Выбрать главу

Егермайстар

Бон выпраўляў Андрэ ў падарожжа да новага жыцьця цудоўнай сонечнай раніцай. Вуліцы ў ціхі нядзельны дзень былі пустынныя, таму ніхто не заўважыў, як нейкі дзіўны чалавек у залатым прускім шаломе і з заплечнікам за сьпінай бадзёра крочыў у напрамку прадмесьцяў. Толькі ўтульныя дамкі-куфэркі пазіралі на яго з глыбіні маленькіх садкоў, набрынялых водарам ружаў, хрызантэмаў і фіялак.

– Бывай, Бон! Бывайце, мілыя куфэркі! Бывай, бацька Рэйн! Я яшчэ вярнуся на твае берагі! – пасылаў Андрэ прывітаньне ласкаваму дню.

Ісьці было лёгка й радасна. Весялосьць перапаўняла яго, зьмешвалася з прахалодным паветрам восені й прасякала лёгкія адчуваньнем, забытым зь юнацтва. Тым, калі таямніца жыцьця бегла перад табою, зьнікала за паваротам, даляглядам, вабіла ў падарожжа. Падарожжа, якому, здавалася, ня будзе канца, якое абяцала дзіўныя адкрыцьці, спатканьні, прызы, пляны новых вандровак.

З такім пачуцьцём Андрэ незаўважна для сябе выйшаў на гарадзкую ўскраіну. Тут ужо трэба было кагосьці лавіць, але машынаў амаль не траплялася. Зрэдку яны зьяўляліся, але, не спыняючыся, праляталі міма. Мінула больш за гадзіну. Надвор’е паціху пачало псавацца. Зграйка дробных хмарак схавала сонца. Здавалася, яшчэ крыху – і яны кінуць на зямлю жменьку капрызных восеньскіх кропель. Нарэшце поруч з Андрэ прытармазіў прыгожы белы пэжокабрыялет. Бакавое шкло апусьцілася, і з салёну зірнулі два цікаўныя вокі.

– Табе куды?

– Мне трэба ў Бэрлін. Ці хаця б кудысьці бліжэй да ўзыходу сонца.

– Я еду ў Гановэр, гэта палова шляху да Бэрліну!

Дзьверы адчыніліся, запрашаючы ўвайсьці. Андрэ паспрабаваў сесьці на пярэдняе сядзеньне, але сутыкнуўся зь непрыемнай праблемай. У шаломе ён не зьмяшчаўся ў аўтамабілі, дакладней, ня мог уладкавацца там як звычайны пасажыр. Шалом упіраўся ў скураны дах, таму галаву трэба было альбо пакласьці кіроўцу на плячо, альбо ўвогуле высунуць у вакно.

– Ты ня мог бы яго зьняць? – крыху раздражнёна спытаў кіроўца.

– Не!

– Ты што, панк? – у голасе хлопца зьявілася нотка шкадаваньня, што ідыёцкая цікаўнасьць прымусіла яго тармазнуць перад гэтым тыпам.

– Ды не, я мастак! А зьняць яго мне не дазваляе вера!

– Ааа… Мастак! Добра, кладзіся!

Хлопец адкінуў сядзеньне, расклаўшы дзіўнага госьця, і яны рушылі ў напрамку Гановэру.

Зь юнацтва, калі Андрэ зрэдку вандраваў па савецкай тады яшчэ радзіме аўтастопам, ён памятаў: платай за зробленую табе ласку ёсьць гутарка, гісторыя, якую ты павінен распавесьці кіроўцу. Бо, калі той спыніўся падабраць незнаёмца, – значыць, яму, хутчэй за ўсё, сумна і патрэбны суразмоўца ў дарозе.

Андрэ пачаў бавіць хлапца за баранкай байкамі пра сябе: хто ён, адкуль, як апынуўся ў Боне. Ён распавёў, што ў яго ўсяліўся дух прускага воіна, і цяпер ён мусіць выправіцца на ўсход, каб вярнуць на гістарычную радзіму свой бедны, заблукалы ў багнах і стагодзьдзях народ. Што ён даў абяцаньне ніколі да часу, калі ён убачыць сваё балотнае племя радасным і вольным на берагах бацькі Рэйна, не здымаць шалома з галавы.

Праўда, місія гэта вельмі складаная. Існуе яго антыпод у касцы ваяра-вызваліцеля, які жадае заманіць ягоны люд на берагі матухны Волгі. І, уласна, на двубой волатаў, ад якога залежыць будучыня ягонага народу, ён і кіруецца.

Калі Андрэ з важным выглядам замаўчаў, даючы зразумець, што баек больш ня будзе, кіроўца зь недаверам зірнуў на яго і зрабіў гучней музыку.

– Кактэлі, картэлі, нафталінавыя бардэлі, бэмц, бэмц, бэмц, – далятаў з прымача антыглябалісцкі рэп.

«Дзіўна, – злавіў сябе на думцы Андрэ, – раней слова «мастак» я прамаўляў з гонарам. А цяпер – зь нейкай няёмкасьцю, быццам займаюся чымсьці непрыстойным».

У дзяцінстве, як і ўсе хлопчыкі, ён марыў стаць лётчыкам. І, магчыма, ягонае жыцьцё склалася б інакш, калі б не зьявіўся дзядзька Іван – мастак, блізкі сябра маці і мясцовы авангардыст. Іван Панцялеевіч быў чалавек незвычайны і ў адрозьненьне ад большасьці магілёўскіх мастакоў, якія з усіх колераў аддавалі перавагу шэраму, ладзіў сур’ёзны экспэрымэнт у мастацтве: складаў шэры з мноства адценьняў. Наблізіўшы твар упрытул да ягонага твора, глядач прыходзіў у захапленьне: кожны сантымэтрык палатна ўбіраў у сябе ўсю гаму фарбаў. Але варта было адысьці мэтры на тры – і выява зноў рабілася бескампрамісна, бездакорна шэрай.

Дзядзька Іван здаваўся Андрэ калі ня богам, то дакладна сьвятаром, жрацом нейкай боскай сілы. Сам ягоны вобраз быў падобны да Творцы з царкоўных іконаў. Даўгія валасы, сівая барада і, канечне, німб. Німб, праўда, быў крыху пацяганы, зроблены зь мяккага вэлюру, месцамі запэцканы фарбай, а можа, віном, але ён ганарліва ўзносіўся над галавой Івана Панцялеевіча высакародным чорным бэрэтам.