Лазовік падаў яму папку, Радзевіч паспешна надзеў акуляры, стаў учытвацца ў паперы. Прайшло пяць, а мо і дзесяць хвілін, а ён усё чытаў, здавалася, забыўшыся пра іх з Антоненкам. Час ад часу ён спыняўся, думаў, выпісваў нейкія лічбы, і ніводзін мускул на яго твары не выдаваў яго пачуццяў. Гэта і абнадзейвала, і насцярожвала. Лазовік запытальна глянуў на Антоненку: «Ну як?» «Нармальна» — па-змоўніцку падміргнуў той.
— I колькі часу спатрэбіцца, каб зрабіць усю гэтую перакарэкціроўку? — нарэшце азваўся Радзевіч.— Няўжо гэта такая невырашальная праблема?
Яго заклапочаны тон спадабаўся Лазовіку.
— Ну-у, праблема не праблема...— як мага салідней сказаў ён.— А месяцы два-тры спатрэбіцца... Гэтак... к лету, а вы разумееце, што гэта значыць...— I адразу ж перайшоў на другое: — Апроч усяго, нам трэба мець на ўвазе, улічваць контурнасць палёў у «Гіганце» і «Забор’і» — вы выдатна ведаеце, якія там масівы. Дзесяць тысяч гектараў — не нашы маштабы, то не Украіна, не цаліна..,
Радзевіч насцярожыўся, адкінуўся на спінку крэсла.
— Значыць, па-твойму мы навечна асуджаны сядзець на двух-трох тысячах гектарах? — У яго пытанні была іронія.
— А калі ў нашых умовах гэта аптымальны варыянт? — запальчыва сказаў Лазовік, спахапіўшыся, што даў прамашку.
Як і трэба было чакаць, Радзевіч не прамінуў ухапіцца за гэтую прамашку:
— Кажаш, аптымальны варыянт? Ці-і-ка-а-ва-а...— Паглядзеў недаверліва, іранічна.— Няўжо аптымальны? Аказваецца, ты ведаеш аптымальны варыянт...— I, убачыўшы, як зніякавеў Лазовік, памяркоўней працягваў: — Знайшоў аптымальны варыянт! Гадоў пяць — дзесяць мо і быў аптымальны, а сёння? А заўтра? А паслязаўтра? Далёка мы зойдзем з такою стратэгіяй, таварыш начальник сельгасупраўлення...
— Але мы не можам жыць толькі паслязаўтрашнім днём...— як мог абараняўся Лазовік.— Пераскокванне цераз этапы ніколі нікому карысці не прыносіла.
— То мо, па-твойму, і задуманы комплекс таксама пераскокванне цераз этап? — з былой іроніяй запытауся Радзевіч, па ўсім відаць, маючы намер зусім загнаць яго ў кут.
— Магчыма...— ашчэціўся Лазовік.— Болей таго: Сурміла нас штурхае на авантуру, калі хочаце ведаць!
— Ого! — аж прыўстаў Радзевіч, здзіўлена заморгаўшы вачыма.
Зазваніў адзін з тэлефонаў. Радзевіч незадаволена паморшчыўся, нахіліўся, не паднімаючы трубку, пераключыў апарат на прыёмную — гэта значыла: няма зараз у яго больш важных спраў, чым гэтая размова.
— Значыць, авантура? — Глянуў строга і змрочна.
— I авантура! — вытрымаў гэты позірк Лазовік.— Ну, чым не авантура: Сурміла не можа пракарміць і семсот галоў, а што будзе рабіць з дваццаццю тысячамі? Прасіць кармы ў дзяржавы? I апошні дурыла можа гаспадарыць на дзяржаўных кармах, не абавязкова быць кандыдатам павук. Ці мо дугою збіраецца касіць, як цяпер косіць? Не-е, Андрэй Паўлавіч, да комплекса трэба ісці са стварэння кармавой базы, яснай перспектывы, як запоўніць яго пагалоўем, інакш — вецер будзе гуляць у гэтым комплексе. А гэта, даруйце, і ёсць авантура.
Размова набывала нервовы характар. Радзевічу не падабалася Лазовікава запальчывасць — кіраўнік павінен умець трымаць сябе ў руках, узважваць кожнае слова. Карцела асадзіць, паставіць на месца, заадно прыгадаць, на чыю авантуру клюнулі, ліквідуючы дробныя свінафермы. Напомніць, хто насіўся разам са сваімі спецамі: канкурыруючыя галіны, блытаюць усе схемы спецыялізацыі, стрымліваюць механізацыю, аўтаматызацыю! Паслухалі. Бокам цяпер вылазяць іх хуткаспелыя схемы, жыццё не хоча ўкладвацца ў іх пракрустава ложа. Спахапіліся, але адрэзаную лусту не прыклеіш, ліквідаваць прасцей, чым аднавіць.
— Іван Віктаравіч,— спакойна і разважліва сказаў ён.— Во слухаю цябе, і ведаеш, што прыходзіць у галаву? А ці не зацягнуў ты старую песню?
Лазовік разумеў, куды хіліць першы сакратар. К чаму гэты намёк? Гэта ж удар пад дых! Якое дачыненне мае той пралік, за які сам сабе не можа дараваць, да будаўніцтва комплекса, да аб’яднання калгасаў? Хацеў абурыцца ўголас, але стрымаўся, адчуваючы сваю віну.
— Я не супроць схем, навуковых разлікаў і прагнозаў,— працягваў між тым памяркоўна Радзевіч.— Я катэгарычна супроць таго, каб рабіць з іх фецішы, ставіцца, як да ікон, сілком усоўваць жывое жыццё ў гэтыя схемы, не ўлічваць нюансаў, новых непрадбачаных сітуацый і праблем, якія штодня падкідвае рэальнасць. Узбуйненне гаспадарак — сёння рэальная эканамічная, сацыяльная, тэхнічная неабходнасць. Не заўважаць гэтага, значыць, не бачыць далей свайго носа, значыць, зрабіцца закасцянелым схаластам. Што ж, давядзецца і паламаць некаторыя прынятыя схемы, вялікага ў тым страху няма. Хай пасядзяць, папацеюць твае спецыялісты, эканамісты, зробяць патрэбныя карэктывы, думаю, праз дзён дзесяць і ўправяцца. Разгледзім пасля на выканкоме, на бюро, вядома... Іншая справа: пазнавата надумалі — тут ты маеш рацыю. Але ўжо калі рашылі, то адступаць не варта, трэба даводзіць да канца, і як мага хутчэй... Ну, а што датычыць тваёй «авантуры» наконт комплекса, то, думаю, гэта несур’ёзна. У нас будзе час падумаць, як рашыць кармавую праблему, адкуль узяць пагалоўе і ўсё іншае.— Глянуў на Антоненку: — А ты як думаеш?