Дні праз чатыры, калі паток жадаючых засведчыць сваю падтрымку Рыгоравічу паменшыўся, я пераключылася на паездкі па Дрыбінскаму і Горацкаму раёнах з агітацыйнымі намерамі і пошукам людзей, якія б на месцы разгарнулі справу па збору подпісаў, а яшчэ больш — агітацыю за Лукашэнку. І яны знаходзіліся. Хоць, даўшы такую згоду, яны рызыкавалі ўступіць у канфлікт з працадаўцамі. Справа ў тым, што кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстановаў атрымалі вусна-тэлефонныя дырэктывы байкатаваць "выскачку" Лукашэнку і зрабіць усё магчымае, каб перамог Кебіч. Як толькі я распавядала пра мэты свайго візіту, мяне, бы чумную, ледзь не гналі ў каршэнь. А ў Дрыбінскім праўленні райспажыўсаюза старшыня, упершыню сустрэўшыся, мала не плюнуў мне ў твар і абазваў самымі брыдкімі словамі толькі за тое што я папрасіла ў яго дазволу знайсці ў ягоным калектыве прыхільніка Лукашэнкі і папрасіць яго ў вольны ад працы час збіраць подпісы ў падтрымку гэтага кандыдата ў прэзідэнты.
За мной падчас язды па раёнах была замацавана службовая аўтамашына са шклоўскага аддзялення "Ашчадбанка", вадзіцель якой атрымаў загад ад упраўляючага Г.М.Лысікава "быць у поўным маім распараджэнні". Быццам ашпараная, я выскачыла з кабінета старшыні райспажыўсаюза і, ад слёз не могучы нічога сказаць, рукой толькі махнула шафёру ў бок, куды трэба ехаць: у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, што ў Горках. Там у свой час я працавала, была знаёма з многімі работнікамі з ліку прафесарска-выкладчыцкага саставу. Рэктара ў той дзень не аказалася ў межах раёна, і я пастукалася да прарэктара па вучэбнай рабоце. Ён, уважліва выслухаўшы мяне, тактоўна сказаў:
— Пра свае прыхільнасці распавядаць не буду, ды і яны вас хваляваць, па-мойму, не павінны. А што да іншых, то яны маюць права выбіраць каго захочуць. Прапаную аптымальны варыянт: праз два дні ў нас адбудзецца пасяджэнне вучонага савета, на які прыбудуць не толькі навукоўцы, але і кіраўнікі факультэтаў, кафедраў. І мы знойдзем, паверце, і для вас хвіліну на інфармацыю. Там тады і акрэсліцеся ў навядзенні неабходных кантактаў.
Я была цалкам гэтым задаволена, але, каб не губляць марна часу, наведала некалькіх сваіх знаёмых у іх дома з канкрэтнай прапановай і зайшла на адну з кафедраў у першы корпус. На той момант заканчваліся заняткі, і я рызыкнула пашукаць аматараў узяцца за "падпісную" справу. Але потым пашкадавала: лёгенька, на што рязлічвала раней, мне не прыйшлося. Навукоўцы не былі задаволены становішчам у сферы вышэйшай школы і "купляць ката ў мяшку", нават калі гэта датычыла будучага прэзідэнта, не збіраліся. Але, тым не менш, ускладалі надзеі на будучыя перамены ў сферы адукацыі. Яны сквапна пачалі распытваць мяне пра Лукашэнку. Іх цікавілі яго інтэлект, эрудыцыя — як-ніяк усяго ж дырэктар саўгаса, пасада якога з прэзідэнцкай зусім не параўнальная. Даведаўшыся, што мы з А.Р.Лукашэнкам яшчэ і суседзі, і ўвогуле засыпалі мяне пытаннямі. Ды ўсё як пра сем'яніна і гаспадара.
Услухоўваючыся ў іх змястоўныя пытанні, я быццам рабілася відушчай сама: дзесьці глыбока ўнутры нават з'явілася сумненне: а ці сапраўды Аляксандр Рыгоравіч такі, якім я яго ўяўляю? І ці апраўдае ён надзею вось гэтых апантаных навукай людзей, якія жывуць намнога больш глабальнымі інтарэсамі, чым дазваляюць іх мізэрныя заробкі?
На зваротным шляху я пракручвала ў памяці свежы эпізод размовы з супрацоўнікамі акадэміі. І, бадай, упершыню вымушана была канстатаваць: я зусім не ведаю Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Нашы кароткія з ім сустрэчы і такія ж па часу размовы, па сутнасці, не раскрывалі гэтага чалавека. А рэгулярныя выступленні на пленарных пасяджэннях Вярхоўнага Савета, якімі захапляўся яго электарат, таксама мала сведчылі пра Лукашэнку-чалавека...
Мяне вывеў з задумення шафёр Саша. Ён адчуваў сумбурнасць майго душэўнага стану і па-свойму хацеў адцягнуць ад цяжкіх думаў. Таму на ўсю моц уключыў песню Тані Буланавай, якую спявала яна сыну-бязбацькавічу. Але і песня да мяне даходзіла быццам скрозь сон. Пакрыўджаны Саша выключыў магнітолу і так рэзка газануў, што я ледзь не стукнулася ў лабавое шкло аўтамабіля.
— Ты што? — ускрыкнула я.
Скрозь падцятыя губы Саша працадзіў:
— А мая жонка, калі пачуе гэтую песню, заўсёды плача.
Я зразумела, што шафёр хацеў пераключыць мяне такім чынам з прэзідэнцкай хвалі да рэальную, жыццёвую. Ну і Саша, ну і псіхолаг!
... Ні з Сашам, ні з кім іншым мы больш не ездзілі ў БСГА. Прапанова яе прарэктара так і засталася нерэалізаванай. Справы на той момант у Аляксандра Лукашэнкі ішлі надзвычай добра і ў дапамозе такога плана ён больш не меў патрэбы — пра гэта сведчылі нашы ўзаемаадносіны з Канаплёвымі. Яны пачалі губляць былую актыўнасць. Гэта праявілася хоць бы сабе ў рэалізацыі ідэі паехаць у Горкі на пасяджэнне вучонага савета. Яшчэ раней я далажыла аб выніках паездкі і папрасіла запланаваць машыну на прызначаны дзень. Уладзімір і Ала паабяцалі. А калі да пасяджэння засталіся ўсяго дзве гадзіны і не прыйшла машына, я затурбавалася і патэлефанавала Канаплёвай у школу. Яна сказала, што ехаць ужо не трэба.