Выбрать главу

— Лухта... Пры чым тут горшая, непрыгожая... — прамармытаў ён, стоячы да дачкі спіною. У яго голасе не засталося і следу строгасці, а была толькі разгубленасць.— Ніякая ты не горшая... Ну, і далей? Настаўніца абазвалася, а ты што?

— А я напісала на паперцы: «Калі вы не перастанеце гаварыць адной вучаніцы ўвесь час «каму­каму, а табе...», заўтра ваш сын будзе выкрадзены. І вам давядзецца выкупляць яго за мільён даляраў». І падпісалася — «Невядомы».

Бацька, нібы яму зноў схапіліся балець зубы, прыцмокнуў языком, пацёр скроні:

— «Невядомы»... А калі б яна пайшла з гэтай запіскаю ў міліцыю?

— Не, яна перапалохалася і адразу да сына пабегла. Ён у нашай школе ў першым класе вучыцца. Ведаеш, як яна за ім бегае? — Аксана ажывілася ад успаміну.— На кожным перапынку вядзе яго ў настаўніцкую; корміць там...

— Пачакай, дагавары пра запіску.

— Ну, напісала, тады на перапынку Каця знарок паклікала яе, яна адвярнулася, і я хуценька ўклала запіску ў класны журнал.

— Канспіратары... Добра,— сказаў бацька.— Дапусцім, ты пакрыўдзілася і адпомсціла такім чынам. Але калі ўсе небагатыя, і ўсе, у каго няма маці, і ўсе, скажам, непрыгожыя пачнуць пісаць такія запіскі? Тады што?

У хвіліны разгубленасці бацька заўсёды хаваўся за развагамі тыпу: «А калі ўсе пачнуць так рабіць?»

— А чаму яна абзываецца? — вярнулася Аксана да таго, з чаго ўсё і пачалося.

Цяжка было змагацца з гэтай логікай. Бацька здаўся:

— Добра, заўтра разбярэмся... Позна ўжо, ідзі збірайся спаць.

— А што сказаў завуч?

— Зайсці да яго. Давядзецца раней устаць, і па дарозе на вакзал зойдзем у школу.

Задаволеная, што так лёгка ёй усё абышлося, Аксана глядзела ў большым пакоі тэлевізар. А бацька яшчэ доўга курыў на кухні. Ён успамінаў сваю былую жонку, Аксаніну маці: як жыў з ёю, як потым развёўся... Нягледзячы ні на што, ён згадваў яе з любоўю, з падзякаю за тое, што пакінула яму дачку — гэтую выдумляльшчыцу, шкодніцу, неслуха і разам з тым усё адно самую лепшую ў свеце, самую любімую дзяўчынку.

Раздзел 2. КАЦЯ

А дзевятай гадзіне раніцы, наказаўшы суседцы наглядаць за кватэраю, яны выйшлі з дому.

Невялікі, ціхі, абступлены пяціпавярховымі будынкамі, зарослы каштанамі і плакучымі вербамі дворык жыў блізкім летам. У пясочніцы пад наглядам бабулек корпалася малеча. З боку праспекта даносіліся гукі жыцця вялікага горада. Дворык быў яшчэ ў цені, сонца толькі­толькі дабіралася да верхніх вокнаў суседняга дома, але было цёпла, нават парна.

— Пастаіш у вестыбюлі, каля сумак,— вучыў бацька,— я пастараюся хутка. Ніяк ты не можаш без прыгодаў... Цяпер думай, каб не спазніцца на вакзал.

— А колькі мы будзем у бабулі?

— Пераначуем і заўтра вернемся.

У школе было ціха, нядаўна пачаўся ўрок. У пустым, гулкім, бы ў час канікулаў вестыбюлі бацька паставіў каля століка вахцеркі сумкі, папрасіў вахцёрку, што сядзела за столікам і чытала газету.

— Паглядзіце, калі ласка, сумкі і яе заадно,— кіўнуў ён на дачку.

Ён пайшоў у самы канец калідора, дзе знаходзіўся кабінет завуча.

Дзяўчынка патулялася па вестыбюлі, пастаяла каля стэнда з раскладам урокаў, падышла да вузкага доўгага люстра, што было ўмацавана на калоне насупраць пустых гардэробных вешалак. Уважліва, прыдзірліва пачала аглядаць сябе з ног да галавы. Агляд не падбавіў настрою. Самае крыўднае, што знізу, да твару — усё выдатна: роўныя, моцныя, з драпінамі на каленях ногі, белыя з зялёнымі паскамі красоўкі, зялёныя шкарпэткі, зялёныя шорты да каленяў; на правай калашыне знізу надпіс «San­Francisco», такі ж надпіс, толькі большымі літарамі, на зялёнай майцы... А вось вышэй... Кірпаты нос, круглыя вясковыя шчокі ў рабацінні — сляды травеньскага сонца... Саламянага колеру валасы, якія зверху, на макаўцы, па­хлапечаму тапырацца віхрамі і якія нельга прывесці да ладу — прычасаць так, як хочацца — толькі калі яны мокрыя... Нічога ад бацькі, уся ў маці і ў бабулю! Не, хіба вочы, сінія, жывыя, з кашачымі рыскамі­зрэнкамі — бацькавыя. Вось каб можна было вочы пакінуць свае, а нос «пазычыць» у Каці... Ненадоўга, толькі каб з'ездзіць у вёску, а тады аддаць назад. Шчокі таксама можна было б пазычыць у Каці, а валасы... валасы тым больш у Каці, у яе самыя прыгожыя ў класе...

Усё ж дзяўчынка звыклася да гэтых шчок і носа і цяпер нават пашкадавала іх. Хай, не бойцеся, не будзе яна вас мяняць на лепшыя, так і быць. Свае як­ніяк.

Прыгадаўшы сяброўку, Аксане раптам захацелася ўбачыць яе.

— Маргарыта Янаўна,— падышла яна да вахцёркі, — папільнуйце сумкі.— І дадала, сарамліва прыцішыўшы голас: — Мне ў прыбіральню трэба.