Выбрать главу

— Плясні ты яго, Васільевіч. Няхай не гаўкае. Артыкул яго блытаны…

Але Шыковіч не чытаў артыкула, не да газеты яму было ўчора. Ды каб і чытаў, то ўсё адно не выступіў бы: пасля аперацыі, гаркома, размовы ў КДБ яму здавалася: не на тое, на што трэба, ён часта траціў сілы і энергію. У сорак пяць год усвядоміць гэта — не вельмі прыемна.

Выступіў Парэчка, па-юнацку ўлюбёны ў свайго кансультанта. Счапіліся з Рагойшам.

Жывіцкаму прыйшлося «ліць халодную ваду». Асцярожны рэдактар, добры чалавек, ён не любіў сварак у калектыве. З-за гэтай дабраты з яго ўпотай кпілі, але ўвогуле паважалі.

Маўчанне Шыковіча на лятучцы ўсіх здзівіла. Звычайна ён кідаў трапныя жарты.

Рэдактар тут жа, плануючы будучыя нумары, папрасіў яго з'ездзіць у раён, даць нарыс пра лепшага камбайнера.

Застаўшыся пасля лятучкі, Кірыла адмовіўся ад задання.

Жывіцкі разгубіўся.

— Ты што, нездаровы?

— Не. Захоплены другой работай.

— Шкада. Вельмі шкада.

— Я дам у суботні нумар апавяданне.

Жывіцкі любіў прозу і не любіў вершаў. З Парэчкам, які кожны дзень адкрываў новых паэтычных геніяў, у яго ішлі бясконцыя баталіі.

Кірыла паспрабаваў працаваць — правіць матэрыял. Але ўсё здавалася сумным, непатрэбным — і чужое і сваё. У галаве круціліся нейкія «касмічныя думкі», далёкія і ад газетных матэрыялаў і ад справы Савіча. Мабыць, ён доўга сядзеў нерухома, бо Парэчка, які працаваў за суседнім сталом, раптам прапанаваў:

— Давай махнём на раку, Васільевіч. Будзе навальніца. Люблю навальніцу на лузе! І клёў будзе. Вось пабачыш.

Кірыла паглядзеў у акно і ўбачыў, што неба, яснае з раніцы, завалакла бела-попельная смуга. Аднак сонца, да ненатуральнасці абстрактна-жоўтае (на яго можна было глядзець без акуляраў), пякло зямлю па-ранейшаму. Было ціха і душна. Вяла лісце на маладых ліпах, прасіла піць.

«Але, будзе навальніца. І, магчыма, пачнуцца дажджы. Заўсёды, калі ў разгары ўборка, пачынаюцца дажджы. Сельскай гаспадарцы проста не шанцуе», — падумаў Кірыла і пашкадаваў, што адмовіўся ад паездкі ў раён; ён заўсёды адчуваў сябе як бы вінаватым перад людзьмі сяла і пісаў пра іх многа, з любоўю.

«А можа, праўда, паехаць на луг, пад стагі? І да ніткі вымакнуць пад дажджом».

Але тут жа прыйшло адчуванне, што ён не зрабіў нечага вельмі важнага. Не адразу нават зразумеў — чаго. А зразумеў — кіўнуў загадчыку аддзела:

— Пачакай мяне, — і знік за дзвярыма.

Няхай што хочуць думаюць пра яго, абы дазволілі паглядзець справу Савіча.

Вырашыў пагутарыць з Тужыкавым. Праўда, ён — тугадум, як той анекдатычны фін, — на пытанне, якое задалі раніцой, адкажа ўвечары, але затое аб'ектыўны і разумны.

У калідоры гаркома Кірыла неспадзявана сустрэўся з Тарасавым. Прывіталіся.

— Ну, як — вычухаў? — спытаў сакратар як быццам жартаўліва, але без усмешкі.

— Што?

— Галавамойку. Не апеліруй. Другім дасталося больш.

— А я і не меў намеру апеліраваць, — адказаў Шыковіч і падумаў: «Ну, вось, я так і ведаў».

Дайшлі да дзвярэй прыёмнай. Спыніліся. Тут Тарасаў адчуў, што Шыковіч, які пры сустрэчы неяк даверліва пацягнуўся да яго, раптам, пасля гэтых слоў, быццам палез у панцыр. Сакратар падумаў пра сябе: «Гэтыя ўмоўнасці, згары яны, мімаволі робяць нас бюракратамі. Інстанцыя, дыстанцыя… А пасля глядзіш: усё па форме правільна, а па сутнасці… Нялёгка нам вяртацца да ленінскага стылю», — і шчыра запрасіў, адчыніўшы дзверы:

— Заходзь — пагутарым.

На нейкі момант Шыковіч застыў у нерашучасці — ісці ці не ісці? Пра што ён мае намер гутарыць са мной? Зноў пра сына?

Тарасаў зразумеў, чаму ён вагаецца. Пажартаваў:

— Не бойся. Маралі чытаць не буду.

Ужо ў кабінеце, скінуўшы пінжак і расслабляючы гальштук, спытаў:

— Каго там з тваіх блізкіх аперыравалі? Мне Ларыса Пятроўна сказала.

І Шыковіч пачаў расказваць усё з яшчэ большымі падрабязнасцямі, чым раніцой расказваў Сербаноўскаму, — пра Савічаў, бацьку і дачку, пра падпольшчыкаў, імёны якіх раней нідзе не ўпаміналіся, пра свае здагадкі, меркаванні, пра суб'ектыўнасць кнігі Гукана. «Вось яно што, — падумаў Тарасаў, прыгадаўшы, як Гукан выступаў на бюро. — Зразумела. „Старому“ нялёгка адмовіцца ад старых поглядаў. Яму здаецца, што ён адзін усё сказаў. І хочацца любымі сродкамі збіць з тропу гэтага няўрымслівага чалавека, свайго сааўтара, які можа ўсё перавярнуць дагары нагамі. Метад той. Але час не той, Сямён Парфёнавіч».