Выбрать главу

— Пачакай! — уладна спыніў яго Антоненка.— Разам пойдзем...

Радзевіч, не выходзячы з-за стала, падаў руку аднаму, потым другому, прастуджана, басам прапанаваў:

— Сядайце...— прыдзірліва і строга агледзеў іх, загадкава ўсміхнуўся вачыма: — То што, апазіцыянеры, згаджацца ці ўсё яшчэ стаяць на сваім завіталі?

Лазовіка трохі збіў з трону гэты іранічна-паблажлівы тон. Пераглянуліся з Антоненкам: каму пачынаць? Пачынаць, вядома, трэба было Лазовіку.

— Я лічу, Андрэй Паўлавіч, што з аб’яднаннем калгасаў учора дапушчана сур’ёзная памылка,— сціпла, але салідна і важка сказаў ён падрыхтаваную фразу.

Гэта не зрабіла на Радзевіча ніякага ўражання. Ён маўчаў, заняты нейкімі сваімі думкамі.

— Трэба тэрмінова сабраць бюро,— не вытрымаў гэ­тага маўчання Лазовік.— Адмяніць рашэнне трэба...

Радзевіч нахмурыў бровы і, павярнуўшы сваю масіўную галаву з кароткай стрыжкай да Антоненкі, сярдзіта запытаў:

— Ты таксама хочаш адмяніць рашэнне бюро?

— Так! — коратка і рашуча пацвердзіў той.

Радзевіч яшчэ раз дапытліва агледзеў іх, загадкава ўсміхнуўся, нешта прыгадаўшы, развёў рукамі:

— А я не маю права адмяняць калектыўна прынятае рашэнне... За яго, дарэчы, прагаласавала больш палавіны членаў бюро...

— Гэта яшчэ нічога не значыць,— глуха сказаў Антоненка.— Давайце не будзем фармалістамі, а выправім памылку, пакуль не позна...

Па Радзевічавым твары прайшоў цень, аднак Антоненка бы не заўважаў, што першы незадаволены яго бесцырымоннай дзёрзкасцю.

— Не заўсёды,— працягваў ён,— праўда на баку тых, хто застаецца ў большасці. Вы ведаеце, што бывалі выпадкі, калі і Ленін заставаўся ў меншасці, але, згадзіцеся, гэта не значыць, што ён памыляўся...

Во памочнічкі, думаў Радзевіч без злосці. Раз-два — і з цябе зрабілі фармаліста, глядзі, зараз і ў якія апартуністы запішуць. Во дажыўся...

— То ў чым вы бачыце памылку? — холадна запытаў ён, сярдзіта нахмурыўшы бровы, і пасля непрацяглага маўчання насмешліва дадаў: — Уважліва слухаю вас, нефармалісты...

Антоненка выразна глянуў на Лазовіка і загадаў ва­чыма: пачынай!

Лазовік за гэтыя суткі ў думках удосталь наспрачаўся з Радзевічам, а цяпер, калі наступіў час бліснуць логікай і пераканаўчымі доказамі, адчуў, што ўсё зблыталася ў га­лаве, збілася з ладу. Канечне, у яго было што сказаць — у галаве апрабаваны дзесяткі варыянтаў, але з чаго пачаць?! Патрэбныя словы, як на злосць, не хацелі ісці. Успомніў пра папку з эканамічнымі разлікамі, не спяшаючы стаў выкладваць паперкі, а сам ліхаманкава думаў: з чаго ж пачаць? Злавіў на сабе трохі здзіўлены Антоненкаў позірк і яшчэ больш разгубіўся: Антоненка-то чакае ад яго... Антоненку-то ён падбіў ісці...

— Памылка перш за ўсё ў тым...— запнуўся, спалохаўшыся свайго ненатуральна-казённага голасу.— Мне думаецца, памылка, што пачынаем танцаваць не да комплекса, а ад комплекса, які пакуль што толькі у праекце...

— Ты чалавечаю моваю можаш гаварыць? — яшчэ больш насупіў бровы Радзевіч.— А то заладзіў, як пабіты моллю прафесар...— Ажывіўся, адразу ж рушыў у наступ: — Значыць, па-твойму, ствараючы буйную гаспадарку, мы не набліжаемся, а аддаляемся ад комплекса? Так я цябе зразумеў? — I, не чакаючы адказу, працягваў: — Дзіўная логіка! Хм... Стварэнне буйной гаспадаркі і ёсць першы крок да комплекса. Гэта — элементарна...

— Не, Андрэй Паўлавіч, першы крок трэба рабіць не з механічнага злучэння разнапрофільных гаспадарак. Пачынаць трэба з іншага...— Лазовік з палёгкаю адчуў, што ў яго пакрысе знікае недарэчная скаванасць, з’яўляецца жаданая ўпэўненасць у сабе.— Падумайце самі: спатрэбіцца ў пажарным парадку перагляд структуры таварнасці прадукцыі, змена профілю спецыялізацыі, ломка кааператыўных сувязяў паміж большасцю гаспадарак раёна. Я ўпэўнены, і аб гэтым сведчаць эканамічныя разлікі, што комплекс трэба пачынаць кааператыўна, паступова мяняючы спецыялізацыю «Гіганта» і «Забор’я», рыхтуючы тым самым кармавую базу, пагалоўе і ўмовы для натуральнага зліцця гаспадарак...

Радзевіч слухаў уважліва, і па тым, як неспакойна хадзілі яго пальцы, можна было здагадвацца, што яго вост­рая, чэпкая думка робіць два хады наперад, каб у зручны момант пераняць, разбіць ушчэнт яго аргументы. Трэба быць абачлівым, падумаў Лазовік, не выкладвацца цалкам, мець сёе-тое на запас, каб, калі спатрэбіцца, можна было не толькі абараняцца, а і наступаць.

— То што, мо ты ўжо зрабіў разлікі, паспеў падлічыць? — недаверліва глянуў Радзевіч.

— Паспеў.

— Пакажы, што там...