Выбрать главу

— Дайце спачатку нам самім пагутарыць з ім. У брыгадзе.

Вера падазрона прыжмурылася.

— Хочаце выпрацаваць тактыку, як абараняць свайго любімчыка? Ой, глядзі, Ганчароў, зацягне ён цябе ў балота!

Славік і Генрых прыйшлі апошнія: даўжэй другіх мыліся ў душы; любілі паплёскацца. Генрых ведаў, з якой мэтай збіраецца брыгада. Ён, як і Ходас, адразу паверыў, што Славік мог зрабіць подласць, і ўзлаваўся на гэтага «безадказнага шчанюка». Яны разам працавалі — на зборцы аўтаматычнага дэталез'ёмшчыка. Славік, як ніколі, быў уважлівы і старанны. «Асісціраваў» без адзінай памылкі. Гэтае яго ўменне яшчэ больш злавала «прафесара». Няўжо ўсе іх спадзяванні і намаганні дарэмныя? Няўжо не будзе чалавека? Генрых дзіўна гасіў сваё абурэнне і выдаваў свой настрой: увесь час, ад абеду да канца змены, бурчаў словы адной і той жа песні:

Миленький ты мой, возьми меня с собой И в той стране далекой зови меня женой.

Славіку песня спачатку падабалася, потым пачала раздражняць.

— Бабская песня, — сказаў ён.

— Бабская, — згадзіўся Генрых.

Славік зразумеў, што сабраліся гаварыць пра яго адразу ж, як толькі ўвайшоў у пакой інтэрната. З якой прычыны?

Паважнай хадой «кіруючага таварыша» — Славік навучыўся перадражніваць гэтую паходачку — крочыў па пакоі Іван Ходас, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні штаноў. Косця заваліўся на свой ложак, прытуліўшыся патыліцай да сцяны — да фатаграфій кінаактрыс, і, чырвоненькі, узбуджаны, зіркаў сваімі цыганскімі вачамі на Івана. Відно было, што яны пасварыліся. Тарас і Лапацін сядзелі за сталом. Лапацін з дзіцячай цікавасцю разглядаў маленькую штучную елачку, круціў у руках, асцярожна дакранаўся да кожнай мініяцюрнай цацачкі.

— Скажы, калі ласка! Косця! Колькі каштуе?

— Сто рублёў.

— Маніш. Толькі што гаварыў — трыццаць. Але і трыццаць — дорага. — Пасля таго як Вера нарадзіла сына, Васіль стаў надзіва ашчадны.

«Знарок цягнуць», — падумаў Славік. Яго неаднойчы прабіралі ў школе, на студыі, у брыгадзе. Але ніколі ён не адчуваў сябе так кепска. Ён ненавідзеў сябе за гэтую незразумелую боязь. Загадваў сабе быць дзёрзкім і смелым. Але калі казаць шчыра, то таксама ўпершыню ўсумніўся, што здолее быць такім.

Генрых падышоў да этажэркі, узяў нейкую кніжку, разгарнуў і зноў ціха заспяваў:

Миленький ты мой, возьми меня с собой И в той стране далекой зови меня чужой…

Славік узарваўся:

— Не вый! — Але спахапіўся і сказаў да ўсіх з усмешкай, быццам бы жартам: — Што вы паселі, важныя, як суддзі? Судзіце.

— І а-су-дзім, — пагрозліва, з націскам, праз зубы працадзіўшы склады, адказаў Ходас. Спыніўся перад Славікам, выцягнуў з кішэні сціснуты кулак. — Брыгаду ганьбіць не дамо!

— Хлопцы, няўжо трэба псаваць настрой перад Новым годам? — зморшчыўся Косця, просячы вачамі ўсіх, каб яны былі больш далікатныя, не сварыліся. Адкуль столькі чуласці і дабраты ў гэтага хлопца!

— Ён, можа, жыццё чалавеку сапсаваў, а не настрой! — крыкнуў Ходас. — А ты — добранькі!.. Хрыстосік!..

У Славіка захаладала ўсяродку. Пад нагамі, здавалася, калыхнулася падлога.

Вось яно, прыйшло… Няўжо Нінка зацяжарала і пра ўсё расказала? О жах! На лбе выступіў пот. Здрадны пот. Выцерці? Не. Славік паварушыў пальцамі і адчуў, што яны зліпліся, быццам іх вымазалі смалой.

— Чакай, — спыніў Тарас Ходаса, які пачаў быў ужо гаварыць гнеўную прамову, і спакойна спытаў у Славіка: — Скажы нам шчыра, што ў цябе з Нінкай. Дзяўчына плача начамі…

«Значыцца, не скардзілася, а толькі плача, — узрадаваўся Славік. — Тады — адмаўляць. Усё адмаўляць! Не здавацца! Наступаць!» Ён даўно ўжо пераканаўся, што лепшая форма абароны — наступленне. І закрычаў:

— Ты ўжо пытаўся ў мяне пра гэта. І я табе адказаў. І табе адказаў! — тыркнуў Славік пальцам у Генрыха. — Шчыра. Чаму вы не верыце мне? Крычыце пра веру ў чалавека, а самі… Лезеце ў душу, дзе трэба і не трэба…

— Не, дзе трэба! Дзе не трэба — не лезем, — адказаў Тарас і папрасіў ветліва: — Не гарачыся, калі ласка.

А Генрых з узнятай кнігай ступіў да Славіка і сказаў са сваёй звычайнай разважлівасцю:

— Па маралі мяшчанскай мы, відаць, сапраўды не маем права лезці ў душу, як ты кажаш, калі справа датычыць тваіх адносін з дзяўчынай. А па маралі нашай, я думаю, мы маем гэтае права. Абавязаны, Косця! — павярнуўся «прафесар» да Косці і… сунуў яму ў рукі кнігу, невядома навошта.

— А ён плюе на нашу мараль! — ніяк не мог супакоіцца Ходас. — У яго свая, брадвейская… Выхоўваем… Даўно пара гнаць!