Выбрать главу

Андрэй ФЕДАРЭНКА

ШЧАСЦЕ

Апавяданне

І.

Пачаць з таго, што Шаўцоў-Бузук напісаў раман.

Не, ён не быў прафесійным літаратарам, адукацыю меў - будаўнічае ПТВ, і працаваў па сваёй спецыяльнас- ці - мулярам-бетоншчыкам чацвёртага разраду. Гадоў яму было за 50. Жыў ён з “падсяленнем”, займаючы ў кватэры адзін пакой з трох - разам з чужымі людзьмі: муж, жонка, сынок 8 гадоў. Так сабе сямейка, не сказаць, каб спакойная.

Што ж падштурхнула гэтага Шаўцова-Бузука, нашага героя, на такі авантурны, рызыкоўны, так і хочацца ска­заць: непрыстойны крок - напісаць раман? Можа, жаданне пахваліцца перад жонкаю, ці палюбоўніцай, даказаць, што ён не толькі цэглу ўмее класці і раствор замешваць?Ды не, не было ў яго ні палюбоўніцы, ні жонкі. Палюбоўніцы не было, бо Шаўцоў-Бузук, набыўшы за свой век хіба толькі прастату памерам з невялікую цыбуліну, ужо крыху падзабыў, як такая справа робіцца.

А з жонкаю яны даўно развяліся, нават усе аліменты акуратна выплачаны, ён можа паказаць стос квітанцыяў. Чаму развяліся? Звычайна Шаўцоў-Бузук тлумачыў людзям, усім, хто цікавіўся, што кватэрнае пытанне вінавата, яно падвяло. І праўда, жыць “з падсяленнем” горш за інтэрнат, за камуналку. Але ў глыбіні душы ён здагадваўся, што жонка кінула яго, бо ён элементарна нецікавы. Не кампанейскі, не зух, не гумарны. Як жыць з такім? А з іншага боку - з цікавымі, гумарнымі хіба не разводзяцца? Нібыта жыве сям’я - шчаслівая, маладая, на, трах-бах, ужо яны разам не жывуць. Увогуле, разбірацца ў прычынах разводу, няважна, свайго ці чужога - дакладна канцоў не знойдзеш. Развод двух людзей адна з тых вечных загадак, адказ на якую пакуль не ў сілах даць абмежаваны чалавечы розум; гэта метафізіка кшталту: ці ёсць Бог? што з’явілася раней: дух ці матэрыя? ці існуе жыццё пасля смерці? і г.д. - словам, пустыя, без адказаў пытанні.

Дык тады што? Што прымусіла чалавека пайсці на такое страхоцце - узяць і ні з таго ні з сяго напісаць раман? Прага славы? Захацелася выступленняў, вядомасці перад калегамі-мулярамі? Грошай, урэшце?

Не, і яшчэ раз не.

З адчаю, ад безвыходнасці - вось адказ. Гэта амаль як рукі на сябе накласці. Так лезуць у пятлю, кідаюцца ў палонку з галавою, уваходзяць у чорны запой... Бяда, гора, нэндза, поўная нявыкрутка прымусілі чалавека ўзяцца за дурную справу - напісаць раман!

ІІ.

Трэба аддаць Шаўцову-Бузуку належнае - трымаўся, цярпеў ён да апошняга. Пакуль дазвалялі абставіны і здароўе, механічна, стуліўшыся, цягаўся на сваю будоўлю - у кожную пару года, у любое надвор’е, з васьмі раніцы да пяці вечара, у шэсць вяртаўся, ціха прашмыгваў у свой пакойчык, увесь час трымаючы вушы натапыранымі, ловячы зручны момант, каб праслізнуць на кухню, у прыбіральню ці ў ванну, стараўся жыць, як мыш, каб менш трапляцца на чужыя вочы, баючыся дыхнуць лішні раз.

Хаця не такія ўжо монстры былі яго суседзі. Звычайныя людзі, можа, нават, больш добрыя, чым кепскія. Асабліва гаспадыня, сімпатычная Светка. Неяк, калі ён быў захварэў, нават зварыла яму курыны булён. Віталася з ім, пытала, ці не трэба чаго.

Працавала яна недзе пры школе, ці то прыбіральшчыцай, ці ў сталоўцы, ці настаўніцай, ці мо школьным псіхолагам, а мо нават дырэктарам школы - Шаўцоў-Бузук не распытваў: школа ды й школа.

А вось яе мужа Ігара, лічылася - гаспадара, ён стараўся пазбягаць. Ігар ніколі не прамінаў буркнуць:

- Зноў ты блытаешся пад нагамі? Жыцця ад цябе няма...

Гэты быў на службе ў ведамаснай ахове. А можа, проста вартаўніком на аўтастаянцы. Ці звычайным вышыбалам. Карацей, прафесіі што ў яго, што ў ягонай жонкі былі таямнічымі.

Ігар любіў гаварыць прымаўкамі, і ўсе на адзін капыл - са свіннямі звязанымі. “Свіння гразі знойдзе”, “пасадзі за стол - я і ногі на стол”, “не даў Бог свінні рогі”, “кожная свіння сваё карыта хваліць”, “нарэзаўся, як свіння брагі”, “ні вуха, ні рыла”...

Пры жаданні гэты Ігар, канечне, лёгка б вытурыў свайго ціхоню-суседа, ды проста гаркнуў бы: “Збірай манаткі і вымятайся!” - і Шаўцоў-Бузук пакорліва сабраўся б і пайшоў. Але тут была іншая сітуацыя - падсяленне наадварот - гэта яны, сам Ігар з сям’ёй вось-вось павінны былі перабрацца ў новую кватэру, а Шаўцову-Бузуку заставался гэтая, у сэнсе, заставалася чакаць, каго яму падселяць.

Ігар казаў:

- Мне ж не выгадна цябе выганяць. Выгані цябе, дык тваё месца зойме сям’я з дзецьмі. Так што жыві. Свіння, і тая выгоды з усяго шукае.

Сынок іхні, Іллючок, дасягнуў узросту шкадлівасці, знаходзіўся на стадыі ператварэння ў хулігана - ужо ваўсю распісваў з балончыкаў сце­ны пад’езда, драпаў ліфт або падпальваў кнопкі, якія абазначалі нумары паверхаў.