Яна ішла і намагалася прыгадаць Віктараў твар. Са здзіўленнем, смуткам і нейкай радасцю злавіла сябе: а я ўжо не памятаю яго твару... Толькі ўвогуле, як у тумане... А кажуць: калі забываеш твар — значыць, забываецца...
Як толькі ступіла на дарогу, прыцярушаную сённяшняй, не — ужо ўчарашняй кудасай, паскорыла крок, потым пабегла. I цяжка было зразумець, што гоніць яе: жудасць, мароз, які так упарта прабіраецца пад паліто, ці проста жаданне ўцячы ад усяго свайго былога. Яна ўсведамляла толькі адно: хутчэй адсюль, хутчэй, хутчэй...
Неўзабаве стамілася ад бегу, прыпынілася, аддыхваючыся, задумалася, куды ісці: ці назад у вёску пераначаваць у Ганны Яваровіч, ці далей, да шашы — мо трапіцца які начны аўтобус альбо спадарожная машына... Не! Назад ходу няма... I ўвогуле, яна тут апошні раз. Вось развіталася з Віктарам, назаўсёды развіталася. Ён памёр.
Для яе больш няма Віктара.
А ёй трэба жыць, інакш трэба жыць, жывое павінна браць верх...
Шануй імя сваё
Аляксей Сцяпанавіч прачнуўся ледзь свет. Яму не асабліва што рупіла, але даўняя звычка, настолькі даўняя, што і не памятае, з якіх яна часоў, прымушае ўставаць штодня ў такую рань, нешта рабіць, пра нешта клапаціцца. А розных клопатаў у старшыні калгаса — хоць пазычай каму. Бывае, што і падрамаць выпадав ўсяго якую гадзіну, асабліва ўлетку, але ўсё роўна ў пяць на нагах, без ніякага будзільніка, свежы, як і не было нiякай стомы. А яшчэ пішуць, што для сну патрэбна аж восем гадзін! Хоць, вядома, можна дрыхнуць і восем, і ўсе пятнаццаць. Напрыклад, у санаторыі, куды зачасціў у апошнія гады. Але санаторый ёсць санаторый — там здурэе сталы чалавек, калі пе навучыцца спаць...
Ціха, каб не нарабіць грукату і не збудзіць унучку, нацягнуў на сябе спартыўны касцюм — таксама санаторная звычка, сунуў ногі ў пантофлі, асцярожна праз святліцу выйшаў на кухню — тут можна не хвалявацца, што некага пабудзіш. Хоць, канечне, хваляванні дарэмныя: малая ў такі час з гарматы страляй — не прачнецца, а старая ўсё роўна не спіць. Але на ўсялякі выпадак...
Навобмац адчыніў дзверцы ў шкапчыку, узяў аберуч збан з квасам, глынуў некалькі разоў — каб не курыць нашча. Накурышся нашча — паўдня ў горле пяршыць.
Пачаты пачак «Беламору» і запалкі заўсёды звечара кладзе на падаконнік, каб знайсці, не запальваючы святло. Папяросамі завалены адзін са шкапчыкаў на кухні — для запасу. Гэтага запасу, пэўна, хапіла б на паўгода, аднак Аляксей Сцяпанавіч папаўняе і папаўняе яго, асабліва калі бывае ў горадзе. Папяросы зараз сталі выходзіць з моды, не ў кожным магазіне знойдзеш «Беламор». А пераходзіць на цыгарэты не збіраецца: у яго гады не так проста мяняць звычкі — і добрыя, і дрэнныя.
Закурыушы, засяроджана паглядзеу у акно і задаволена падумаў: а глядзі, як дзень прыбывае! Цемень-то зусім рэдзенькая...
На ўсходзе займаўся бледна-сіні водбліск зараніцы.
Быў той час, калі не зусім зразумела, ці гэта яшчэ ноч, ці ўжо новы дзень. На дварэ было няўтульна і зябка, лёгкі марозік сцяў рэсквась; што ж, адзімкі напрадвесні — звычайная з’ява.
У хлеўчуку наперабой ашалела гарланілі пеўні. Тры гады назад старая завяла гэтую гарластую пароду. I дзе яна толькі знайшла такую! Зімою яшчэ не так, а к вясне дзяруць горлы — аж вокны дрыжаць.
Дзень вылузваўся цяжка і трохі трывожна, хоць і абяцаў быць сонечны. Гэта і не зусім добра, што сонечны — хай сабе пакісла б, каб зямля адтала як след, набрыняла, набрала ўдосталь вільгаці — восень была сухая. А то і міргнуць не паспелі, як амаль з’ела снег, аж равуць ручаі, рэчка яшчэ і ад лёду не вызвалілася, а ўжо з берагоў вылезла. Аграном хвалюецца — угнаенні з палёў павымывае. Аграномаў клопат не асабліва трывожыць Аляксея Сцяпанавіча: і нікуды не падзенуцца тыя ўгнаенні — абы яны былі! Кампостаў назапасілі — як ні адзін год. Во толькі вывезці не паспелі, а цяпер не ўлезеш. I ліха з імі — пад плуг раскідаецца! Непакоіла іншае: калі так пабудзе — днём сонца, ноччу марозік,— не агледзішся, як асмягне, запыліць зямля. Гэта не восень, калі з лыжкі вады — вядро гразі. Вясною наадварот: з вядра вады — лыжка гразі. Учора аб’ехаў усе палеткі: затапіла нізіны, паразмывала разоры на пагорках. Мусіць, аграном мае рацыю: трэба ўсё ж разоры рабіць уздоўж схілаў. Канечне, гэта для тэхнікі не зусім зручна, аднак... Во так: век жыві — век вучыся. Але хто мог падумаць, што так дружна адпусціць?