Выбрать главу

— І што вы ад мяне хочаце?

— Копію бяросты. І пакажы...— Сева пакашляў вінавата.— Пакажы, што нам з гэтай праклятай бяростаю рабіць!

— Можа, мне яшчэ завезці вас у Паплавы і тыцнуць насамі ў той метр квадратны зямлі, дзе закапана золата? Дурні, крэціны — іншага слова не знаходжу! Раз вы паверылі мне, дык верце да канца!

— Ды я веру, супакойся. Гэта лысы...

Але Павук гарачыўся:

— Навошта вам гэтая копія? Сцены абклейваць замест шпалераў? Ды зараз зойдзем, там у мяне на стале ляжыць кніга, у ёй дзесяць гэтых копіяў!

— Цішэй, супакойся. Ты ж ведаеш, я твайму кожнаму слову веру.

— Калі верыш, дык перадай лысаму: вы ведаеце роўна столькі, колькі вам патрэбна ведаць. І робіце чорную работу, бо ні на што больш не вартыя. Хіба яшчэ мяняламі тырчэць каля абменных пунктаў... Ды калі б не гэта,— Павук стукнуў аб паркет мыліцаю,— вы мне сто гадоў не трэба былі б. Я і так, з гэтых чатырох сцен не выходзячы, больш за вас зрабіў. Галоўнае, знайшоў другі талер.

— Праўда?! У сэнсе, трэці? Другі ж у малой, якую мы бачылі ў Чэрвені!

— На жаль, менавіта другі. Ён знаходзіцца ў прыватнай калекцыі нейкага Ігара Валянцінавіча Аляшкевіча, якога ў дадзены момант цікавіць не нумізматыка, а дробны бізнес. Цяпер з гэтым талерам гуляюцца дзеці — яго, Аляшкевіча, дачка Каця і яе сяброўка, дачка аднаго археолага... «Чэрвеньскі!» талер і талер з калекцыі Аляшкевіча — адна і тая ж манета. Дарэчы,— сказаў раптам Павук, прыцішыўшы голас,— твая «чэрвеньская» малая сядзіць зараз у мяне ў кабінеце.

— Тут?! — ахнуў Сева.

— Цішэй,— цяпер ужо Павук яго супакоіў.— Яна тут «працуе». Таксама шукае скарб,— відаць, бацька расказваў сёе­тое.

У Аксаны за дзвярыма аж задрыжэлі каленкі. І ўсё ж яна, бы загіпнатызаваная ўсёведаннем гэтага Павука, не магла крануцца з месца.

— Але ты адкуль ведаеш? — спытаў Сева акурат тое, што найбольш цяпер хацелася пачуць і Аксане.

— Усё проста. У адрозненне ад вас з лысым у мяне ёсць крыху розуму і назіральнасці... Нядаўна выступаў у школе, дзе вучыцца гэтая малая. У настаўніцкай, у разгорнутым класным журнале, выпадкова ўбачыў прозвішча Аляшкевіч, яно мяне зацікавіла — быў такі вядомы гісторык. Распытаў іхняга завуча: што за Каця, з кім сябруе, што за бацька ў яе... Папрасіў тэлефончык, увечары пазваніў, «узяў на пушку»: так і так, архіўны музей хоча набыць у вас талер. Ёсць, кажа, талер, толькі я падараваў цяпер дачцэ. А дачка падаравала сваёй сяброўцы. А тут і вы з вашымі звесткамі пра «чэрвеньскую малую»... Вось і ўсе праблемы.

— Талер у яе! — рашуча сказаў Сева.— Трэба зараз жа забраць!

— Спакойна, хутчэй за ўсё няма ў яе ніякага талера. А калі і ёсць, дзяцей крыўдзіць нельга. Яе бацька паехаў учора ў экспедыцыю, яна жыве цяпер у сяброўкі — у Аляшкевіча, значыць. Там будзе і талер. Вам давядзецца размаўляць непасрэдна з гаспадаром. Сёння ж з лысым матайце да гэтага Аляшкевіча на кватэру, рабіце што хочаце, але каб талер заўтра­паслязаўтра быў у мяне.

— А калі ён занаравіцца, гэты Аляшкевіч? Нумізматы ўсе ненармальныя, я ведаю,— сказаў Сева.— Трасуцца за кожную сцёртую капеечку.

— Паабяцайце добрыя грошы. Мне вас нават гэтаму вучыць трэба? Прыгразіце — вы ж рэкет, а ў яго бізнес. У крайнім выпадку, калі пачне ўпірацца, абмяняеце яго талер на наш. Яны амаль ідэнтычныя.

— Павук, ты ў сваім розуме?! Аддаць яму адзіны талер? А калі ў яго фальшыўка?

— Рабіце тое, што вам загадана. Тут галоўнае не талеры, разумнаму чалавеку дастаткова толькі патрымаць іх у руцэ... Карацей, так і быць: дастаньце мне манету, і я скажу, у чым справа.

— Добра,— Сева памаўчаў, тады нібы ўспомніў штосьці: — Але калі ты круціш...

— Ды вы без мяне — чурбакі! — злосна сказаў Павук.— Запомніце: калі задумалі рабіць штось самі — усё прапала!

— Добра, добра, я ж нічога... Гэта лысы ўсё,— ільсціва загаварыў Сева.— Кажа, Павук дурыць нас, не паказвае бяросту. Мы нават у гарадскі краязнаўчы музей з'ездзілі — праўда, ён на рамонце,— і ў шкояу ў Паплавах лазілі...

— Ідыёты, навошта?!

— Копію бяросты шукалі. Унук дзеда, у якога мы спыніліся, уночы пралез у акенца, выцягнуў папкў з шафы... А ў папцы,— Сева сіілюнуў,— біяграфіі славутых людзей раёна, выразкі з газет!

—У мяне не хапае слоў...

Зразумеўшы, што размова канчаецца, Аксана, стараючыся ступаць ціха, кінулася да стала. Прысела на сваё месца, тады ўспомніла: «У мяне там кніга, у ёй дзесяць гэтых копій!» Хуценька пачала гартаць тоўстую кнігу, што ляжала з краю стала. Ёсць! Сапраўды, цэлы стос копій... Схапіла адну, схавала ў сшытак. І своечасова. Зачыніліся дзверы, прыклыпаў загадчык.