Выбрать главу

Дзяўчынка слухала, любавалася кветкамі і аніяк не магла выбраць лепшае. Гэтая прыгожая, а паглядзіш — другая яшчэ прыгажэйшая... Раптам яна пачула меладычныя, танюткія і чыстыя, як перазвон крышталю, галаскі. Дзяўчынка агледзелася. Ах, яна нават не заўважыла, што наступіла на цэлую сямейку непрыкметных сярод гэтай раскошы колераў і пахаў звычайных маргарытак! Цяпер яны, прымятыя, падымаліся з зямлі, атрэсваліся, распраўлялі пялёсткі і лісточкі, падстаўлялі сонцу свае бела-ружовыя вяночкі з жаўтком пасярэдзіне. Яны гаварылі так ціха, што дзяўчынцы, каб пачуць іх, давялося прысесці і нагнуцца ледзь не да зямлі.

— Каб толькі гэтая дзяўчынка захацела паслухаць нас! — сказала адна з кветак, і Марыйка, як гэта бывае толькі ў снах, чамусьці адразу зразумела, што гэта нямецкая маргарытка. — Каб дала нам хоць крышачку ўвагі! Можа, тады яна выбрала б нас? Мы ніколькі не горшыя за іншыя кветкі. Гэта ж акурат мы здавён-даўна прыносім дзецям і дарослым радасць, стараючыся прадказаць іхні лёс. Можна загадаць любое жаданне, потым абрываць па чарзе пялёсткі, і тое слова, пры якім будзе абарваны апошні пялёстак, і павінна азначаць: збудзецца ці не збудзецца жаданне.

— Гэта праўда, — азвалася другая кветка, і зноў Марыйка адразу зразумела, што гэта маргарытка-францужанка. — Мы цвіцем з ранняй вясны да позняй восені, і няма ў свеце краіны, дзе нельга было б нас сустрэць, дзе не варажылі б на нашых пялёстках! Я таксама расказала б гэтай дзяўчынцы, як яшчэ ў старадаўнія часы рыцары дарылі нас сваім дамам і на стужках, якімі абвязвалі букеты, рабілі такія надпісы: «Кожная кветка мае сваю вабнасць, але калі б мне прапанавалі на выбар адразу тысячу кветак, усё адно я выбраў бы толькі маргарытку!»

— А я расказала б дзяўчынцы, — падхапіла кветка-грачанка, — што нашая назва «маргарыткі» пайшла з грэчаскай мовы і азначае «жамчужыны». I гэта нас апяваў паэт, сцвярджаючы, што мы, незлічоныя белыя кветачкі, рассыпаныя па зялёным лузе, — здаемся сапраўднымі жамчужынамі!

— А я, — умяшалася кветка-італьянка, — распавяла б дзяўчынцы адну з самых прыгожых легендаў пра нашае паходжанне. Вядома, што вялікае сонца больш за ўсё на свеце любіць кветкі, клапоціцца пра іх, песціць, як дзяцей... А кветкі карыстаюцца гэтым і заўсёды аб нечым у яго просяць: адны хочуць быць больш буйнымі, другія — больш духмянымі, трэція — мець прыгажэйшыя пялёсткі... I толькі мы, маргарыткі, ніколі ні аб чым не прасілі, заўсёды адчувалі сябе шчаслівымі, такімі, як стварыў нас Бог. Больш за ўсё мы радуемся, калі нас зрываюць дзеці і гуляюць з намі. I ў падзяку за нашую сціпласць сонца цалуе нас, пакідаючы свой знак — жоўтую плямку пасярэдзіне белых пялёсткаў.

— Я расказала б дзяўчынцы, — прамовіла кветка-аўстрыйка, — што выява букеціка маргарытак ёсць нават на мармуровым помніку. Ён узведзены ў памяць аўстрыйскай імператрыцы Лізаветы, якая заўчасна загінула, а маргарыткі — сімвалы яе дабрыні і сардэчнасці.

— Я, — сказала кветка-англічанка, — радуюся таму, што гэтая дзяўчынка наступіла на нас. У Англіі і цяпер існуе звычай: калі наступіш на дванаццаць маргарытак адразу, вясна надыдзе раней.

— I ў Скандынавіі мы служым прадвесніцамі вясны і аднаўлення жыцця, — падтрымала шведская кветка. — Менавіта ў Швецыі ўпершыню быў наладжаны збор ахвяраванняў для хворых на сухоты, а кветкай, якую даравалі кожнаму, хто рабіў грашовы ўклад, былі выбраны мы, маргарыткі!

— А я, — абазвалася апошняя кветка, — расказала б дзяўчынцы пра нашую агульную з ёю цудоўную і нешчаслівую радзіму. Я расказала б, як яшчэ са старадаўніны тапталі мяне чужацкія коні і людзі, як з веку ў век вострыя сохі і плугі падразалі разам з дзёранам мае карані, і я, як і іншыя кветкі і травы, угнойвала глебу; расказала б, як паласавалі мяне цяжкія жалезныя гусеніцы цягачоў і танкаў і як вырывалі, перамешвалі мяне з зямлёю разрывы бомбаў і снарадаў; расказала б, як прысыпала мяне смяротным радыяцыйным попелам і брудам... I ўсё ж я выжыла! Нездарма ў нашай мове я завуся стакротка. Я зноў расту паўсюль, дзе толькі могуць умацавацца карані, і я хачу, каб бегалі па мне басанож, каб зрывалі мяне і варажылі на маіх пялёстках шчаслівыя дзеці, хачу радаваць вочы і адаграваць душы дарослых...