Выбрать главу

— Усё ў парадку, — перамог сябе і ўсміхнуўся яму А.К.Якімцоў. — Бывае, прабач.

І, калі той пайшоў прэч, на ўсялякі выпадак азірнуўшыся некалькі разоў, сказаў:

— Гэта звычайная помста. Не ведаю, можа, і раней калі пакрыўдзіў Канаплёва, у рабоце ўсё бывае. Але, што называецца, сеў яму на хвост у час выбарчага бегу Лукашэнкі — гэта сапраўды так. Ён жа быў яго даверанай асобай і, цяп-ляпнуўшы работу, распісаўшыся ў ведамасці па зарплаце, збягаў да яго, каб каруселіць па раёнах. А так нельга: хто за яго справу рабіць будзе, а? Вось я і намыліў яму некалькі разоў шыю. Кажу, ці працуй у мяне, ці ў Лукашэнкі. Выбірай. Але ён хацеў уседзець адразу на некалькіх крэслах. Не, так не бывае. І я пра панаваў яму звольніцца. Пакрыўдзіўся на мяне, прыгразіў расквітацца потым... Ну, калі б яшчэ дапамагаў ён якому-небудзь сапраўды заслужанаму чалавеку, я, сказаць па праўдзе, можа, і не так чапляўся б да яго. А то — Лукашэнку. Я яго ведаю, гэтага балбатуна, як аблупленага. І па маральных якасцях не цягне ён на дэпутата. Заблытаўся чалавек у каханках пры жывой жонцы. Я гэта прама гаварыў пра Лукашэнку на пасяджэннях, адкрыта ўдзельнічаў у байкатаваннях пры яго спробе прабіцца ў дэпутацтва. Гаварыў, лепш няхай парадак навядзе ў саўгасе "Гарадзец" і сваёй сям'і. Ягоныя хлопчыкі мне пагражалі потым, маўляў, разбяромся з табой. А я, дурань, не баяўся.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Што? — перапытаў ён. — Ну, паабяцаў Лукашэнка, што звольніць мяне з пасады начальніка райаддзела міліцыі — стрымаў слова. Сказаў, што "вылечу" і з новай працы — сапраўды, фініш і тут ужо бачны. Мае сябры з міністэрства папярэдзілі, што Лукашэнка разгарнуў супраць мяне сапраўдныя баявыя дзеянні. Але гэта — паўбяды. Самае дзікае ў тым, што я ба-ю-ся. За сям'ю. Перыядычна, і ўначы, і ўдзень, мне тэлефануюць і пагражаюць. Ды так, што мароз па скуры прабягае. Учора, напрыклад, жонка зняла трубку, а ёй мужчынскі голас "паведамляе":

— Мы цябе, сцерва, згвалтуем прама на вачах у твайго выблядка.

Анатоль Якімцоў змоўк і сцяў губы так, што яны акаймавалі рот танюсенькай звілінай.

— Я не ведаю, куды ад гэтых пагроз схавацца, куды кінуцца? — праз некалькі хвілін прамовіў, быццам прастагнаў Анатоль Якімцоў.

— Вы што, лічыце, што на гэтую брыдоту здольны Уладзімір Канаплёў ці Аляксандр Лукашэнка? Ніколі ў гэта не паверу, яны, дзякуй богу, нармальныя людзі. Лукашэнку ведаю горш, а Валодзя, здаецца, чалавек добры.

— Я расказаў вам толькі пра тое, што адбываецца на самай справе. Нічога агулам сцвярджаць не магу, таму што, як кажуць, не спайманы — не злодзей. Можа, сапраўды пад шумок якія-небудзь Пецькі-Ваські помсцяць за былыя мае службовыя абавязкі. Колькі парушальнікаў-злачынцаў перасаджаў за час міліцэйскай працы ў турму!

Нейкі час я стаяла ў разгубленасці. А потым няўпэўнена прапанавала:

— А вы звярніцеся да каго-небудзь па дапамогу, кансультацыю...

— Да каго, напрыклад? — з нейкай злосцю спытаў у мяне Якімцоў. — Я цяпер добра ведаю, што ніхто нікому ні ў чым дапамагчы не зможа. Хіба што сам сабе дапаможаш.

— Дарэчы, а калі будзе працяг суда па вашаму іску не ведаеце? — спыталася я.

Ён паціснуў плячыма:

— Сам дзіву даюся, днямі забягу, спытаюся. Ужо ўсе тэрміны прайшлі, а павестку не дасылаюць. Дарэчы, свае прэтэнзіі да вас я здымаю: не трэба мне ні вашых мільёнаў, ні прабачэнняў, Бог вам суддзя. А што тычыцца Бабка, то справу давяду да канца. І Лукашэнка разам з ім цяпер адкажа. Калі пакласці руку на сэрца, мне і ад іх грошай не трэба — рукі-ногі ёсць, зараблю. А вось прызнаць сваю віну ў ачарніцельстве праз газету, з якой яны палівалі мяне брудам, прымушу. Я не хачу, каб шклоўскі люд баяўся мяне як чорт ладана і думаў пра мяне немаведама што з-за гэтых плеткароў.

— Тады скажыце, чым магу дапамагчы вам я? — запыталася ў яго.

Ён ужо даўно ўзяў сябе ў рукі. Цяпер перада мной стаяў зусім іншы чалавек: галава прыўзнята над мускулістым тулавам, плечы распраўлены, погляд вачэй смелы, дзёрзкі, нават з упарцінкай. Ні следу, ні намёку на ранейшы адчай. Такі выгляд мог сведчыць толькі аб адным — сіле гэтага чалавека.

— Нічым, — сказаў як адрэзаў ён.

Я баялася згубіць усталяваны паміж намі кантакт працягвала чапляцца да яго:

— Можа ў газету матэрыял падрыхтуем, а? У незалежную, маю на ўвазе.

Ён уважліва паглядзеў на мяне, лёгенька паціснуў плячыма. Я успрыняла гэты жэст як зачэпку: можа, я змагу яшчэ быць яму карыснай і, такім чынам, паспрабую раскруціць і давесці "справу Якімцова" да яе лагічнага завяршэння?