Падфарбоўваючы губы (яна, як і ўсё іншае, рабіла гэта ўмела і з пачуццём меры), Маша сыпала ў люстра іскры смеху.
— Тугадум ты, Тарас. І ўвогуле — мядзведзь. Я здзіўляюся… Рос ты ў горадзе, у такой інтэлігентнай сям'і. Каб ты пабачыў, дзе расла я! — Але сказала яна гэта не са скаргай, а з гонарам і радасцю: расла ў бядзе, а вырасла вось якая, любуйцеся!
Зося пажартавала:
— Але. Цяжка паверыць, што ты не панскага роду. Каб я не бачыла твае маці…
І тут жа зразумела, што сказала недарэчы. Машын твар у люстры адразу змяніўся, дзяўчына цяжка ўздыхнула:
— Мая маці! — І, як бы спалохаўшыся нечага, кінула фарбу, падхапілася, сказала Тарасу: — Пайшлі, мой верны рыцар. — Падбегла да Зосі, абняла, пацалавала ў шчаку: — Прабач. І не сумуй без нас.
У фае Тарас неспадзявана для сябе ўбачыў Славіка… з Нінай.
Славік спачатку аслупянеў. Ён знарок пайшоў не ў цэнтральны, а ў гэты новы, у Залінейным раёне, кінатэатр, дзе бадай выключалася сустрэча са знаёмымі. І раптам на табе. Ды з кім! Ён гатовы быў збегчы куды хочаш, калі Тарас і Маша рушылі да іх. Але схавацца немагчыма, людзей было яшчэ нямнога. Ды і зусім іншае пачуццё спыніла — зачараванасць Машай. Ён даўно не бачыў яе. І калі, пасля сувязі з Нінай, вобраз яе зноў завалодаў яго марамі, то ён часам, каб супакоіць сябе, думаў, што яму толькі ўяўляецца, што яна такая незвычайная, прыгожая, а ў сапраўднасці ўсё хараство яе — выдумка яго ўзбуджанай фантазіі. Аж не. Не! У новым адзенні, недарагім, але элегантным светла-шэрым варсістым паліто і ў кашлатай высокай зімовай шапцы, з-пад якой выбіваліся яе залатыя валасы, яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым у тую першую сустрэчу на дачы, чым нават уяўлялася ў бяссонныя ночы. Ён проста аслеп ад ззяння яе вачэй, аглух ад яе голасу, непараўнальнага ні з якім другім, задыхнуўся ад непаўторнага, адной ёй уласцівага водару. Ён пачуў гэты прыцягальны водар яе цела, валасоў, вопраткі яшчэ здалёк. Яна смяялася. Яна казала нешта Тарасу. Ён не чуў. Аглушыла і асляпіла яшчэ адно — хваля рэўнасці да свайго брыгадзіра.
Не ён, а Тарас пазнаёміў дзяўчат. Маша не аглядала Ніну з той крыху зняважлівай цікаўнасцю, з якой аглядалі некаторыя Славікавы сябры. Не, яна, выхаваная жыццём і бальніцай, ніколі не раздзяляла людзей на нейкія катэгорыі, а тым больш не меркавала пра іх па вопратцы, па знешнасці. Але і яна глянула на Славіка са здзіўленнем. Яе здзівіла не Ніна. Яе здзівіў Славік. І ён убачыў гэта і зразумеў. З тае хвіліны ён бачыў усё — кожны яе рух, кожную іскру ў вачах, ледзь прыкметную ўсмешку і пералівы ценяў на твары. І ўсё разумеў з незвычайнай, неверагоднай, проста-такі мефістофельскай праніклівасцю.
Яму хацелася закрычаць ад роспачы, укусіць самога сябе, калі ўбачыў іх побач, параўнаў. Просценькі, зямны, мізэрненькі «дзятлік» з пачырванелым носам — і Маша!
Калі хвіліны ўтрапення мінулі і Славік вярнуў сваю самаўпэўненасць і дасціпнасць, ён кінуўся як у вір, як матыль на агонь. Запрасіў усіх у буфет. Частаваў з купецкім размахам. Талерку эскімо. Ешце, хоць пуза расперажыце. Паўкіло «Мішак».
Як? У гэтым буфеце яшчэ знайшлося шампанскае? Ура гаргандлю! Давайце шампанскае!
Пратэставаў Тарас. Сарамліва адмаўлялася Нінка. Ён прымушаў іх сілком есці і піць. Ён быў падкрэслена ўважлівы да ўсіх. Але ў сапраўднасці нікога для яго не існавала, акрамя Машы. Уся шчодрасць, усе жарты, усе словы, смех — для яе адной, толькі для яе.
Тарас нахмурана маўчаў. Хутка пачала разумець і Ніна, што да чаго. Прыгледзелася, прыслухалася — і стала відушчая. Дурная, дурная! Як яна магла падумаць, што Славік пакахаў яе? Спадзявалася, верыла, марыла. Хіба так кахаюць! І хіба такая, як яна, простая кранаўшчыца, патрэбна яму? Яму вось якая краля трэба! Модная, нафарбаваная! Абражаная, пакрыўджаная, Нінка, якую спачатку Славікавы жарты смяшылі, сцішылася, замкнулася, адступіла за круглым столікам ад Славіка да Тараса. Пашкадавала брыгадзіра: перажывае. Сябе не шкадавала. Сябе карала: так табе і трэба, авечка! Кіўнуў табе пальцам, і ты пабегла следам. Як на экране кіно, хутка змяняліся пачуцці, выбухалі адно за адным то боль, то бязгучны горкі смех, то роспач, ад якой хацелася па-бабску завыць на ўвесь буфет, на ўвесь кінатэатр. Не, яна трымалася. Яна ніводным рухам не выдасць сябе. А вось яны… яны страцілі ўсялякі сорам.
— Праўда. Мне штоноч сняцца марсіянкі. Яны падобныя на цябе.
— Я ўжо чула пра гэта. Ты не арыгінальны.
— А што ў гэтым свеце арыгінальнае? Мой бохан неяк сказаў адзіную разумную ісціну: усё новае — даўно забытае старое.