Выбрать главу

Генадзь Міхайлавіч Лаўранкоў (да прэзідэнцтва Лукашэнкі — загадчык аддзела эканомікі і прагназавання, пасля — старшыня Шклоўскага райвыканкама) — наменклатурны работнік. Доўгі час працаваў на розных пасадах у райкаме партыі. А з канцом дамінавання камуністычнай ідэалогіі лоўка перасеў у крэсла райвыканкамаўскага загадчыка аддзела. Сярэдняга росту, вёрткі, востранькі на розум, шэранькай мышкай ён нечакана з'яўляўся ў самых розных месцах падчас патаемных гутарак, чым прыводзіў субяседнікаў у стан збянтэжанасці. Ён спрабаваў гуляць ва ўсе палітычныя гульні адначасова: верай і праўдай служыў Лукашэнку, агітаваў галасаваць на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за Кебіча, не прамінаў магчымасці наладзіць адносіны з народнафронтаўцамі. І сам Аляксандр Рыгоравіч падсмейваўся над пранырлівасцю Генадзя Міхайлавіча, за вочы называў яго "жуком". Таму здзіўленне маё яшчэ больш павялічылася, калі прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка назначыў Лаўранкова старшынёй райвыканкама ў Шклове.

Не знаходжу вытокаў захаплення і асобай Уладзіміра Леанідавіча Клюйко. Настаўнік па адукацыі, ён амаль і не працаваў па спецыяльнасці: быў спачатку ў райкаме камсамола, потым — у апараце яго старэйшага брата — райкаме партыі загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі. Калі райкам партыі страціў сваю кіруючую ролю, у ліку амаль усяго складу апарата райкама партыі перайшоў на службу ў райвыканкам. Потым, калі А.Р.Лукашэнка стаў прэзідэнтам краіны, Уладзімір Леанідавіч быў прызначаны на пасаду дырэктара Шклоўскай спецшколы для дзяцей з паслабленым зрокам.

— Пусцілі казла ў агарод, — характарызавалі такое прызначэнне тыя, хто крыху лепш ведаў У.Л.Клюйко. Уладзімір Леанідавіч — дбайны гаспадар, аддана выконвае грамадскія абавязкі. Напрыклад, жыхары адной з вуліц горада абавязаны яму тым, што, будучы дэпутатам райсавета, ён выканаў іх запыт — дамогся асфальтавання ўскраіннай вулічнай дарогі ў той час, калі цэнтральныя яшчэ былі у палоне ўхабаў. Па "дзіўнаму супадзенню" на той вуліцы жыла цешча У.Л.Клюйко.

Дакладна характарызуе Уладзіміра Леанідавіча вось такі факт з яго біяграфіі. Калі ён кіраваў аддзелам прапаганды і агітацыі ў райкаме партыі, то карыстаўся службовай машынай "Жыгулі" чырвонага колеру, якая раней належала таварыству "Веды". Пасля скасавання апарата райкама разам з таварыствам бясследна знікла і тая машына. На той момант я выношвала ў думках план матэрыялу аб "прыхватызацыі" дзяржаўных машын. Фактаў такіх было ў Шклове вельмі шмат. І акумуляваліся яны пасля адпаведных праверак кантралюючых органаў у райфінаддзеле. Калі аднойчы з дазволу ягонай загадчыцы Н.А.Ермаковай знаёмілася з актамі, то, раптам успомніўшы больш не мазолячую вочы тую прыкметную машыну з таварыства "Веды", запыталася пра яе (Надзея Андрэеўна Ермакова: да прэзідэнцтва Лукашэнкі — загадчыца райфінаддзела ў райвыканкаме, упраўляючая Шклоўскім аддзяленнем "Аграпрамбанка", пасля — старшыня праўлення "Беларусбанка"). Надзея Андрэеўна раптам ажывілася:

— А вы спытайцеся пра яе ў Клюйко.

Я здзіўлена паглядзела на яе, зноў схілілася над паперамі, адначасова абдумваючы сітуацыю.

— Не, Вольга Міхайлаўна, без хістанняў толькі. Я прапаную вам спытаць у Клюйко пра тую чырвоненькую машыну. Скажу па сакрэту, з-за надзейных "падвязак" ніхто да яго і падступіцца з гэтым пытаннем не можа. А сказаць яму ёсць што.

— А што ведаеце вы пра тую "клюйкоўскую" машыну? — спыталася я ў Н.А.Ермаковай. Мы былі добра знаёмыя і калі-нікалі яна дзялілася са мной службовай інфармацыяй.

— Кажуць, што пераправіў брату ў Оршу, дзе той працуе на нейкім рамонтна-тэхнічным прадпрыемстве. Разам яны ўжо, напэўна, прадумалі, як тую машыну ператварыць у грошы, — сказала яна і зноў папрасіла:

— Толькі вы забудзьце пра тое, што і хто вам гаварыў і абавязкова пагутарыце з Клюйко.

Заінтрыгаваная, я адклала таўсценныя папкі, з якімі працавала, на край стала і накіравалася ў супрацьлеглы бок памяшкання Дома Саветаў, дзе на трэцім жа паверсе знаходзіўся кабінет спецыяліста па справах моладзі. Уладзімір Леанідавіч быў на месцы і, убачыўшы мяне, ветліва запрасіў сесці. Я пажартавала:

— Дзякуй, але, як кажуць, не бойся госця сядзячага, а бойся госця стаячага.

Ён здзіўленым позіркам папрасіў тлумачэння. А я без розных там дыпламатычных хітрыкаў прама запытала:

— А вы часам не ведаеце, куды падзелася тая чырвоная машына з таварыства "Веды", на якой вы ўвесь час ездзілі?

— На рамонце, — не міргнуўшы вокам, адказаў ён.