Шыковіч сігануў наперад, зазірнуў знізу ўгору сябру ў твар, каб пераканацца, сказаў той сур'ёзна ці жартам. Яраш глядзеў удалеч, некуды ў канец вуліцы, быццам хацеў нешта разглядзець у святле цьмяных ліхтароў.
— У нас розныя прафсаюзы. Не памірацца. У іх аднолькавыя характары. — Шыковічу спадабаўся ўласны жарт, і ён засмяяўся.
Яраш таксама хмыкнуў.
Ім адчыніла Маша.
— Ах, вы?! — здзівілася яна. — Калі ласка! — Аднак не адступала ад дзвярэй, не прапускала іх, быццам хацела адцягнуць час і даць некаму схавацца ці замясці нейкія сляды.
Шыковіч нахіліўся і жартаўліва нырнуў пад яе руку, якой яна ўсё яшчэ трымалася за адчыненую палавіну дзвярэй.
«Няўжо плётка дайшла і да яе?» — амаль са страхам падумаў Яраш.
Маша збянтэжана адступіла, і ён нерашуча ўвайшоў у калідор. З пакоя выйшла Зося. Яраш не бачыў яе больш за месяц. За гэты час яна яшчэ больш памаладзела і папрыгажэла. У добра скроеным сінім плацці, з двух'яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Як лёгка жанчыны харашэюць!
Зося выявіла шчырую радасць, збянтэжанасці ў яе не было ні кроплі. Яна сказала надзвычай проста:
— Якія вы добрыя, што не забываеце нас. Хоць зрэдку заглядваеце на аганёк. Распранайцеся. У нас ёсць чай.
Але праз адчыненыя дзверы Яраш убачыў у пакоі Тараса. Хлопец сядзеў за нізкім сталом, застаўленым чайным посудам, услухоўваўся ў галасы і крыху дзіўна ўсміхаўся. Хоць Яраш ведаў, чаму ён тут, і ў душы ўхваляў яго выбар — абы толькі сур'ёзна, але нечаканая сустрэча з сынам тут, у Зосі, збянтэжыла яго, магчыма, нават больш, чым Машу. Ён адчуў сябе як бы ў нечым вінаватым. Што сказаць Тарасу, калі зойдзе ў пакой? Як будзе паводзіць сябе Тарас? Прыйдзецца прасіць яго, каб не прагаварыўся дома, а то зноў будзе скандал.
Ад гэтай думкі зрабілася да балючасці непрыемна. Тое, што ён вымушаны рабіць з гэтага бязвіннага наведвання тайну, уніжала і абражала. А ўніжэнне для яго, гордага і незалежнага, было самай страшнай карай.
Яраш пашкадаваў, што прыйшоў сюды.
30
Грукат крана над галавой быў для Славіка цяпер як нечаканы гром для забабоннага грэшніка. Ён уціскаў галаву ў плечы, палахліва азіраўся і, калі плыла цяжкая дэталь, адступаў, а то і зусім хаваўся за высокія станіны. Ён баяўся падняць вочы вышэй крука — да шкляной будкі, у якой сядзела кранаўшчыца, «дзятлік» з востранькім носікам і вострым чубком, бо сваю чырвоную касыначку Нінка заўсёды чамусьці абпінала «домікам», ад чаго твар яе яшчэ больш завострываўся. Славік баяўся сустрэчы з ёй.
Кран панёс да ўпаковачнай гатовы станок. Яго ўрачыста суправаджалі кіраўнікі цэха і амаль уся Тарасава брыгада. Акрамя Славіка. І Генрыха. Яны былі заняты другім станком: прыладжвалі зманціраваны электрыкамі праграмны вузел. Гэтую тонкую складаную і марудную работу заўсёды браў на сябе будучы інжынер. А ў Славіка гэта была апошняя стадыя вучнёўства, набліжаўся экзамен на разрад, і трэба было, хоць збольшага, ведаць зборку ўсіх вузлоў.
Усунуўшы галовы ў люкі тумбы, яны падганялі счапленне электраматора з перадачай аўтаматычнага з'ёмшчыка дэталей.
Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Звінелі шыбы і дрынчалі незамацаваныя дэталі і ключы на станку.
І раптам усё сціхла: кран спыніўся, замёр. Славік упусціў гайкі, якія падаваў Генрыху. Спіной сваёй, што вытыркала з-пад станка, ён адчуў, што цяжкі крук павіс якраз над ім. Больш таго, ён адчуў позірк Ніны, яна высунулася са сваёй шкляной будкі і глядзіць… глядзіць на яго.
Славік уціснуўся глыбей пад станіну. Хацелася ўсяму залезці ў вузкі люк, схавацца, ператварыцца ў электравузел, каб рухаць станок, а самому нікога не бачыць, нічога не адчуваць.
Не раз за сваё нядоўгае жыццё ён чыніў шкоду. Здаралася, што колькі дзён жыў з бояззю кары. Але ніколі яшчэ ў яго не было такога страху. Агіднае і цяжкае пачуццё! Яно скавала ўсю яго істоту. Яно — як невылечная хвароба, як рак, пра які чалавек ведае і нічога не можа зрабіць для свайго ўратавання, толькі слухае, чакае, калі, як ён праявіць сябе і нанясе апошні ўдар.
Станок уздрыгнуў, як жывая істота, — кран паволі рушыў далей.
Славік стоена ўздыхнуў. Генрых сказаў:
— Пасвяці сюды.
Славік падняў вышэй «пераноску», ад яркага святла якой слязіліся вочы.
Генрых кінуў на яго кароткі позірк і рухамі штукара пачаў мацаваць маленькія гаечкі. Недасведчанаму чалавеку, які бачыць станок толькі звонку, можа здацца, што такая аграмадзіна складзена з адных вялікіх і цяжкіх дэталей. Так упачатку здавалася і Славіку. А тут ёсць дэталькі не большыя за гадзіннікавыя, асабліва ў электраабсталяванні. Між іншым, гэтая складанасць і прываблівала няўрымслівага хлопца. Каб усё было проста і аднастайна, як яму ўяўлялася па школьнаму знаёмству з заводамі, адно і тое з хвіліны ў хвіліну, з дня ў дзень, то, напэўна, даўно ўсё абрыдла б. А на зборцы заўсёды нешта новае.