны. Але Шыковіч і Сербаноўскі ведалі значна больш, чым думалася Швагераву; мелі магчымасць супаставіць факты, параўнаць яго паказанні з іншымі крыніцамі. Што-нішто ён усё-такі праясніў і ўдакладніў. Раскрыў, напрыклад, структуру і метады шпіянажу, даўшы Кірылу новы матэрыял для кнігі. Калі нарэшце арыштаванага адвялі, а сведка пайшоў чакаць вырашэння свайго лёсу: застанецца ён толькі сведкам ці сядзе на лаву побач з агентам, Сербаноўскі сказаў: