Выбрать главу

— Мо і бяда наша, браце мой,— не зважыў на яго пярэчанне Кунцэвіч,— што ўтырыліся ў адно: давай дыплом! Быдта ў дыпломе і ўся вартасць чалавека. Ды выдай ты мне, маім двум брыгадзірам хоць па тры дыпломы, думаеш, адразу паразумнеем? Якія былі, такія і застанемся. I, між тым, сёння куды ні кінь — усюды вашаму кандыдату навук нос уціраем...

— А заўтра? Што будзе заўтра? — атрымаў нечаканую зачэпку Лазовік.— Вы падумалі, што будзе заўтра — у век комплекснай механізацыі, аўтаматызацыі, калі сяло стане на індустрыяльную аснову? Не-е, Аляксей Сцяпанавіч, заўтра і кроку не ступіш без навукі.

— Яно-то так...— згадзіўся Кунцэвіч.— Але, браце мой, хлеб, мяса, малако патрэбны сёння. А мы пры тых жа ўмовах даём удвая больш за Сурмілу. То нашто ж рызыкаваць, калі з цвярозай галавой думаць пра заутра. Думаеш, нешта пераменіцца заўтра? Думаеш, Сурміла заваліць мясам, залье малаком? Ды ты яму хоць прафесара прысвой, трактар на трактар пасадзі, ЭВМ абстаў з усіх бакоў — усё роўна толку не будзе. Няма ў яго душы, а без душы ні чарта, браце мой, не зробіш...

Лазовік разумеў, што цяжка не пагадзіцца са старым, аднак нешта ўсё яшчэ перашкаджала, стрымлівала сказаць: ды я ж тое самае думаю, Аляксей Сцяпанавіч, але, на жаль, не усё ад мяне залежыць; і, невядома чаго ўпарцячыся, спрабаваў перавесці размову ў больш зручнае рэчышча:

— Вы ўяўляеце, якая тэхніка заутра прыйдзе на сяло, які пераварот зробіць у агратэхніцы і тэхналогіі...— Схамянуўся: ды гэтую лекцыю стары і без яго чуў!

Кунцэвіч прапанаваў выпіць, і Лазовік уздыхнуў з палёгкаю.

Зноў нейкі час маўчалі, закусваючы.

— Гляджу я на ўсё, Іван, і часта думаю,— адклаўшы відэлец убок, задуменна пачаў Кунцэвіч.— Вы, маладыя, надта любіце пагаварыць, нават пафарсіць слоўцамі «аўтаматызацыя», «механізацыя», «індустрыяльная аснова», «хімізацыя» і рознымі там яшчэ, бы мы, пажылыя, такія дурні, што за саху ды вілы трымаемся, навуцы і тэхніцы падножкі ставім, не петрым, што гэта такое і з чым яго ядуць, гэты навукова-тэхнічны прагрэс. Не-е, браце мой, не такія мы ёлупні, каб супроць прагрэсу, механізацыі, хімізацыі выступаць. Нас непакоіць, ой як непакоіць толькі адно: каб гэтая хімізацыя душы сялянскай не вытравіла...— I, заўважыўшы запытальны Лазовікаў позірк, растлумачыў: — Мужыка ад зямлі адбіваем — во што страшна. Для сяго-таго зямля ўжо не маці-карміцелька, а мачыха, далёкая сваячка. Во ўчора ў газеце пісалі, што недзе кароў з горада па чарзе ездзяць даіць. У нас, дзякаваць богу, пакуль што не дайшло да гэтага, але дойдзе, папомніш мяне, старога дурня, што дойдзе, калі возьмуцца гаспадарыць такія, як Сурміла. Паглядзі, што нарабіў! Талковых брыгадзіраў павыганяў, панабіраў розных свістуноў. Адну, кажуць, сілком з горада прыцёг, сакратаркаю недзе сядзела. Людзі смяюцца, плачуць людзі ад бесталкоўшчыны. А вы ўра, ура! У «Гіганце» ўсе кадры сярэдняга звяна — спецыялісты! Яны, гэтыя спецыялісты, толькі і спецыялісты нерваваць людзей, ахвоту да зямлі адбіваць. Во табе і прагрэс! Нас, старых, браце мой, і хвалюе, каб вы не дайшлі да такога сораму, што кароў трэба ездзіць даіць з горада, каб з гэтаю меліярацыяй не дакаціліся да пустыні. Мы па сваей дурасці шмат напаганілі на зямлі, колькі рачулак, колькі хараства загубілі. Хочацца, каб вы былі разумнейшыя. Верыш ці не верыш, Іван, але заўсёды, калі лезуць знішчаць якую рэчку ці балотца, хочацца крычаць на ўвесь свет: людзі, спыніцеся, падумайце, што вы робіце! Ты ж ведаеш, я пра гэта не раз на ўвесь раён казаў... Ды гэтых сурміл і блізка нельга падпускаць да сялянскай справы, а вы! — Ён захваляваўся і, павагаўшыся, нясмела запытаў: — А мо мне ў абком паехаць? Расказаць пра ўсё — мо каго другога паставяць? Як ты думаеш?

— Не ведаю...— ухіліўся Лазовік.

— Толькі трохі няёмка: падумаюць — пра старшынства сваё клапачуся. Могуць так падумаць, праўда?

Лазовіку хацелася сказаць: і ніхто так не падумае, едзьце, але не сказаў, ён не мог гэтага сказаць. I не тое, каб баяўся лезці на ражон з Радзевічам, не! Зараз не бы­ло такога страху. Проста было брыдка: Кунцэвіч паедзе даказваць, а ён, хто мае куды больш важкі голас, змаладушнічаў, схаваўся за спіну старога чалавека! У тую хвіліну ён ненавідзеў сам сябе, а сорам усё разрастаўся, паліў, даводзіў да адчаю, разам з тым ачышчаў, уліваў рашучасць, рабіў сільным, і ён ужо ведаў, што заўтра скажа ўсё Радзевічу, пакіне за сабою права звярнуцца ў абком, магчыма, нават вышэй, калі спатрэбіцца. Ён дакажа, што рана яшчэ спісваць Кунцэвіча, што Сурміла загубіць калгас, што трэба глядзець на чалавека не па званиях і амбіцыях, а па яго сутнасці. I на душы рабілася лягчэй, спадаў нейкі цяжкі, гнятлівы цяжар, станавілася проста, лёгка, нават весела.