Выбрать главу
1985
СТРАХ
«Каханы мой!» А мне ты: «Не кляніся!» «Адзіны мой!» А ты: «Не прысягай!» О як ты, непаўторны мой, баішся, Што раптам страціш спознены свой май!..
Табе ўсё роўна ўжо, што скажуць людзі — Адно самому б толькі не здрабнець, — Бо людзі перш апошляць ды асудзяць, Пакуль сумеюць нешта ўразумець.
Каханы мой, о не, я не клянуся, Адзіны мой, не прысягаю я: Да вусцішнасці ж і сама баюся, Што згіне, быццам здань, вясна мая.
Цалую распрамененыя вочы, Гарнуся ўсёй істотай пад крыло Ўзаемнасці, якую не сурочыць Прызнаннямі — ўсім ростаням назло!
Ёсць толькі жыццяў нашых берагі... Саколік мой, Жаданы, Дарагі...
1984
ЛАСТАЎЧЫНЫ БЕРАГ
О гэта ззянне спадзявання, Што будзем, будзем разам мы, Што лета нашага кахання Навек нас выбавіць з зімы!..
Як доўга, цяжка мы блукалі У зглухлых, ледзяных снягах, Пакуль сябе не адшукалі На ластаўчыных берагах.
Яшчэ між намі яр абставін, Ды промень кладачкай пралёг, Каб мы перамаглі расстанне, Каб смутак знішчыць нас не змог.
Парыў і чысціня ў паглядзе — Бяссмертны выклік небыццю. Не здрадзім, родны мой, не здрадзім Велікадушнаму жыццю!..
1987
* * *
Не люблю тэлефонных размоў. Але ў свет мой званок уварвецца — І зруйнуе спакой да асноў, I на голас твой сэрца сарвецца, Як зрываецца птушка ў палёт, I, як птушка, ў блакіце крыляе У бяздонных нябёсах пяшчот, Дзе душа да душы прамаўляе. Любы мой, любы мой, любы мой! I часовае — з намі навечна. Знае доля, якою цаной Выкуплялі ў яе мы сустрэчу. Жаваронкавы міг светлыні, Барані нас цяпер, барані!..
1988
* * *
Мой муж, мой вечны падарожнік, Мой найраднейшы чалавеча! Жывём — як на чужым парозе: То зоркі сыплюцца на плечы, То гром настрашвае, то замець Рагоча, што — не маем кута...
Усё абвалачэ няпамяць — I мілаванне, і пакуты.
Але ж і ў радасці, і ў скрусе Наяве зліты мы і ў мроі. Два целы возьме смерць, а мусіць Здаволіцца душой адною.
1988
ПАВУЧОК
Сшалець ад радасці — як недарэчна, Як гэта жалю варта, сапраўды, Аслепнуць і забыць, што вечна, вечна Ты тут на павуцінку ад жуды.
Падцяты ў самым сонцы, і не сцяміш, Як апынешся зноў у чорнай яме...
«Няхай не трызніцца, што ты тут — волат! Не блюзніцца ўсёўладдзе ўласных рук! А вось пабач, які ты босы-голы! Паслухай вось, бяссілы, сык гадзюк!..»
Цябе шкадуюць проста адмыслова! А з ямы выбавіць хоць хто гатовы?
Варушыцца надзеі павучок... Зноў выштукуеш залаты гачок?..
1988
АДКАЖЫ
Сонца любові — за чорнай тугою, Боль над усім: Дзеля чаго я, дзеля чаго У лёсе тваім?..
Так палымяна цягнуцца настрэчу — Каб даказаць: Блытаць каханне і лёс — недарэчы, Іх не ўвязаць?..
Ты ці жартуеш на гэта як-небудзь, Ці прамаўчыш... Бо знаеш: адкрыта дарога на неба Толькі праз крыж?..
Бо згодны: заманліва стаць крылатым, Ды, што ні кажы, Распятасць — нязмерна вялікая плата За ззянне душы?..
1988
РОСПАЧ У ВЯЧЭРНІМ АЎТОБУСЕ
Уздрыгваюць ссутуленыя плечы... Сутоніцца, і лівень на двары Панура, утрапёна ў шыбы плешча, Зняверыўшы пагодныя дары, — I ты — Рыдаеш, змоглы і стары...