Выбрать главу

— Што ў цябе з Нінай? — спытаў Генрых, працягнуўшы руку па гайкі і пракладкі.

Рабро станіны здушыла Славіку грудзі. Пракладкі прыліплі да потнай далоні.

— А-а… нічога. Ходзім у кіно…

— Ты ж не любіш яе.

— А хіба нельга так?

— Як «так»?

— Ну… разам працуем, разам гуляем.

— Я сам, стары, раней глядзеў на дзяўчат несур'ёзна. Нібы яны для адных танцулек створаны. З Нінкай нельга так, май на ўвазе. Яна не такая, як тыя… У яе ўсё сур'ёзна. І планы яе сур'ёзныя і простыя: выйсці замуж, нараджаць дзяцей… Некаторыя моднікі фыркаюць: мяшчанства. Ёлупы! Схіліце галовы! Гэта жыццё ў яго натуральным выглядзе. Самі вы мяшчане!

«Чаму ён гаворыць гэта мне? Няўжо ведае? У вочы, у вочы б яму глянуць».

Але «зайчыкі» ад яго прафесарскіх акуляраў сляпілі. І Славік — што той трусік перад кобрай. Толькі вушкамі варушыў. Куды знікла дасціпнасць, кідкасць: ты мне слова — я табе дзесяць. Ён, акулярысты чорт, здаецца, працуе, а зіркае, усё бачыць. Разбіць пераноску, ці што? Быццам незнарок.

Нарэшце Славік скінуў чары. Выскаліўся:

— Думаў, хоць адзін чалавек як чалавек. А ты — як Ходас і Тарас. Маралісты! — і завыў у вантробе станка: — Сумна жыць, Генрых!

Ён неаднойчы хіліў Варэніка на свой бок вось такімі жартамі. У яго і Косці найлепшае пачуццё гумару.

— Думаеш, калі сапсуеш камусь жыццё, табе стане весялей?

— А каму я псую? Пайшлі вы ўсе…

Хвілін праз колькі Тарас накіраваў яго ў склад па дэталі. Славік напусціў на сябе такую бестурботнасць і весялосць, каб нікому і ў галаву не ўлезла, што ў яго штось нядобрае на душы.

Ён ішоў паміж станкамі, як па лесе. Насвістваў. І раптам з-за станка — яна, Нінка. Носік — чырвоны, вочы — злыя.

— Славік!

Ён спалохана азірнуўся.

— Такая цана тваім словам? Дзе твае вочы бессаромныя? Цяпер табе нічога не трэба? Ведай жа: або на сябе рукі налажу, або цябе станінай прыдушу. Цяпер мне ўсё адно не жыць. — Яна ўсхліпнула.

А побач, за станком, — галасы. Здаецца, начальнік цэха.

Славік схапіў яе за руку.

— Чаго ты? Дурная, дурная… У мяне проста часу няма. Я на падрыхтоўчыя курсы ў політэхнічны паступіў. Кожны вечар… Ну добра. Сёння, сёння…

Ішоў знаёмы рабочы, і Славік, узрадаваны, пакінуў дзяўчыну і закрочыў побач з ім. Расказваў новы анекдот. Хацеў смяяцца. Выціскаў з сябе смех, бо ўсё скаваў страх, новы, невядомы. О, жорсткае жыццё! Ніякай радасці і гэтулькі пакут! Ён праклінаў той час і міг, калі яму прыйшла ў галаву гэтая дзіўная думка — пазабаўляцца з ёй, адпомсціць за свой спалох у першы дзень.

Месяц ён вадзіў яе ў кіно, у тэатр і гаварыў, гаварыў, гаварыў. Пра ўсё на свеце ён ведаў. Заходзіў проста ў інтэрнат, пакідаючы ў строгай каменданткі свой заводскі пропуск. Сяброўкам яе па пакоі падабаўся: вясёлы. Адны, праўда, папярэджвалі: «Ой, глядзі, Нінка, загаворыць ён цябе». Другія падбадзёрвалі: «Хапай, Нінка, на ляту. Закруці яму галаву. Чаго на свеце не бывае! Вунь Лідка за інжынера выскачыла. Цяпер вітацца, зараза, не хоча».

Яна ведала, што не вызначаецца прыгажосцю. Але дзявочае сэрца перамагло розум, нараджаючы адвечную наіўную ілюзію. Хіба адны прыгожыя падабаюцца? Славік пакарыў тым, што не саромеўся паказацца з ёй на людзі — у кіно, у тэатры, знаёміў са сваімі знаёмымі, прыгожа апранутымі хлопцамі і дзяўчатамі, і рабіў гэта, здавалася ёй, з гонарам. Для простай дзяўчыны, якая была яшчэ ў палоне вясковых уяўленняў, гэта з'яўлялася найвышэйшым доказам яго кахання. Магчыма, было і другое: цяга чалавека, які жыў у беднасці і нястачы, да прыгажэйшага, вышэйшага, лепшага.

У тую нядзелю ён з'явіўся ў інтэрнаце раніцай і запрасіў яе на дзённы сеанс. А калі выйшлі з кіно, прапанаваў зайсці да яго дадому. Нінка на міг сумелася, але не ўтрымалася ад спакусы паглядзець, як ён жыве. Увогуле, як жыве пісьменнік? Хіба гэта не цікава? Адначасна мільганула патаемная дзявочая думка, што хлопец хоча паказаць яе сваім бацькам. Славік не прызнаўся, што дома нікога няма. Бацькі разам з Ярашамі паехалі на дачу садзіць нейкія адмысловыя дэкаратыўныя кусты, па якія «стары конь» ездзіў ажно на Ўкраіну. Іра з курсам у калгасе, паехалі выбіраць бульбу.

Славік адчыніў дзверы і сам «здзівіўся», што ў кватэры ніводнай душы жывой. Ён паказаў ёй бібліятэку, бацькавы кнігі. Потым уключыў радыёлу і ўсё ставіў «нярасейскія пласцінкі». Пад гукі прыгожай і незразумелай музыкі выставіў на стол доўгую і тонкую пляшку, таксама не нашу. Віно Нінцы не спадабалася — кісляціна. Але яна ведала, што ўсе інтэлігенты п'юць чамусьці кіслае, а не смачнае салодкае віно, а таму асушыла два высокія келіхі. І ёй стала хораша і весела. Яна сама прапанавала: