Выбрать главу

Словам, розных здагадак і меркаванняў было больш чым трэба, вёска гула, як растрывожаны вулей. Болей за ўсё трывожыла, палохала, што старшынёю можа быць і, пэўна, будзе Сурміла. Хто паціху, хто ў поўны голас пра Сурмілу расказвалі розныя жахі — ніхто пра яго добрага слова не чуў.

— Не выберам — і ўсё! — запальчыва і самаўпэўнена гаварыў кожнаму аграном Валодзька Бакун — Ананасаў сын.— Няма такога права, каб сілком уперлі!

За яго словамі была быццам і праўда, аднак мала хто верыў, што можна не выбраць старшынёю таго, каго скажуць з раёна — не чуваць было, каб такое дзе-небудзь здарылася, хоць старшынь у суседніх калгасах мянялі нямала. I каб гэта гаварыў хто-небудзь іншы, сталы чалавек, а не Валодзька, то мо і можна было б паверыць. Валодзька каго хочаш, нават бацьку роднага, здольны падвесці пад дурнога хату. У Забор’і яшчэ не забыліся пра яго колішнія фокусы з папом...

Пасля дзесяцігодкі Валодзька нікуды не паступаў і ў калгас не пайшоў, а паехаў шукаць рамантыку недзе на цаліну. Вярнуўся ў Забор’е аж праз чатыры гады, пацішэлы, з доўгаю грывай. I адразу ж, на здзіўленне ўсім, зачасціў да мясцовага папа. Сыдуцца, сядуць на лаве пад грушаю ў папоўскім садзе і пра нешта гавораць дапазна.

— Што табе, прыяцеляў мала?! Знайшоў таварыша! — аж збялеў Апанас.— Каб нагі больш там не было! Людзі смяюцца!

— А мне з ім цікава пра жыццё-быццё пагаманіць...— загадкава адказваў Валодзька.

— Я т-табе дам «цікава»! — накідваўся з кулакамі бацька.

Тым не менш, не дзейнічала. Сталі пагаворваць: калі ўжо не вучыцца, то, мусіць, збіраецца вучыцца Апанасаў хлопец на папа — хлеба лёгкага захацеў. Валодзька не пацвярджаў, але і не абвяргаў гэтых чутак. Потым аднойчы зайшоў у кантору да Кунцэвіча і папрасіў выдаць яму даведку.

— А навошта яна табе? — насцярожыўся той.

— У акадэмію збіраюся.

— У якую акадэмію?

— У маскоўскую...

— Не-е, браце мой, ніякай спраўкі я табе даваць не буду! Ты ў нас не працуеш — і ніякай спраўкі не палучыш,— занерваваўся Кунцэвіч.— Пайдзі, мо поп дасць! Хай поп табе дае спраўку! I гэта ж трэба! Так абсароміць бацьку, увесь калгас абсароміць!

— Што ж, не даеце — воля ваша...— сціпла сказаў Валодзька і, не пажадаўшы слухаць, выйшаў за дзверы.

Назаўтра ён некуды знік, сказаўшы бацьку, каб не хваляваўся: маўляў, пажартаваў, ні ў якую духоўную акадэмію паступаць не збіраецца. Праз месяц напісаў з цаліны, а праз год — даў знаць пра сябе з Масквы: так і так, вучуся ў акадэміі. Разнерваваны, разгневаны Апанас назаўтра ж узяў білет на цягнік з намерам сілком прыцягнуць назад шалапутнага сына. Валодзьку знайшоў у Ціміразеўскай сельгасакадэміі, аднак цяпер ужо ў вёсцы не асабліва хацелі верыць Апанасу. I толькі калі на лета прыехаў сам Валодзька ды з сабою прывёз сябрука ні то з казахаў, ні то з узбекаў, перасталі сумнявацца, зразумелі, што Валодзька корчыў дурня.

— Дык чаго ж ты, сукін кот, мне мазгі марочыў?! — напаў на яго Кунцэвіч.

— А вы ж мне не далі даведку,— зарагатаў Валодзька.

— Цьфу, блазен! — не ведаў, злаваць ці смяяцца, Кунцэвіч.

На дзіва, ён быу выдатнікам, пасля заканчэння акадэміі ледзь не пакінулі ў Маскве, аднак упрасіўся дадому. Кунцэвіч прыняў яго без ахвоты — уважыў Апанаса. Праўда, ён трохі пасталеў, набраўся розуму, але ўсё роуна таго і глядзі выкіне якую штучку-дручку. Таму і ця­пер да яго слоў ставіліся з падазрэннем.

Высветлілася, праўда, што не ўсе занепакоены і затрывожаны магчымым Сурмілавым прыходам. Знайтліся ворагі і ў Кунцэвіча. Першы аб’явіўся інжынер Алег Касьянаў.

— Даўно пара! — хмыкнуў ён, шукаючы падтрымкі ў механізатараў.— Хоць тэхніку будзем мець, як людзі...

— Што ты гаворыш, Сяргеевіч? — здзіўлена глянуў Зміцер Гаварушка.— Што, у нас тэхнікі мала?

Зміцер Гаварушка — аўтарытэт у механізатараў. Ён яшчэ ў бытнасць МТС быў трактарыстам, а калі МТС расфарміравалі, разам са сваім трактарам перайшоў у калгас, хоць і не адгэтуль быў родам. Няма ў калгасе такой машыны, з якой не мог управіцца Гаварушка, кожную дэталь якой не абмацалі б яго рукі. Ці то за салідны ўзрост, ці то за тое, што за ім ніхто не мог угнацца, ці за тое, што Зміцер Гаварушка кожнаму гатовы прыйсці па дапамогу, хлопцы яго звалі «баця». Гэтае «баця» настолькі прыліпла да Гаварушкі, што стала мянушкай, на якую ён не крыўдуе.