Крыху паразмаўляўшы, мы развіталіся з ёй ужо як добрыя знаёмыя. І пасля пераводу дачкі ў калгасны садок нашы сустрэчы сталі рэгулярнымі. Я не хавала задавальнення ад таго, што лёс звёў мяне яшчэ з адным чалавекам такой добрай і шырокай душы. Кажуць, што дзеці найбольш тонка і беспамылкова адчуваюць гэтыя рысы характару. Вось і Галіна Радзівонаўна быццам магнітам прыцягвала іх сэрцайкі. Не была выключэннем і мая дачушка. Яна не адставала ад любімай выхавацелькі ні на крок, нават засынала, не выпускаючы яе руку з сваёй. А больш за ўсё любіла Валянцінка яе шыкоўныя валасы. Нярэдка, калі я заходзіла за дачкой у садок, бачыла такую карціну: Галіна Радзівонаўна сядзіць у акружэнні дзяцей, а Валянціна гуляе з яе валасамі, абдымае, лашчыць выхавацельку. Галіна Радзівонаўна бачыць мяне ў дзвярах і неяк па-дзявочаму сарамліва-прамяніста ўсміхаецца майму замілаванню.
А аднаго разу мы з ёй не павіталіся нават. Гэта было ранняй веснавой парой. Я пазнала яе, ідучую насустрач, яшчэ здалёк па бэжаваму колеру паліто і вялікаму беламу шалю. Мы сустрэліся якраз на мосце побач з Рыжкавічамі. Галінін твар быў мокры ад слёз, і вочы ад іх, здаецца, нічога не бачылі: шырокараскрытыя, яны былі скіраваныя ў нейкую далёкую кропку. Я запаволіла хаду ў цяжкім роздуме: прайсці міма ці, закрануўшы, паспрабаваць яе суцешыць. І тут раптам убачыла наперадзе лукашэнкаўскую "Волгу", якая, выехаўшы са свайго завулка, "газанула" насустрач. Я з палёгкай уздыхнула. Падумалася, зараз ён дагоніць жонку, пасадзіць у машыну і яны памірацца. Ён, сапраўды, прытармазіў каля яе і, ледзь не паставіўшы машыну праз імгненне на дыбы, рвануў наперад... Яна пайшла ўслед, адна.
Памятаю, перад выбарамі прэзідэнта я, як заўсёды, зайшла па дачку ў дзіцячы садок. Дзеці на той момант гулялі на двары, а Галіна Радзівонаўна назірала за імі. Дзетак у садзе было на ўліку за дваццаць, а штодня прыходзіла намнога менш. Таму ў мэтах эканоміі ў штаце была адна выхавацелька, а дапамагала ёй пад вечар Галіна Радзівонаўна, справіўшыся да абеду з адміністрацыйна-гаспадарчымі справамі. Пакуль дачка дагульвала, я прысела побач. Мы падтрымлівалі гутарку пачаргова. Але адчувалася, што Галіна Радзівонаўна хоча ад мяне штосьці пачуць. Не трэба было мець здольнасцей тэлепата, каб зразумець, канкрэтна чаго: выбарчая прэзідэнцкая гонка блізілася да фінішу і яе цікавіў вынік. На той момант я ўжо падала заяву ў Беларускі Народны Фронт і шчыра прызналася ёй у гэтым.
— А што ты ў тым Фронце будзеш рабіць? — недаўменна спытала яна.
Я прызналася:
— Яшчэ не ведаю, канкрэтна што, але адназначна іду ў апазіцыю ўсяму таму, што так бязлітасна кіруе нашымі лёсамі. Мне, Галя, не падабаецца наша ўлада, як кажуць, з нізу да верху: ні ўчынкамі, ні палітыкай. Больш не веру я і Лукашэнку.
— Ты што? — горача запярэчыла яна. — Саша сумленны чалавек. Ён вельмі любіць людзей, і я веру, што толькі адзін ён з усіх кандыдатаў можа штосьці добрае зрабіць для ўсіх.
— А я не веру, — цвёрда стаяла яна сваім.
— Чаму? — здзівілася яна.
— Сказаць не магу, таму што больш адчуваю, чым ведаю, але Саша твой зусім не той, за каго сябе выдае. Ды і ты яго хутчэй за ўсё не ведаеш, калі так сцвярджаеш.
Яна нервова засмяялася:
— Мы, Вольга, не адзін пуд солі разам з'елі, і каму, калі не мне, ведаць яго. Таму запэўніваю, што Саша — сапраўдны патрыёт сваёй Айчыны, што ён цудоўны бацька і што... нам ніколі не быць разам.
— І што, у Мінск да яго не паедзеш, калі раптам пераможа на выбарах?
— Не паеду, — быццам баднула яна галавою. — Там жаночая эліта ўся расфуфыраная, будзе назіраць за кожным крокам правінцыялкі, будуць пляткарыць. Я досыць начыталася і наслухалася пра ўсе тыя інтрыгі. Навошта мне той дыскамфорт і дадатковы галаўны боль? Лепш я застануся ў Рыжкавічах, ва ўлонні роднага краявіду і акружэнні дарагіх мне людзей. Буду гадаваць, выхоўваць сына і працаваць.
І яшчэ адна аналагічная размова адбылася ў нас у першыя месяцы прэзідэнцтва Лукашэнкі. З'ініцыіравала яе Галіна, спыталася:
— А ўсё ж, чаму не верыш Лукашзнку? Раней ты ставілася да яго зусім інакш, нешта ж паўплывала на цябе, выклікала непрыхільнасць?
Падбіраючы словы, я адказала:
— Сапраўды, паўплывала. І не ў малой ступені — яго акружэнне, якое часам не сябруе з такімі паняццямі, як сумленне, гонар. Сама, напэўна, прымаўку ведаеш: "Скажы, хто твой сябар, скажу, хто ты"? Ды і ў Аляксандру Рыгоравічу не ўсё мне падабаецца. Вось так, у комплексе і спрацавала ўсё на маю пераарыентацыю. Але ты не дапытвайся цяпер пра дэталі. Часу няма. А калі гэта сапраўды цябе цікавіць, давай выдзелім на размову паўдня, тады я паспрабую выкласці дэталі, якія ў суме і ўтварылі важкую прычыну. А ты, цяпер ужо першая лэдзі, часам не збіраешся нас пакінуць і пераехаць у Мінск?