— Мяне туды ніхто не кліча, — прастадушна сказала яна. Напэўна, ёй было горка зноў чуць пытанне, якое задавала незлічоная колькасць людзей: з наіўнасцю, шчырасцю, падтэкстам. Трэба, напэўна, быць толькі Галінай Радзівонаўнай, каб у такіх выпадках захаваць і свой твар, і адмоўна не паўплываць на аўтарытэт прэзідэнта. Я зразумела ўсю далікатнасць сітуацыі ўжо тады і больш не кранала гэтага пытання. Толькі чыста па-жаночаму ўважліва сачыла за разгортваннем падзей у іх сямейным жыцці. Але нічога не адбылося і цяпер: кожны з гэтай сямейнай пары існуе паасобку.
Не, прашу прабачэння, аднойчы, у 1997 годзе, зноў пагаманілі на гэтую тэму. Мы тады разам з Галінай Радзівонаўнай вярталіся з занятаў у нядзельнай школе пры шклоўскай Спаса-Праабражэнскай царкве. Ішлі пешшу, хоць, здаецца, ледзь не кожны ўладальнік машыны на той бойкай дарозе лічыў за гонар спыніцца і прапанаваць падвезці гэтую цудоўную жанчыну. Але яна, шчыра падзякаваўшы, быццам прабачэння прасіла:
— Тут ужо засталося крышку прайсці, не буду вас адрываць ад спраў, дзякуй.
Мы тады размаўлялі пра свае мацярынскія праблемы, пра духоўнае адраджэнне нацыі (прашу прабачэння за штамп). Было цёплае восеньскае надвор'е, і я збіралася пайсці па каліну, якой прырода шчодра надзяліла рыжкаўскае наваколле. Галіна Радзівонаўна сказала:
— Калі я паспею да другой гадзіны ўправіцца, то зайду да цябе і мы сходзім разам.
Вось пры той гутарцы, якая датычылася нашых дамашніх праблем, я і перадала ёй выказванне маёй суседкі Тамары, якая жыве на Украіне і прыязджала ў госці да сваёй матулі. Мы разам з ёй праводзілі ў апошні шлях нашага суседа Кузьміча. І той шлях на могілкі пралягаў якраз каля дома Лукашэнкаў. Тамара і сказала мне:
— У нас усе смяюцца з жонкі Лукашэнкі. Нейкая дзіўная яна: абзавялася рознымі сабакамі, Мілкамі, катамі ды курамі, а ў Мінск да мужа нават вачэй не паказвае. Такога цікавага мужчыну ганьбіць, бабылём зрабіла...
Вартага адказу Тамары я тады не дала. Па-першае, не дазваляла атачэнне. Па-другое, я ледзь не папярхнулася ад яе хлусні, у тых словах не было і кроплі праўды. Сказала ёй толькі, сціснуўшы руку:
— Тамара, прашу цябе, і ў той далёкай тваёй Украіне не дазваляй так выказвацца пра Галіну. Яна, сапраўды, не анёл, але зусім не горшая за кожную з нас. А па запасу мудрасці, мужнасці і цярплівасці, можа, нават, і пераўзыходзіць усіх нас разам узятых. Яе не на языках насіць трэба, ёю можна ганарыцца.
Галіне Радзівонаўна я сказала толькі, што ва Украіне здзіўляюцца, чаму, маўляў, мужа прамяняла на сваю гаспадарку. Бадай, упершыню я бачыла, як Галіна Радзівонаўна раззлавалася:
— Дзівакі нейкія гэтыя людзі. Нельга быць там, куды цябе не клічуць і дзе ты непатрэбны. Гэта па-першае. А па-другое, я не дыванок які-небудзь, аб які можна ногі выцерці. Я — чалавек, жанчына, а гэта, хто не ведае, гучыць горда.
Мы стаялі тады каля паста ДАІ на развілцы дарог: "мая" вяла на Магілёў, Галініна — на Мінск. Затрымаліся. Быццам адчувалі, што чыста па-сяброўску мы размаўлялі апошні раз. Нас разводзіў лёс: я збіралася ехаць за мужам, якога перавялі на работу ў суседні райцэнтр намеснікам рэдактара, Галіна пакідала дзіцячы садок і пераходзіла на працу ў райвыканкам, дзе ўводзілася новая пасада — спецыяліста па аздараўленню насельніцтва.
Галіну Радзівонаўну цяпер залашчылі павагай на раённа-абласным узроўні. Яе запрашаюць у якасці ганаровага госця на ўсе хоць колькі значныя мерапрыемствы, шчодра адорваючы кветкамі. Прозвішча "Лукашэнка", якое яна мужна адстаяла, дае ёй такую раскошу. Рэдка цяпер яна ходзіць пешкі або пад'язджае на спадарожных машынах: старшыня райвыканкама Г.М.Лаўранкоў спецыяльна пад яе працоўны графік і іншыя патрэбы падпланоўвае свой службовы "джып", і Галіна Радзівонаўна, мяркуючы па выгляду, задаволена.
Яна і сама навучылася вадзіць машыну, прайшоўшы адпаведныя курсы. Напэўна, на гэта яе падштурхнуў той вішнёвага колеру легкавы аўтамабіль, што з'явіўся на падворку ў хуткім часе пасля выбрання Лукашэнкі прэзідэнтам. Аўтамабіль некалькі месяцаў празіхацеў там навізной, пакуль не знік бясследна. Навучэнцы таго сумеснага з Галінай Радзівонаўнай набору і цяпер з удзячнасцю ўспамінаюць шчаслівыя абставіны. Калі прыйшоў час здаваць экзамены на атрыманне правоў, міліцыянеры былі лагодныя і так рассунулі абмежавальнікі,якія імітуюць вузкую дарогу, што паміж імі не толькі праехаць, але і развярнуцца было лёгка. Тады ўсе курсанты дружна паздавалі экзамены, чаго ні да, ні пасля гэтага ніколі больш не было.