Прывыкнуць, канечне, прывыкнуць. I да пятага паверха, і да нужніка побач з кухняй прывыкнуць. Ад каровы, птушкі, агародаў, сотак адракуцца. Прыедзеш у вёску — там не свінні, а транзістары равуць. Гараджанамі ўсе вакол паробяцца... Але што будзе, калі ўсе гараджанамі паробяцца? Хто карміць будзе такую араву? Праз магазін усіх не накорміш... Ой, спахопяцца, ой, якою паганаю мятлой будуць гнаць розных сурмілаў!
А мо ён проста прыдзіраецца да Сурмілы? Мо нечага не разумее? Мо не такі страшны Сурміла, якім яго малююць? Канечне, і ў Сурмілы ёсць нейкія хібы. А ў каго іх няма? Несправядлівы, людзей крыўдзіць... А хіба ён, Кунцэвіч, заўсёды і да ўсіх добранькі і справядлівы? Вядома, не заўсёды і не да ўсіх... I ў яго, пэўна, знойдуцца ворагі, хто будзе рады, што прагналі, хто потым не раз папікне, прыпомніць крыўду. Усім добранькі не будзеш. Гэта было б нават дзіўна, каб не знайшлося зласліўцаў. У любога старшыні, пэўна, сяброў можа і не быць, а зласліўцы абавязкова знойдуцца...
Адась прыкалдыбаў дамоў раней звычайнага, змрочны, злы. Памацюкаўшы гаспадыню за негатовы сняданак, загадаў рыхтаваць святочны касцюм.
— Тысь што, блёкату наеўся? Ці мо хтось крапівы пад хвост сунуў?
— Табе сказана, ідры тваю маць! — грозна тупнуў здаровай нагою Адась.— Не тваё бабскае дзела!
— Дальбог, звіхнуўся! Пасярод будняга дня-я...
— Маў-у-чаць! — грукнуў кульбаю па табурэтцы Адась.— Табе прыказана!
— Ат! — зняважліва махнула рукою старая і выйшла на вуліцу, даючы зразумець, што яна і не падумае вынараджваць яго, як на фэст.
Яе няўвага абразіла і яшчэ больш раз’юшыла Адася, і ён не ведаў, на чым спагнаць сваю злосць. Намацюкаўшыся ўволю, пайшоў да шафы, рвануў з усяе сілы дзверцы, што аж адскочыла завеса. Гэта трохі астудзіла Адася. Прыладзіўшы дзверцы, знайшоў сіні святочны касцюм, які вісеў у самым кутку на вешалцы-плечукоўцы. Як купіў яго гадоў дзесяць назад, то, здаецца, ні разу і не апранаў. Прыдзірліва агледзеў, ці часам не пабіла моллю, мацюкнуўся для прыліку яшчэ раз, супакоіўся. Паклаў касцюм на стол, зачэрпнуў з сагана на прыпечку кубак гарачай вады, дастаў памазок, брытву і стаў скрэбці перад люстэркам рудаватую шчэць, якая за тры дні добра ўзялася на падбародку, шчоках. Пагаліўшыся, выліў гарачую ваду з сагана ў тазік, распрануўся да пояса, старанна вымыўся з мылам, потым у шафе знайшоў свежую кашулю, стаў апранацца ў святочны касцюм. Хацеў быў начапіць яшчэ і гальштук, які разам з кашуляй атрымаў у падарунак на свята ўраджаю, але перадумаў. Крытычна агледзеў сябе ў люстэрку, падумаў і стаў яшчэ нешта шукаць у шафе, аднак не знаходзіў. Гэта пачынала нерваваць.
— Колькі раз прыказваў: не чапай! — зароў на ўсю хату.— Зноў некуды засунула, ідры яе матары! — I сцішана, для сябе, дадаў: — Во, рэзус пракляты!
Ён паняцця не меў, што гэта такое рэзус, ведаў толькі: нешта медычнае, абразлівае. Усе яго дзесяціпавярховыя з пералівамі мацюкі адскоквалі ад жонкі, як гарох ад сцяны, толькі не «рэзус». Большай абразы яна не ведала, пасля «рэзуса» заўжды — хоць на ферме днюй-начуй. Таму асцерагаўся гэтага «рэзуса», які б злы ні быў. Гэты «рэзус» яе дапякаў таму, што былі бяздзетныя. Не тое што бяздзетныя: дзевяцера альбо нараджаліся мёртвымі, альбо паміралі на другі-трэці дзень, так ніводнага выхадзіць не ўдалося. Урачы сказалі, што ў яе не той рэзус. Таму і лютавала, пачуўшы тое праклятае слова.
Не знайшоўшы чаго трэба, разгневаны, выскачыў на ганак і гукнуў ва ўвесь двор:
— Дзе медале падзела, ідры тваю матары!
— Чаго равеш, як бугай! — сварліва азвалася з гумна старая і, выглянуўшы, убачыла яго ў святочным касцюме, спалохана ўспляснула рукамі, занепакоілася.
— Ты кудысь сабраўся?
— Не тваё дзела! Дзе медале падзела, ідры т-тваю матары?!
Гэта яшчэ больш насцярожыла старую. Падышла і, гледзячы дапытліва, запыталася:
— А кудысь усё-такі ты сабраўся, скажы?
— У раён...— важна і таемна адказаў Адась.— Ты дзе мае медале падзела?
— А на якую пранцу тыя медале табесь? — нічога не разумела старая.
— Да райкому пайду! — важна аб’явіў Адась.