Выбрать главу

— Якія яшчэ загадкі? — спытала Аксана.

— Напрыклад, слова «КЛАД», напісанае лацінкаю. Чаму афіцэр не напісаў гэтае слова на сваёй мове, па­французску — tresor?

Дзяўчынкі задумаліся. Аксана няпэўна сказала:

— Можа, яго сумленне замучыла? І ён схаваў скарб менавіта для рускіх, і таму напісаў па­руску — «КЛАД», каб рускія здагадаліся?

— Цікава! — здзіўлена зірнуў на яе Барыс Рыгоравіч.— Аднак мала верагодна. Справа ў тым, што даўно, калі я яшчэ быў захоплены гэтай гісторыяй, я здагадаўся зрабіць пісьмовы запыт у Парыжскі Нацыянальны архіў. І што вы думаеце? — у хуткім часе прыйшоў адказ; сапраўды, служыў у напалеонаўскай арміі інжынер­тапограф Анры Бокль, які загінуў у Расіі і там пахаваны. Чамусьці ім упарта хочацца блытаць Беларусь з Расіяю,— заўважыў настаўнік.— Дык вось, з характарыстыкі гэтага чалавека я пераканаўся, што сумленне наўрад ці магло мучыць яго. Анры Бокль быў прыкладна такога ж разгульнага нораву, як і шляхціц Адам Трушка, і не дзіва, што яны сышліся. Хутчэй за ўсё і рэдкія кадекцыйныя талеры Бокль проста выйграў у Трушкі ў карты.

— Тады што ж выходзіць? — спытала Аксана.

— Самае верагоднае — Бокль баяўся, каб яго шыфроўкай­картаю не пакарысталіся ні рускія, ні французы. Таму і напісаў рускае слова лацінкаю. Але другая, самая цяжкая загадка,— павярнуўся Барыс Рыгоравіч да Каці,— вось у чым. Нават калі Аксаніна бабуля яшчэ не знайшла насоўкі і не памыла яе, нават калі ў нас будуць контуры ўсіх трох манет, мы мала што зразумеем.

Настаўнік падняўся, падышоў да шафы, прынёс тоўстую ручку з чатырма рознакаляровымі стрыжнямі. Высунуў зялёны і на сваім малюнку паказаў пункцірам звілістую лінію з аднаго боку манет, затым чырвоным стрыжнем — з другога боку. Над пункцірам паставіў пытальнікі.

— Бачыце, пункціры нагадваюць рэчышча якойсьці невялікай рачулкі? І гэта самае лагічнае. Паранены француз у зусім незнаёмых мясцінах прабіраўся ўздоўж рачулкі. Магчыма, скарб быў пры ім. Было гэта ў кастрычніку, а мароз у тым годзе,— а значыць, і снег— пачаўся толькі ў канцы лістапада. Значыць, рачулка не была замерзлая і не была замеценая снегам. Адчуўшы, што з кожнай хвілінаю слабее, Бокль вымушаны прыхаваць скарб, каб потым вярнуцца сюды і забраць,— вядома, ён верыў, што выжыве! Як тапограф, ён арыентуецца выдатна: робіць на манетах засечкі, якія ў маштабе азначаюць згібы рачулкі...

— Але чаму ён не выдрапаў нажом адразу на бяросце рэчышча? — перабіла Аксана.

— Я думаю, Бокль усё ж адчуваў, што ў самым лепшым выпадку, калі застанецца жывы, здолее наведацца сюды не скора. А бяроста — рэч ненадзейная, недаўгавечная, да таго ж можа вельмі проста патрапіць у чужыя рукі.

— Дык у чым тут загадка, Барыс Рыгоравіч? — здзівілася Аксана.— Гэта ж прасцей простага! Возьмем карту Бярозы і ваколіцаў — падрабязную, вялікага маштабу, адшукаем на ёй рачулку, падобную на контуры манет, зарыентуемся, у якім месцы стаіць крыжык,— значыць, там француз і схаваў скарб! Прыходзь і выкопвай.

Настаўнік выслухаў дзяўчынку з усмешкаю.

— Не, Аксана, гэта далёка не так проста. Я даўным­даўно перагледзеў тапаграфічныя карты той мясцовасці, прычым карты розных гадоў. Падобнай рачулкі няма не толькі ў раёне Паплавоў, яе няма ўвогуле ў пойме ракі Бярэзіны... Калі гэтая рачулка, можа, і была некалі, дык за сто восемдзесят гадоў магла перасохнуць, знікнуць, змяніць рэчышча, як гэта часта здараецца з такімі невялічкімі рачулкамі...

— А можа, француз зашыфраваў у сваім плане зусім не рэчку? — уставіла Каця.— А якуюсьці лясную звілістую дарогу.

— Усё можа быць,— пагадзіўся настаўнік.

— Дык што: гэтая бяроста зусім нам не згадзіцца? — расчаравана ўздыхнула Аксана.— Выходзіць, яна непатрэбная?

— Яшчэ і як згадзілася б,— сказаў настаўнік,— калі б мела адну маленькую, але самую неабходную для тапаграфічнай схемы рэч,— прывязку.

— А, ведаю! — Аксана ўспомніла бацькаў расказ і яго тлумачэнне слова «прывязка».— Гэта каб на бяросце было абазначана нейкае дрэва, ці вялікая рака, ці камень...

— Так, або геаграфічныя напрамкі: поўнач­поўдзень, усход­захад. А без гэтых прывязак мы можам круціць бяросту, як нам хочацца, і ўсё без толку. Ды і Каця правільна сказала,— а калі гэта зусім не рачулка? А калі і рачулка, адкуль мы ведаем, што яна паблізу Паплавоў? Гэта можа быць адна з тысяч рачулак ад Масквы да Бярозы, і няма гарантыі, што яна не перасохла або не змяніла рэчышча... У тым і хітрасць француза, знаходка яго: ён адзін ведаў нейкі арыенцір­прывязку, ад якой і трэба «танцаваць».

— І ўсё ж гэта несправядліва,— сказала Аксана.— Усё пад рукою — тры талеры, бяроста — і нічога нельга адшукаць!