— Аляксей Сцяпанавіч, мне трэба ў райком. Тэрмінова...— I амаль загадаў: — А вы мяне пачакайце, абавязкова дачакайцеся! Спаткаемся праз гадзіны тры...
Кунцэвіч глянуў хітравата, і ў яго поглядзе было нешта большае, чым здзіўленне.
— Што ж, пачакаю...— ахвотна згадзіўся ён, і на твары мільганула ледзь прыкметная ўсмешка, аднак тут жа знікла, змянілася заклапочанасцю, мо нават трывогай.— А ці трэба, Іван? Праз мяне толькі сам непрыемнасцей нажывеш. Мне гэта, браце мой, ведаеш, а табе...
I думаць не думаў Андрэй Паўлавіч Радзевіч, што гэтае амаль дзяжурнае пытанне «пойдзе» так цяжка. Першы стаў на дыбкі Лазовік. Лазовіка то і можна зразумець — ніяк не можа абарваць пупавіну з «Забор’ем», хоць абарваць даўным-даўно пара. Яго «асобыя» адносіны да Кунцэвіча, пра якія ўсе ведаюць, не робяць гонару кіраўніку, надзеленаму такою ўладай. Кіраўнік не мае права на нейкія асаблівыя адносіны з кім бы там ні было — гэта аксіёма. Хоць, зрэшты, хто ж яго ведае — мусіць, не ўсё так проста: мае ці не мае права... Мо кожны да скону дзён з нечым ці некім звязаны пупавінаю, у кожнага ёсць свае сімпатыі і антыпатыі, і вышэй гэтага не скокнеш. Хто ж яго ведае... Калі разабрацца, то хіба ён, першы сакратар, каму па службоваму абавязку належыць быць прыкладам, аднолькава роўны да ўсіх людзей? Канечне, не роўны... Іншы раз і невядома чаму, а да адных хіліцца душа, а да другіх — хоць забі, не хоча хілiцца. I разумееш: нельга так, а зрабіць з сабою нічога не можаш. Не паказваеш выгляду — не болей... Калі шчыра, то ён і сам сімпатызуе Кунцэвічу куды больш, чым Сурмілу. I, між тым, даводзіцца выбіраць не мудрага, цягавітага Кунцэвіча, а Сурмілу, да каго не туліцца душа. Ёсць рэчы, якія вышэй сімпатый і антыпатый,— з гэтым таксама трэба лічыцца... А што датычыць Лазовікавых «асобых» адносін, то, мусіць, перабольшвае іх значэнне. Няма ніякіх фактаў, што Лазовік робіць скідкі, паблажкі Кунцэвічу. Адны голыя словы. Раз нехта сказаў, два, тры — глядзіш, прыліпла. I ніхто не даўмеецца спытаць сябе: а ў чым тут крамола, што благога, калі людзі захавалі між сабою цёплыя, сардэчныя пачуцці? Бы падняўшыся на чарговую службовую прыступку, ты абавязкова павінен цурацца старых сяброў... Пэўна, гэтыя так званыя «асобыя» адносіны і перашкодзілі ўчора правільна зразумець Лазовіка. Пэўна... Між тым, павінна было насцярожыць, што Лазовіка падтрымалі сакратар райкома Антоненка, рэдактар газеты Аўсейчык, а старшыня камітэта народнага кантролю Кахновіч устрымаўся ад галасавання. Ніхто з іх ніякімі «асобымі» адносінамі не звязаны з Кунцэвічам... Колькі заракаўся не совацца раней часу ў спрэчкі, а зноў сарваўся. Можна зразумець, калі на гэтым спатыкаецца малады сакратар, а пры яго стажы і вопыце — недаравальна. Першаму сакратару трэба ўмець спакойна выслухаць думкі членаў бюро, узважыць, калі спатрэбіцца, стаць арбітрам, толькі пасля гэтага казаць сваё важкае слова... Але што цяпер шкадаваць, калі позна? Позна шкадаваць... Усё вырашана, і вырашана, безумоўна, правільна — чаго хвалявацца? Хто, зрэшты, адказвае за раён? Не Лазовік, не Антоненка, не рэдактар, канечне...
Чым больш супакойваў сябе Радзевіч, тым болей вострая незадаволенасць авалодвала ім. Каб неяк адкараскацца ад яе, узяўся праглядаць карэспандэнцыю, розныя нетэрміновыя дзелавыя паперы, хоць за іх бярэцца, звычайна, у канцы дня, калі менш званкоў і наведвальнікаў.
Зверху ляжала пісьмо, змацаванае з канвертам канцылярскай сашчэпкай. 3 «Гіганта»?! I зноў ананімнае... Чамусьці адчуў, што яго балюча кранае гэтае пісьмо... Ну і почырк! Клінапіс лягчэй расшыфраваць... Сяк-так прачытаў першую старонку — во, ужо і за Клімовіча ўзяліся! Хацеў напісаць рэзалюцыю Антоненку, але перадумаў: мо самому паехаць, самому, нарэшце, разабрацца? Чаму ўсе ананімкі з «Гіганта» павінны разбіраць Антоненка і Чыжэўская? Канечне, даўно сам заняўся б гэтымі пісьмамі, каб яны не былі ананімныя — да ананімак у яго заўсёды быў недавер. Мо праз гэта і да праверак ставіўся не дужа ўважліва і сур’ёзна. А на добры розум, даўно варта было задумацца, чаму ідуць гэтыя ананімкі? Насцярожыць павінна было нават тое, чаму гэта ў Антоненкі факты заўсёды пацвярджаюцца, а ў Чыжэўскай — не? Чорт ведае што!
Разбірала злосць, нейкая безадрасная, глухая, і ён не мог зразумець, адкуль яна, з якой нагоды.
Зайшла сакратарка:
— Андрэй Паўлавіч, я дазванілася да Сурмілы. Праз гадзіну будзе тут...
— Дзякуй...
Лазовік, нікога не заўважаючы, не ішоў, а бег у райком. Карцела неадкладна сказаць усё Радзевічу, прасіць зараз жа сабраць бюро, хваляваўся: каб хоць члены бюро не раз’ехаліся па раёне!