Выбрать главу

— I зрабіў! — тупнуў кульбаю ён.— Хто такі Кунцэвіч, каб мною камандаваць?! Мужык, хамула! Ты мне па­дай начальніка, каб я яго паважаць мог! Вучонага, з дзіпломамі, ідры яго маць!

— Во-во! Як прыйдзе з дзіпломамі піліпавіцкі Сурміла — карову апошнюю прадасі.

— А на здыхату мне тая карова! На мой век хопіць, з голаду не памру. Мо мне хочацца па-гарадскому ў ван­не плёхацца! Во! А малачка душа пажадае — да цябе прыйду,— тыцнуў сваім крывым пальцам на Пракопчыкаву Марыю.

— Смалы ты ў мяне нап’ешся! — сварліва загаласіла тая.— Утопішся, клыпаты чорт, у той ванне. Гэта ж паглядзіце, людцы добрыя, чаго ён захацеў, гэта ж яму нічога не трэба!

— I не трэба! Гэта табе ўсё мала, ідры тваю маць! Мужыку на свята рубель на піва шкадуеш. Во прыйдзе Сурміла, ён навучыць, як жыць!

— Бабанькі, ды што ж ён барануе? Што ён рэйдае?! — пайшла ў наступ Ганна Чачотка, жанчына псіхаватая і рашучая.

— Ну-ну-у! — прадбачліва адступіў Адась.— У ка­талажку захацела? Думаеш, раз баба, то не пасадзяць! Зацюлюкаюць як міленькую, ідры т-тваю маць!

Невядома, чьтм усё скоппылася б, каб пе з’явіўся Кунцэвіч.

— Што тут робіцца? Чаго замітынгавалі? — незадаволена сказаў ён, гледзячы на Адася.

Жанчыны адразу ж аціхлі, Адась, патупаўшы на месцы, шмыгнуў за дзверы.

Кунцэвіч трымаўся, быццам ведаць не ведае ні пра якія чуткі, аднак яму было няпроста таіцца ад дапытлівых жаночых позіркаў. Даяркі маўчалі насцярожана і ніякавата, не ведаючы пра што гаварыць, быццам у тых чутках ёсць віна кожнай з іх.

— Сцяпанавіч, то гэта праўда? — нарэшце не вытрымала Галя Хілімон, самая маладая і бойкая.

— Ты гэта пра што? — сярдзіта нахмурыўся Кунцэвіч.

— Ды ведаеш ты, пра што, Сцяпанавіч,— хорам навалiлiлся жанчыны.— Брахня ж гэта? Праўда, брахня?

Кунцэвічу было няпроста вытрымаць іх дапытліва-трывожныя позіркі, ледзь было не вырвалася: усё, бабанькі, адстаршынстваваў я сваё, але ў самую апошнюю хвіліну стрымаўся — яго яшчэ ніхто не вызваляў, ён не мае права дэмабілізоўваць сам сябе, кідаць калгас на волю лёсу, пакуль што гаспадар тут ён...

— Вы мне базар не разводзьце! — спрабаваў асярдзіцца ён, але ўзнікла не злосць, а нейкая жальба горкім камяком раптам падкаціла пад горла.— Больш слухайце розныя плёткі!

Жанчын гэта не пераканала, мо нават, наадварот, зразумелі, што чуткі маюць пад сабой падставу. Але, канеч­не, Кунцэвіч ведаў больш, чым хто, і ім хацелася ведаць усю праўду.

— Чаго ж вам хавацца ад нас, Сцяпанавіч? — ледзь не ўмольна падступіла Вера Прымак.— Уся вёска грыміць, Піліпавічы таксама бурляць — не хочуць Сурмілу.

— Ды скажаш ты, урэшце, праўду народу?! — запатрабавала Кацярына Бакун. Яна дазваляе сабе сяды-тады нават пакрыкваць на Кунцэвіча, бо як яшчэ была ў дзеўках, а ён у кавалерах, некалі трохі заляцаліся, а потым усё разладзілася, і Кацярына па сённяшні дзень не можа дараваць сабе, што некалі правароніла сваё шчасце.— Не вярні носа ад народа, Ляксей, праўду кажы! Праўду кажы! Калі што — мы да райкома дойдзем, як адзін скажам: не патрэбны нам Сурміла!

— I правільна: дойдзем! — рашуча падтрымалі астатнія.

— Так і скажам: народ не хоча Сурмілу...

— Бач ты: знайшоўся ласы на чужыя каўбасы...

— Ты для нас харошы...

— На якую трасцу нам той Сурміла!

Яны гаварылі, перабіваючы адна адну, і немагчыма было зразумець, што хто гаворыць. У іх галасах было столькі занепакоенасці, рашучай шчырасці, што ў Кунцэвіча міжволі стала збірацца здрадлівая слязіна. Каб не выдаць яе, нахмурыўся.

— Каровы, нябось, яшчэ нядоеныя, а вы раскудахта­лся, як квактухі. Канчайце мітынгаваць! — Ён хацеў надаць свайму голасу сярдзітасць, накрычаць на жанчын, але голас сарваўся, задрыжаў.— Глядзіце, а то так і ў «мінусы» можна ўбіцца...

А ўвогуле, ён быў шчаслівы, бадай, першы раз у жыцці ён быў такі шчаслівы ад гэтай дружнай людской падтрымкі і сардэчнай шчырасці. I думаць не думаў, што людзі будуць так трымацца яго. Проста дзіва! Чаго яны так трымаюцца? Калі разабрацца, то яны, гэтыя жанчыны, ад яго, пэўна, ніколі і слова ласкавага не чулі. Адно ведаў, што незадаволена бурчэць: мала робіце, дрэнна робіце, ды патрабаваць — давайце кілаграмы, працэнты, «плюсы», а яны вунь як... Хоць, канечне, усё было: і благое, і добрае. Такія цяжкасці адольвалі... Людзі разумелі, ні з чым не лічыліся: трэба — значыць, трэба. Ды з такім народам горы можна звярнуць!

Аднак прайшла хвіліна-другая, і спакваля з глыбіні душы стала падымацца, разрастацца, ламаць тоненькую шкарлупінку радасці і задаволенасці трывога, нядобрая змрочная, горкая. Як будуць жыць гэтыя людзі пры Сурмілу? Ой, нясоладка ім будзе... А мо дарма хвалюецца? Мо якраз пры Сурмілу ім будзе куды лепш, чым пры ім? Набудуе Сурміла шматпавярховікаў, стануць па-гарадскому жыць... Старэйшым-то наўрад ці даспадобы ад зямлі адрывацца, жыць, як на гарышчы, а маладзейшыя мо і ўпадабаюць? Адкруціў кран — вада, памыі якія сабраліся — плюхай сабе ва унітаз, захацеў — у ванне паплёхаўся, нават нужнік на месцы... Хоць бы гэты нужнік даўмеліся рабіць у якім закутку, а то побач з кухняю, амаль на кухні... Чорт ведае што!