Выбрать главу

Яраш баязліва адступіў.

— Мне — не да тваіх жартаў.

— Ну, чорт з табой.

— Дзякую. Ты што замочваў учора?

— А што табе! Прэсны мараліст!

Павярнуўся і пайшоў па доўгім калідоры. Можна было падумаць, што яны пасварыліся. Але Яраш глядзеў услед сябру з добрай усмешкай, як часам глядзіць дарослы, шчыры і душэўна багаты чалавек на капрыз здольнага падлетка. Крыкнуў:

— Перадай маім, што і сёння я не прыеду.

Шыковіч павярнуўся, адсалютаваў рукой. Гэтая кароткая, крыху дзіўная сустрэча з сябрам, як кажуць, «паставіла Шыковіча на рэйкі». А ўсё тое, што ён убачыў і перажыў учора, сапраўды надало энергіі, імпэту.

І Кірыла зноў кінуўся на пошукі.

…Тыдні два назад ён заходзіў у КДБ. Падпалкоўнік Вагін, высокі брунет, на выгляд зусім малады («Відаць, толькі з камсамола», — падумаў Шыковіч), прыняў ветліва. Здаецца, нават узрадаваўся знаёмству з пісьменнікам. Адразу пачаў гаворку пра літаратуру, паказваючы сваю начытанасць. Паведаміў сціпла, быццам між іншым, што сустракаўся з Шолахавым. Шыковіч у думках адзначыў, што амаль усе афіцэры, з якімі яму прыходзілася страчацца, хваліліся сваім знаёмствам з выдатным пісьменнікам.

Выслухаўшы просьбу Шыковіча — пашукаць у спецархівах матэрыялы аб дзейнасці патрыётаў і здраднікаў у іх горадзе ў час акупацыі, — Вагін шчыра загарэўся. Расказ пра падполле, пра першы гарком, групы Мельніка і Дубецкага, пра Вараву, Ганчарова, цётку Любу, Яраша і, нарэшце, пра Савіча ён выслухаў з вялікай цікавасцю. Чалавек новы ў горадзе, малады і цікаўны не толькі па абавязку службы, але і па прыродзе сваёй, ён, як губка, убіраў усё, што ўзбагачала яго веданнем людзей і абставін. А справа Савіча — здалося Шыковічу — проста-такі захапіла кіраўніка абласной дзяржбяспекі. Ён тут жа выклікаў капітана, бадай разы ў два старэйшага за сябе, пасівелага і ссутуленага.

Шыковіч, які стараўся запомніць усе дэталі паводзін работнікаў, пільна прасачыў, як капітан увайшоў. Не выцягваўся, не дакладваў. Аднак па-вайсковаму спыніўся каля парога, сказаў:

— Слухаюся, Андрэй Астахавіч.

— Сядайце, Анатоль Барысавіч, — запрасіў падпалкоўнік і, калі той наблізіўся да стала, спытаў: — Знаёмы?

Капітан кіўнуў Шыковічу галавой, але рукі не працягнуў. Сеў у крэсла насупраць, нязграбна неяк сеў, яшчэ больш згорбіўся і разглядваў свае вялікія мазолістыя, як у дрывасека, далоні, сашчапіўшы пальцы.

«Чаму ў яго такія рукі?» — падумаў Шыковіч.

Вагін сам пачаў выкладаць сутнасць просьбы нечаканага наведвальніка. Кірыла здзівіўся, што падпалкоўнік адразу запомніў прозвішчы людзей.

«Зайздросная памяць».

Капітан, здавалася, не слухаў — думаў пра нешта сваё, абыякавы да ўсяго на свеце. Разы два падняў вочы, але былі яны халодныя — ніводнай іскры цікаўнасці. Шыковіч ведаў гэтага чалавека, хоць знаёмы не быў. Нехта некалі яму сказаў, што гэты сівы капітан працаваў у іх горадзе яшчэ ў трыццаць сёмым годзе. І Кірыла адчуў цяпер непрыязнасць да яго.

Перапыніўшы начальніка, Шыковіч сказаў:

— З тых, што супрацоўнічалі з акупантамі, мяне больш за ўсё цікавіць Савіч.

Капітан падняў вочы і кароткім позіркам вопытнага следчага як бы прасвяціў Шыковіча.

— У якім сэнсе?

— Ёсць у мяне ўпэўненасць, што доктар памёр сумленным савецкім чалавекам.

— Доказы, здагадкі?

— І тое і другое. Трэба дакументальнае пацвярджэнне.

— Вы думаеце пісаць раман ці займацца пасмяротнай рэабілітацыяй?

— А вы лічыце, што гэта несумяшчальна? — спытаў Шыковіч. — Я хачу напісаць аповесць, якая была б праўдзівым дакументам… Народ павінен ведаць і герояў і здраднікаў.

Капітан паглядзеў на свайго начальніка. Той хораша ўсміхнуўся.

— Вы ведаеце, што ў горадзе жыве дачка Савіча? — спытаў пасля паўзы капітан.

— Ведаю. — Кірыла хацеў быў расказаць, што яна ў бальніцы і ёй будзе зроблена вельмі складаная аперацыя, якая можа скончыцца трагічна; нават Яраш не дае гарантыі.

Але капітан раптам падняўся, звяртаючыся да свайго начальніка ўжо больш афіцыйна, па-вайсковаму:

— Зраблю, таварыш падпалкоўнік, усё, што можна.

І на развітанне зноў толькі кіўнуў галавой. У той міг Шыковіч падумаў пра яго інакш. Калі Сербаноўскі гэтулькі год у органах і, як відаць, карыстаецца павагай маладога начальніка, то вельмі можа быць, што гэта адзін з сапраўдных чэкістаў.

Шыковіч званіў Сербаноўскаму два разы. Той адказваў: «Пакуль што нічога цікавага няма».

Кірыла не стаў больш званіць, а проста з бальніцы рушыў у камітэт.

Капітан сядзеў адзін у даволі вялікім ценявым пакоі — старыя ліпы засланялі шырокія закратаваныя вокны. Калі Шыковіч увайшоў, Сербаноўскі спачатку паклаў у вялізны сейф нейкія паперы, з якімі, відаць, працаваў, і толькі тады прывітаўся за руку.