Выбрать главу

— Гэта вы самі надумалі? А ў Наташы вы спыталі? А ў Віці?

Яны, Наташа і Віця, разумелі, што падслухоўваць чужыя размовы нядобра. Спальня — найбліжэйшы пакой ад кухні, і яны мімаволі пачулі першыя словы маці. Каб больш нічога не чуць, яны, не згаворваючыся, падняліся і перайшлі ў бацькаў кабінет — самы ізаляваны пакой. Селі там, адно — на канапе, другое — у крэсле, і моўчкі сядзелі. Не чыталі, не размаўлялі, нават не маглі чамусьці паглядзець адно аднаму ў вочы, быццам саромеліся. Проста чакалі, як у прыёмнай бальніцы ці суда. Доўга чакалі. Можа, праўда саромеліся за маці? Ці шкадавалі яе?

Калі нарэшце Тарас вярнуўся, яны паглядзелі на яго з надзеяй, з запытаннем. Наташа нават саскочыла з канапы і памкнулася насустрач. Тарас усміхнуўся ім знясілена, але паабяцаў з ранейшай упэўненасцю:

— Я іх паміру.

34

— …Не, скажы, верыў ты, што Савіч наш чалавек? Хоць як можна было не верыць!..

— Ты не ўяўляеш усёй складанасці барацьбы.

— Дапусцім, што акрамя цябе ёсць людзі, якія таксама ўяўляюць гэтую складанасць. Вярнуўшыся ў брыгаду, ты сказаў, у каго хаваўся ў горадзе?

— Не.

— Чаму?

— Тваё пытанне наіўнае. Ты думаеш, што гэтым прызнаннем я мог бы рэабілітаваць Савіча? Хто б мне паверыў? Я дзесяць дзён прабыў у горадзе і трапіў у час, калі нічога нельга было зрабіць, калі ішлі арышты, правальваліся яўкі. Пасля гэтага я прыйшоў бы і паведаміў: мяне хаваў Савіч, якога забілі падпольшчыкі, а немцы з пашанай пахавалі. А можа, цябе хавала СД, спытаў бы, відаць, кожны партызан. Дакажы, што ты не лысы. Ты забываеш, які быў час.

— Карацей кажучы, ты пабаяўся.

— Ну пабаяўся, пабаяўся! Калі табе так хочацца, каб я сказаў гэта слова. Я эвакуіраваў горад — не баяўся. Адступаў да Масквы — не баяўся. Мяне паслалі назад у тыл — я не баяўся, не бегаў па камісіях, як другія. Ні разу не скакаў з парашутам — скочыў у ноч, у балота, пад бокам у нямецкага гарнізона. Вадзіў людзей на аперацыі — не баяўся. Пайшоў у горад на сувязь, каб наладзіць разбітае падполле, — не баяўся. Ну не выйшла, як хацелася, не атрымалася…

— Не крычы. І не бразгай сваімі медалямі. Тое, што рабіў ты, рабілі тысячы, мільёны… Мы выконвалі свой абавязак.

— Але, я пабаяўся. А другія не баяліся?! Усе, хто перажыў трыццаць сёмы! Адна справа памерці ад кулі ворага. А памерці ад рук сваіх таварышаў, аднадумцаў, адчуваючы, што ты ні ў чым не вінаваты… Ты ўяўляеш? Ты думаў калі-небудзь пра гэта?

— Думаў. І цяпер зноў падумаў, як адчувала сябе Соф'я Савіч, калі пасля фашысцкага канцлагера трапіла ў Сібір.

Паўза. Гучна, з лёгкім меладычным звонам адбіваў секунды вялікі медны маятнік стаячага гадзінніка. Астматычна дыхаў адзін з двух, што прысутнічалі ў кабінеце.

— Я думаў і бачыў многа разоў, як ішлі на смерць, каб ратаваць таварыша. І я гэта разумеў. А вось такі данос на людзей, якія ратавалі цябе, — гэтага я зразумець не магу.

— Ну, змаладушнічаў! Я ж не хаваю. Я напісаў пра гэта ў тлумачальнай запісцы. Прызнаюся табе. Так, пабаяўся, што прыйдзецца займацца старой гісторыяй, даказваць… Нічога ж не змянілася ў сорак пятым, ты ведаеш.

— Мы перамаглі фашызм, і нічога не змянілася?! Для цябе нічога не змянілася?

— Цяпер лёгка разважаць.

— Ну добра, тады ты пабаяўся. Дрыжаў за сваю скуру…

— Я прашу…

— Чаго там «прашу»! Не іграй святую невіноўнасць. Дрыжаў, як апошні баязлівец. Страціць партызанскую славу, кар'еру — вось чаго ты баяўся. Але прайшло дзевяць год, як яго няма, няма Берыі. Амаль шэсць год пасля дваццатага з'езда. Партыя сказала такую праўду! На ўвесь свет. Чаму ж ты не сказаў праўды пра сябе, пра другіх? Дзеля чаго, у імя якой ідэі ты хаваў яе?

— Гэта што, допыт?

— Я не прасіў цябе. Ты прыйшоў сам, каб «раскрыць душу», параіцца.

— Я не думаў, што ты так настроены. Мы з табой разам разбіралі справы некаторых з тых, хто пісаў даносы ў трыццаць сёмым. Мы былі аб'ектыўнымі.

— Мы разбіралі кожны канкрэтны выпадак. Хоць не скажу, што не праяўлялі часам лібералізму. Між іншым, некаторых з іх браў пад абарону ты. З пазіцый высокага гуманізму. А Шыковіча хацеў выключыць за ўчынак сына.

— Падбіраеш факты?

— Не. Проста прыгадваю. Факта даволі аднаго. Якія яшчэ патрэбны факты?

Зноў паўза. Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём. Нервовыя цяжкія крокі.