— То дзякуй табе... вам, Іван... I табе, Сцяпанавіч, дзякуй...— усхліпнула Марта.— Ах, божачкі, каб чаго благога і ўпраўду не было...
— Ну-у, ужо і ў слёзы! — напусціў на сябе сярдзітасць Кунцэвіч.— Шмат твая фельчарка панімае! Во, звозiм, урачы паглядзяць, пілюль прыпішуць і назад адправяць. Бы першы раз! А ты мне, браце мой, у паніку!
— Каб даў жа бог! — трохі ўзбадзёрылася Марта і паспешліва выйшла з пакоя.
Кунцэвіч ніяк не мог супакоіцца, адчувалася, што яго трывожныя думкі зараз ля хворага Апанаса — Лазовік добра ведаў пра іх дружбу.
— Аляксей Сцяпанавіч, то мо схадзіце, ці мо давайце разам сходзім? — прапанаваў ён.
— Ды не-е...— няёмка памяўся Кунцэвіч.— Нічога там страшнага не здарылася, яны, бабы, заўсёды пераболыпваюць, кідаюцца ў паніку...
I зноў павісла няёмкае, трохі напружанае маўчанне.
Той, муляж, у тэлевізары адгундосіў сваё, пачаліся мультфільмы. Гэта было цікавей. Знакаміты воўк ганяўся за зайцам, ніяк не мог сцапаць лапавухага...
У святліцу нарэшце зайшла цётка Алёна і запрасіла да стала.
Стол быў устаўлены такімі прысмакамі, ад якіх у галоднага Лазовіка аж слінкі пацяклі. Пакуль гаспадар скручваў і ніяк не мог управіцца з коркам на бутэльцы, не ўтрываў — накалоў на відэлец кавалачак сялянскай каўбасы, якую, бадай, ніхто так смачна не ўмее рабіць, як цётка Алёна, і адкусіў палавінку.
— А-а-а, смаката-а...— нібы апраўдваючыся за сваё нецярпенне, пахваліў ён.
— Паеш, Іван, паеш...— Алена Пятроўна зычліва падсоўвала да яго талеркі з нарэзанай каўбасой, скрылікамі падсушанай паляндвічкі, незадаволена, трохі сварліва выгаворваючы старому: — Ды дай ты чалавеку перакусіць, паспееш са сваёй гарай.
— О, быдта я шкадую! — сярдзіта глянуў на яе і пазмоўніцку падміргнуў Івану: — Пад чарку яно ямчэй пойдзе, браце мой...
Выпілі па кілішку, дружна ўзяліся закусваць. Алена Пятроўна таксама прыгубіла для прыліку, але не прыкусвала — яна заўсёды так. I яшчэ Лазовік ведаў, што неузабаве яна пакіне іх удвух, спаслаўшыся на свае нейкія гаспадарскія справы, а калі папраўдзе — каб не замінаць мужчынскай гаворцы. Дзівачка цётка Алёна! Але сёння якраз і не трэба, каб яна пакідала іх двух. А мо і трэба? Мо менавіта цяпер за чаркаю трэба выгаварыцца пра ўсё, нічога не ўтойваючы, каб раз і назаўсёды, калі ўдасца, адкараскацца ад недарэчнай недагаворанасці, што гэтак раптам сёння ўзнікла паміж імі?
— То вы ўжо, мужчынкі, пагаманіце,— нібы здагадалася Алена Пятроўна.— А мне тут па гаспадарцы трэба сёе-тое паглядзець...
Нейкі час сядзелі моўчкі, закусваючы, ведаючы і не ведаючы, пра што гаварыць. Гаспадар запрасіў выпіць яшчэ па адной, і Лазовік не пярэчыў. Зноў маўчалі, і гэтае маўчанне рабілася ўсё больш няёмкім, няўтульным.
— То скажы, калі ўсё гэта пачнецца? — нарэшце асцярожна, здалёк пачаў Кунцэвіч.
— Не ведаю...— апалым голасам адказаў Лазовік.— Пэўна, скора...
Кунцэвіч машынальна напоўніў чаркі, але выпіць не прапанаваў. Ён засяроджана думаў, бездапаможна паклаўшы свае вялізныя рукі на край стала. Потым нейкім асуджаным, жаласлівым, з ноткамі горычы і роспачы голасам сказаў:
— Баліць душа, Іван, як на споведзі табе кажу, ой як баліць! — і, нібы спалохаўшыся, каб яго правільна зразумелі, паправіўся: — Не надумай, што за сябе баліць. За людзей, за калгас неспакойны... Каб са «Светлым шляхам» аб’ядноўвалі — ні слова не сказаў бы, мо нават рады быў бы. Цярэшка хоць і малады, а з галавою гаспадар. Я і прымерваўся яго за сябе пакінуць, але ж забралі. Я яму і цяпер са спакойнай душою калгас перадам, як магу, памагаць буду. Вярніце, Іван, Цярэшку, а? — I, не дачакаўшыся адказу, занепакоіўся, пазмрачнеў: — Аднаго не магу ўзяць уцям: каму гэта ўсё спатрэбілася? Калі Кунцэвіч некаму засеў у вантробах, то я не чапляюся за сваё старшынства, дайце толькі ўзамен талковага чалавека. Няўжо свет клінам сышоўся на гэтым пустабрэху Сурмілу? Няўжо вы там не бачыце, што не па Сурмілу гэты воз, няўжо вартага чалавека нельга падабраць? Навошта ж калгас гробіць, каб толькі пазбавіцца ад Кунцэвіча?
— Ды-ы не ў тым справа...— памяўся Лазовік, разумеючы, што стары не далёкі ад праўды, аднак чамусьці не хапала смеласці, ці што, каб згадзіцца з ім, злавіў сябе на прыкрай думцы: а мусіць, проста не хоча паказаць Кунцэвічу сваю бездапаможнасць.
— А ў чым справа? — даймаў стары.— У Кунцэвіча граматы — кот наплакаў, Кунцэвіч па грамаце псуе працэнт усяму раёну. Сам псуе і за брыгадзіраў такіх трымаецца. Во і ўся прычына! Толькі ты гаварыць не хочаш...
— Ды не-е, Аляксей Сцяпанавіч...— слаба абараняўся Лазовік, сам толкам не ведаючы, чаго абараняецца.