У шасьцідзясятыя Фэдэль стаў ахвярай дзьвюх вялікіх паводак: неяк уначы Эльба затапіла вуліцы так, што жыхары ратаваліся на дахах, маркотна пазіраючы адтуль на паплаўкі аўтамабіляў — былі і чалавечыя ахвяры; а яшчэ тут пачалі масава сяліцца гастарбайтэры. Танна, блізка ад цэнтру, хай сабе і ня надта камфортна. Эльбу хутка ўтаймавалі, а вось ацаніць належным чынам маштабы другой паводкі ніхто ня здолеў. Айцы гораду і дзяржавы думалі, што гастарбайтэры зробяць сваю працу і зьедуць, шчасьлівыя, з заробкам у дойчмарках у кішэні. Але гастарбайтэрам спадабалася ў Нямеччыне, і яны засталіся. У сямідзясятых пачаўся масавы адток немцаў з Фэдэлю. Яны вельмі хутка сталі тут меншынёй. Фэдэль стаў выспай гастарбайтэраў, час ішоў зусім іншы, ніхто не замыкаў іх за брамамі і не кантраляваў. «Падрапаныя дзьверы, разьбітыя вокны, сьмецьце на вуліцах, душ на гарышчы, прыбіральні на лесьвічных пляцоўках, шумныя суседзі, дзеці якіх дурэлі ў дварах да позьняй ночы, за вокнамі краны гавані, шаша і аўтабан — вось якім паўставаў Фэдэль у вачох гамбуржцаў», піша гісторык. Гэта ўсё яшчэ апісана даволі далікатна: Фэдэль быў крыміналізаваны да такой ступені, што тут сярод белага дня рэзалі як людзей, так і бараноў. Дадамо сюды нежаданьне вучыць мову, поўную пагарду да нямецкіх законаў, перацягваньне ўсіх сваіх сваякоў уключна са стрыечнымі прабабулямі ў зьнятыя два з паловай пакоі… Так працягвалася да канца дзевяностых, калі за Фэдэль нарэшце ўзяліся, пачысьцілі і зрабілі месцам, дзе ахвотна селяцца ня толькі рабочыя, але і студэнты, багема, і, вядома, замежнікі, якіх тут больш за палову насельніцтва — усе, каго прытуляе Гамбург і хто ня хоча жыць у прыгарадзе, але недастаткова багаты для цэнтру. Як і раней, тут адбываецца кругазварот мэблі ў прыродзе: як толькі адны выкідаюць яе проста перад домам, на кожную канапу і на кожнае крэсла знаходзіцца па некалькі ахвотных, што ўжо чакаюць у засадзе ля сваіх пакрытых павуціньнем вокнаў; як і раней, тут хутчэй сустрэнеш турка, афрыканца, паляка, чым немца; як і раней, тут ноччу даволі небясьпечна хадзіць аднаму. Але Фэдэль праяўляе амаль шабаноўскую хітрасьць: яго стракатасьць і хаос абвешчаныя мультыкультуралізмам, па пэрымэтры драцяной агароджы, якая, як высьветлілася, служыла мытнай мяжой, намалявалі сымбалічную лінію разрэзу і мноства нажніцаў. Фэдэльскі бруд абвясьцілі маляўнічасьцю, яго беднасьць — гордай багемнасьцю, а яго шум — прыкметай інтэнсіўнасьці разьвіцьця. Свае былыя мінусы Фэдэль зрабіў фішкай: як-ніяк, Балінштат знаходзіцца менавіта тут — і няхай гэта ўсяго толькі сымбаль, але ён дзейнічае. Фэдэля ўжо не баяцца — тут жывуць. А пара кропляў бруднай вады на джынсах — лічы гэта ініцыяцыяй. Шабаны не знайшлі гэтай фішкі. Інакш здарылася б непапраўнае. Я люблю толькі затанулыя караблі.
36.
На Аўтазаводзкай да мяне прычапіўся нейкі тып у кепцы — я даў яму цыгарэту, і ён спыніўся пад ліхтаром, разглядваючы чамусьці яе на сьвятло. Ня ведаю, адкуль ён ішоў: магчыма, толькі што пакінуў цёплую кватэру і чакаў, пакуль пачнуць хадзіць першыя аўтобусы; а можа, вяртаўся зь якога начнога дзяжурства. Дый не было ў мяне ніякага жаданьня ведаць, хто ён і што рабіў тут у такі раньні час, я не адчуваў патрэбы ў спадарожніках. Я спадзяваўся, што ён адстане ад мяне, і прысьпешыў хаду — але ён дагнаў мяне на Енісейскай, я чуў, як ён тупае за сьпінай. Напэўна, яму хацелася пагаварыць, але як толькі ён набліжаўся, я імкнуўся ісьці ўдвая хутчэй. Было падобна на тое, што ён таксама ішоў у Шабаны — я азірнуўся, каб паглядзець яму ў твар, але знаёмым ён мне не падаўся. На скрыжаваньні з Ангарскай прыпынкі былі ўжо не такія пустыя, але варта мне было падняцца трохі ўгару, як я зноў апынуўся ў адзіноце. Толькі грузавікі абганялі мяне, я бачыў суворыя твары кіроўцаў, яны нават не паварочваліся, ім было зусім нецікава, хто застаецца ў люстэрку задняга віду. Фары сустрэчных машын не сьляпілі вочы, тут была даволі шырокая шаша і я йшоў па ўзбочыне каля той паласы, якая рухалася ў бок Шабаноў. Неяк узімку я тут ужо прабіраўся — тады я таксама вяртаўся ад дзяўчыны, але ў тую ноч пасьпеў даехаць на мэтро да Трактарнага, адтуль да Шабаноў было ўжо ня так далёка. У тую ноч якраз прайшоў сьнег, назаўтра мне трэба было на лекцыі — ранкам я ехаў у сваім дзевяноста восьмым, спазьніўшыся на першую пару, і бачыў праз акно свае сьляды ў сьнезе, пакінутыя мной уначы: гэта было так дзіўна, як бачыць свой сон у напісанай кімсьці кнізе.