— Ты глядзі! Ну, малайчына. А я вось і два радкі ў рыфму напісаць не змагу,— ён зіркнуў на гадзіннік, заспяшаўся.— Што ж, можна будзе паказаць і гэтую сцэнку... Толькі адно, мне здаецца,— выхад на фальклор, на казачнасць — самы лёгкі і просты. Калі Антон, паглядзеўшы мультфільм, прыдумаў, дык чаму яшчэ нехта не зможа? I потым — усё ж гэта яўная стылізацыя: дарослыя героі, казачная мова... Абмежаваны час і месца дзеяння. Можа, паспрабаваць яшчэ штосьці? Час ёсць... у вас ёсць, у мяне ўжо, на жаль, няма! Словам, смялей эксперыментуйце, выходзьце... ну...
— На сучаснасць выходзіць, Андрэй Адамавіч? — падказаў Антон.
— Вось-вось! Што-небудзь такое, ведаеце,— «когда уйдешь со школьного двора», «мальчнк с девочкой дружші, дружбой этой дорожші», і ў такім родзе... Усё, пабег!
Завуч і сапраўды амаль подбегам выйшаў з актавай залы. Крыху разгубленыя дзеці разам з Сасноўскай паглядзелі яму ўслед.
— Ох, падазраю, што дагадзіць яму будзе нялёгка,— уздыхнула Аксана, пераматваючы на магнітафоне назад касету.
— Нічога страшнага! — бадзёра азвалася Сасноўская.— Помніце, у нас была якраз школьная, пра сяброўства, сцэнка? Давайце заўтра збярэмся, запросім яго і пакажам.
II
Назаўтра пасля ўрокаў удзельнікі драмгуртка на чале з Сасноўскай былі ў зборы ў пустой актавай зале.
Хутка на сцэне з'явіліся дэкарацыі: школьны клас — парты, стол, дошка... Аксана з Сасноўскай селі, як і ўчора, у першым радзе, Аксана ўключыла магнітафон, з якога ціхенька загучала песня — тая самая, «когда уйдешь со школьного двора».
На сцэне тым часам Каця — у школьнай форме, з каснічкамі на галаве, з партфелем у руцэ — нібыта збіралася выйсці з класа, а Антон, Мікола і Віця заступілі ёй дарогу.
Каця. Ах, што такое? Дайце прайсці!..
Не даюць, перамінаюцца з нагі на нагу, падштурхоўваюць адзін аднаго.
А н т о н. Каця, мы хочам пагаварыць з табою... Мы ўжо не дзеці. Хутка выпускныя экзамены. Потым шляхі нашы разыдуцца ў розныя бакі. Скажы, нарэшце, каго з нас траіх ты выбіраеш?
Каця. Ах, хлопчыкі, я вас усіх выбіраю! Усіх трох люблю аднолькава...
У гэты час у актавую залу, махаючы рукамі, каб не звярталі на яго ўвагі, на дыбачках увайшоў завуч Андрэй Адамавіч.
А н т о н. Мы былі самыя лепшыя ў класе сябры. Нас дражнілі трыма мушкецёрамі. Заўсёды мы былі разам, стаялі адзін за аднаго гарою... пакуль не з'явілася ты...
— Антон, што значыць «з'явілася»? — перабіла Сасноўская, гледзячы ў нейкія лісткі.
А н т о н. Ой, пакуль ты не перавялася да нас з іншай школы. Мы пісалі табе запіскі, ты адказвала на іх, хадзіла з намі ў кіно, танцавала на дыскатэках, падказвала нам урокі, давала спісваць... Мы не маглі падзяліць цябе. Трох лепшых сяброў ты зрабіла трыма ворагамі. Але мы не хочам больш варагаваць! Выберы аднаго з нас — так будзе лепш, і мы зноў станем сябрамі!
Каця. Ах, як гэта для мяне нечакана! (Задумваецца.) Добра. Калі так, я згодна. Я выберу з вас кагосьці... але не цяпер, а скажам, гады праз два. Калі за гэтыя два гады вы мяне не забудзеце, мы ўсе зноў збярэмся разам, і я выберу з вас таго, хто за гэты час большага ў жыцці даб'ецца. Вось ты, Антон, добра пісаў сачыненні — пастарайся за гэты час стаць журналістам ці хоць бы паступі на жур-фак... Ты, Віця, заўсёды ўсё перапрадаеш — ад жвачак да шпаргалак, вядомы ўсёй школе фарцоўшчык, пастарайся стаць, напрыклад, бізнесменам... А ты, Мікола, любіш парадак, дысцыпліну, збіраешся вучыцца на афіцэра — вось і паглядзім, што з цябе праз два гады атрымаецца... Такая мая ўмова. Ці згодны?
Каця працягвае далонь, і ўсе ўтрох у знак згоды кладуць свае далоні на яе.
Пад тую ж школьную музыку змяняюцца дэкарацыі. На сцэне — гратэскна-шыкоўны офіс: з камп'ютэрамі, тэлефонамі, дэкаратыўнымі пальмамі... Каця, загрыміраваная пад дарослую дзяўчыну, сядзіць за часопісным столікам, увесь час глядзіцца ў люстэрка, трымае ў пальцах незапаленую цыгарэту.
— Прайшло два гады! — прашаптала Сасноўская завучу, і той кіўнуў, што зразумеў.
Каця-бізнесменша. Як я хвалююся! Хто б мог падумаць, што яны мяне не разлюбяць!.. Вось-вось яны прыдуць, і я вымушана буду адмовіць ім, сказаць, што за гэты час я пакахала зусім іншага чалавека... Як растлумачыць ім гэта? Як даказаць, што я зусім не жорсткая, не легкадумная?! Так, Антон цяпер піша артыкулы, друкуецца ў газетах. Віця ўдала робіць бізнес, Мікола вучыцца ў прэстыжным ваенным вучылішчы. Але ж яны нават не здагадваюцца, што ўсімі сваімі поспехамі яны абавязаны мне! Так, мне. Што ўладкоўваць іх памагаў мой дзядзька, які займае высокую пасаду, і пра існаванне якога яны нават не здагадваюцца... Я адплаціла ім за каханне і вернасць, папрасіла дзядзьку, каб памог ім. Але ці трэба гаварыць ім пра гэта? Прыніжаць іх самалюбства? Не, хай думаюць, што ўсяго дабіліся самі!..