Выбрать главу

— Ну і...

— Быццам сама не ведаеш. Галя ж не ідзе на скасаванне шлюбу. І Валодзя з ёй па Сашавай просьбе колькі гутарыў — ні ў якую.

— Чаму тады сам не падасць заяву ў нарсуд?

— Таму што імідж свой не хоча псаваць. Адна справа, што жонка з ім разводзіцца, і зусім іншая, калі ён з ёй. Вэрхал тады ўзнімецца на ўсю рэспубліку.

— Ну і хітрэц! — усклікнула я. — І рыбку хоча з'есці, і костачкай не падавіцца.

— Ай, хопіць пра гэта, — апамяталася Ала. — Няхай самі расхлёбваюць кашу, якую заварылі.

Відаць, у парыве непажаданых эмоцый Ала Канаплёва выказала зусім не прызначанае маім вушам. І цяпер шкадавала сама. Я чытала на яе твары бег тых эмоцый, роўна як і пошук нейтралізацыі пададзенай інфармацыі пра магчымага прэзідэнта. Часу на гэта было ой як мала, і Ала спынілася на бяспройгрышным варыянце: засяродзіла ўвагу на дзецях, плаўна перайшоўшы на маіх, быццам бы нічога больш важнага для яе не існуе, чым іх жыццеўладкаванне. Адна з маіх вартасцей — я паважаю вострых на розум людзей. Таму зрабіла выгляд, што заглынула нажыву са сквапнасцю шчупака. Яшчэ некалькі хвілін яна пагаварыла і, пераканаўшыся, што дасягнула сваёй мэты, паспяшалася развітацца.

Дзякуй табе, Ала. Ты нават і ўсвядоміць не можаш, як паўплывала на вынік унутранай маёй барацьбы! Як ні дзіўна, але менавіта гэтымі выказваннямі ты шырэй раскрыла мне вочы на Аляксандра Лукашэнку. Я зразумела: ён звы-чай-ны. І нават такі ж бабнік, як і многія іншыя мужыкі.

І я ліхаманкава стала шукаць шляхі развянчання куміра мільёнаў, вырашыўшы абнародаваць факты з яго біяграфіі. Тыя, хто захоча цяпер пачуць мяне, — пачуе. А калі захоча праверыць — калі ласка, вось вам факты. А яны, як вядома, рэч упартая, ніякай салаўінай трэллю іх не засціш. Тады, летам 1994 года, я спачатку мела намер іх абнародаваць, даслаўшы артыкул у якую-небудзь рэспубліканскую газету. Але потым схамянулася: сама журналіст, і сумны лёс такіх матэрыялаў мне знаёмы да драбніц... Вось каб знайсці пуп нашай зямлі беларускае, ускараскацца на яго вышыню дый крыкнуць на ўсю моц: "Людзі, не галасуйце за Лукашэнку, бо падманецеся!". Толькі хто пачуе той слабы чалавечы голас у моры страсцей, якое разгайдалі апантаныя ды прагныя да ўлады палітыкі. Але ж і маўчаць не магу, таму дазвольце мне, людзі, можа і са спазненнем, данесці да вас гэты сатканы з жыцця матэрыял.

* * *

... Сваю першую пасля тае размовы раніцу я пачала з наведання "дэпутацкага" пакоя, ад якога ў мяне пакуль што былі ключы. Першай патэлефанавала Т.М.Анішчанцы ў Горкі.

— Гэта ты, Вольгачка? — азвалася яна. — Ну як там жывецца табе, як дзеткі?

— Якія табе дзеткі, — зусім не дыпламатычна абарвала яе я. 3 Таццянай Міхайлаўнай мы былі знаёмы яшчэ з часоў цара Гароха і выдатна разумелі адна адну. — Ты лепш скажы, за каго будзеш галасаваць?

На другім канцы провада весела рассмяяліся.

— Даліся табе гэтыя выбары. Я ніколі на іх не хадзіла і не пайду. За каго Віктар (муж) прагаласуе, за таго і ладна.

— Вось з-за такіх, як ты, і будзем потым пакутаваць — эмацыянальна зашыпела я ў трубку. — Ты ж зразумей: за каго прагаласуем, такое і жыццё будзе.

— Ладненька, — вырашыла яна супакоіць мяне. — Прагаласуем усёй сям'ёй за Лукашэнку. Ён твой сусед: ты сапраўды ведаеш яго лепш.

— Менавіта таму я і прашу цябе ні ў якім разе не галасаваць за яго.

Я не бачыла выразу твару неймавернай дабрыні гэтай жанчыны, але, мяркуючы па занадта зацягнутай паўзе, ён, напэўна, быў надта здзіўлены.

— Ці не пачулася мне? — перапытала яна зусім па-сур'ёзнаму. — А як жа твая ранейшая агітацыя?

— Я памылілася, — сказала я ёй і хутка развіталася.

Набрала ўслед нумар Т.М.Рынкевіч, таксама з Горак. Я яе "завербавала" падчас наведвання Беларускай сельгасакадэміі. Усё сваё жыццё яна прысвяціла дзецям і людзям увогуле, працуючы спачатку выхавацелькай, а потым загадчыцай элітнага ў горадзе чацвёртага садка. Ведаючы пра яе аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў, я і звярнулася тады да яе з вялікай сваёй просьбай. Хоць і не з лёгкім сэрцам: Тамара Міхайлаўна толькі-толькі пачала адыходзіць ад хваробы.

— Як добра, што вы пазванілі, — адказваючы на прывітанне, сказала яна. — Я сон вешчы бачыла: пераможа Лукашэнка. Але падрабязнасці потым. Вам, адчуваю, няма калі, — таму бліжэй да справы. Я абышла амаль усе шматпавярхоўкі ў акадэмгарадку, запоўніла ўсе вашы аркушыкі. Так, што можаце прыязджаць і забраць іх. Толькі больш, прашу прабачэння, не магу займацца гэтай справай — стамляюся вельмі. Тым больш, што шмат энергіі ідзе на размовы. Людзі распытваюць пра Лукашэнку, думаючы, што я яго ведаю. А на самай справе адно ведаю: толькі Лукашэнка станоўча можа паўплываць на лёс нашай Беларусі. Вы чуеце мяне, Вольга Міхайлаўна? Што вы маўчыце? Ало, ало!