Выбрать главу

А бабуля прывыкла тут. У Мінску, куды яна прыязджала зімою на колькі дзён у госці, яна нудзілася, месца сабе не знаходзіла, сумавала і па той ранейшай вёсцы, і па гэтай новай, Паплавах, успамінала курэй і кабанчыка, за якімі наглядаў сусед дзед Макар... Затое колькі радасці ёй было ўлетку, калі прыязджала Аксана! Для адзінай унучкі яна не шкадавала нічога.

— Можна мне Гаспадара пагладзіць? — спытала Аксана.

— Пагладзь, ён чысты, хоць і стары.

Дзяўчынка прысела каля ката, пагладзіла па сапраўды чыстай, мяккай поўсці. Кот, не звяртаючы на дзяўчынку аніякае ўвагі, прыплюснуўшы вочы, еў траву.

— І ён вас чакаў. А ці надоўга вы? — спытала бабуля ў бацькі, які памыўся, і падала яму ручнік.

— Заўтра ўвечары паедзем.

— Ну і добра. Хадземце ў хату, за стол!

Раздзел 9. ДВОР

На абед была юшка. Самая сапраўдная, са свежае рыбы. Над талеркамі плыў такі водар, што ў Аксаны рот напаўняўся слінаю. У зацягнутым празрыста­залатым тлушчам варыве плавалі жоўтыя лісткі пятрушкі і кропу.

— Хоць у печы звараная, затое са свежай рыбы,— казала задаволеная бабуля, бачачы, што гасцям даспадобы гэты пачастунак.— Дзед Макар сёння раніцаю прынёс.

— Дзед Макар, я гляджу, табе добрая дапамога,— заўважыў бацька.

— А куды ж я адна? Аднаму цяжка, хоць ты разарвіся...

Бацька нічога не сказаў. Аксана сёрбала духмяную юшку, забываючы нават адкусваць хлеб. Калі трапляліся кавалачкі рыбы, дзяўчынка абсмоктвала косткі і давала Гаспадару, які сядзеў пад сталом і мурлыкаў на ўсю хату. Ён адчуваў, што бабуля радая гасцям, і таксама, па­свойму, радаваўся.

— Ты як бы пахудзела крыху,— сказала бабуля Аксане.— Няма маці, няма каму глядзець за табою...

— Я? Пахудзела? Наадварот, паправілася!

Бацька і на гэтыя словы прамоўчаў. Еў спакойна, бы ўсё гэта яго не тычыцца, і глядзеў у талерку.

Аксана заўважыла: бабуля ўвесь час стараецца звесці гаворку на тое, як цяжка чалавеку аднаму, без жонкі. А ёй, Аксане, без маці. Ну, не! Яшчэ чаго! Не трэба ім з бацькам ніхто!.. Яна, Аксана, сама ўжо вялікая і амаль усё можа рабіць па гаспадарцы.

— А калі ты, унучка, ужо надоўга прыедзеш?

— Праз тыдзень, калі канікулы дачнуцца,— адказаў за Аксану бацька.— Тады і прывязу.

— І надоўга?

— Гледзячы, калі сам з экспедыцыі вярнуся. Месяц тут пабудзе ці, можа, паўтара.

— Вось каб была гаспадыня дома,— нібы сама сабе сказала бабуля,— і за кватэраю было б каму паглядзець. А так паедзеш у сваю экспедыцыю — а кватэру на каго кінуць?

— Не трэба нам ніякай гаспадыні! — не вытрымала, умяшалася Аксана.

— Так, ты паела? — строга сказаў бацька.— Тады ідзі на двор, пагуляй.

Не хочуць, каб яна елухала іхнія дарослыя размовы. Ну, і не трэба. Дужа ёй цікава. Дзяўчынка выбралася з­за стала, падзякавала бабулі.

Было гадзіны чатыры дня. Сонца гэтак жа, як і з раніцы, то з'яўлялася, то знікала ў хмарах. І ўсё адно, толькі тут, у вёсцы, адчувалася сапраўднае лета. А пахі!.. Пахне зямлёй, травою, кветкамі... Кветак — цэлая градка пад акном прыбудовы­веранды. За хатаю, паміж сцяною і плотам, яшчэ градка — маладога шчаўя. Аксана, хоць і была зусім не галодная, прысела на кукішкі, пачала адпраўляць у рот самыя маленькія, салатавага колеру лісточкі, якія мелі асаблівы кіславаты прысмак. Ела, аж пакуль не набіла аскоміну. Побач хадзілі куры, скоса пазіралі на дзяўчынку і, нібы дражнілі яе, таксама дзюбалі шчаўе.

Аксана ўскарабкалася на плот і агледзела такую знаёмую вуліцу. Колькі розных домікаў! Яшчэ больш стала, чым у тым годзе. Кожны дворык абгароджаны з усіх чатырох бакоў. А колькі розных вулічак, завулачкаў, тупікоў! Шаша «разразае» Паплавы пасярэдзіне. Адна частка, дзе і бабуліна хата, завецца «нізінаю», таму што з гэтага боку шашы завулачкі, хаты, агароды збягаюць усё ўніз і ўніз, аж да самай Бярэзіны. Адсюль ракі нават не відаць. А недзе там за ракою — поплаў, а за ім — балота...

А другая ад шашы частка пасёлка, наадварот, уздзіраецца ўсё вышэй і вышэй. І там, дзе канчаюцца межы апошніх дачных участкаў, адразу пачынаецца лес.

Вось такія іхнія Паплавы. Не зразумееш, ці гэта вёска, ці прыгарад, ці ўчасткі лецішчаў... Яшчэ год назад Аксана зусім абыякава аглядала гэтае наваколле. Але цяпер гісторыя з талерам, што ляжаў у кішэні, не ішла ў яе з галавы. Гэта ж колькі такіх пасёлкаў на Беларусі! І ў кожнага — свая гісторыя, свае, магчыма, таямніцы... Сказаў жа тата, што толькі ў нашай рэспубліцы кожны год знаходзяць каля дзесятка буйных скарбаў. Не ў адным жа месцы гэтыя скарбы схаваныя, а па ўсёй Беларусі...