— Чую, Тамара Міхайлаўна, — падаўлена адказала я. Эх, калі б мы размаўлялі ўжывую, я, напэўна, змагла б патлумачыць і быць зразуметай. А ў даны момант яна рэзка перабіла мае блытаныя тлумачэнні:
— А я вам не паненка, якая мяняе свае светапогляды, як пальчаткі. У мяне яны, у адрозненне ад вашых, прабачце, стабільныя. Прызнаюся, не без вашай дапамогі я зарыентавалася на Лукашэнку, хоць і раней захаплялася яго выступленнямі на пленарных пасяджэннях Вярхоўнага Савета. Веру ў яго, за яго і будзем галасаваць. Праўда, Аляксей Іванавіч (адрасавана мужу)? А вам, паколькі мне па ўзросту ў дочкі прыдатная, параю: больш адказнай будзьце за свае словы і ўчынкі. Усё, прашу прабачэння, бывайце!
Знясіленая, я паклала трубку на стол. Яна доўга яшчэ даймала кароткімі гудкамі, што быццам уколы сумлення шпілялі ў мозг. Балюча так было. Потым, крыху справіўшыся з роспаччу, пакпіла з сябе за непадрыхтаванасць да гутаркі з Тамарай Міхайлаўнай. Ёй патрэбны былі важкія аргументы, хоць бы факты пра "маліноўскую" машыну. А можа зрабіць гэта зараз?
"КАМУ ЖЫВЕЦЦА Ў НАС ПРЫВОЛЬНА?"
Пад такой назвай у раённай газеце "Ударны фронт" быў змешчаны мой матэрыял. У ім раскрываліся факты крадзяжу дзяржаўнай маёмасці па матывах праверкі, зробленай начальнікам упраўлення эканомікі і прагназавання райвыканкама Г.М.Лаўранковым, датаванай 25 мая 1993 года. Справаздачу па ёй, памятаю, рабіла загадчыца райфінаддзела, член райвыканкама Н.А.Ермакова на адным з яго пасяджэнняў. Можа, як і раней у такіх выпадках, павыказваліся б члены выканкама наконт паднятых фактаў, паабураліся б дзеля блізіру і, як заўсёды, — забыліся. Але на іншы паварот падзей паўплывала адна акалічнасць — у якасці запрошанай (як загадчык аддзела радыёінфармацыі) на пасяджэнні прысутнічала я. Вядома, не для маіх вушэй планавалася тая справаздача, але я за яе ўчапілася. Ці ж я не журналістка, што магу прайсці міма "смажаных" фактаў? Тым больш, што ў гэтай яўна крымінальнай гісторыі — хто прама, а хто ўскосна — былі замешаны намеснік старшыні райаграпрама Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, старшыня ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання (на той момант — раённае аграпрамысловае аб'яднанне — РАПА) Анатоль Міхайлавіч Фірага.
А справа была вось у чым: у Шклоўскі раён па цэнтралізаванаму фондаваму размеркаванню яшчэ ў 1991 годзе павінна была паступіць аўтамашына маркі ЗІЛ з прычэпам. Але па вуснай дамоўленасці са слаўгарадскай раённай бальніцай, дакладней, яе галоўным урачом В.І.Трусілам, раённае аграпрамысловае аб'яднанне ў асобе яго старшыні А.М.Фірагі абменьвае гэтую вялікагрузіну на элегантную "Ніву" для быццам бы службовых мэтаў намесніка старшыні РАПА Уладзіміра Ісакавіча Маліноўскага. Па даверанасці той забірае яе ў Слаўгарадзе і ставіць у свой гараж каля дома ў вёсцы Рыжкавічы. Сам праз пэўны час звальняецца з працы і ідзе дапамагаць весці сялянскую гаспадарку "Дыяна", якой па паперах кіруе яго жонка.
Я ўжо згадвала, як сваёй пастановай пра фермерства Вярхоўны Савет адчыніў "зямельныя шлюзы" і шклоўскай эліце. У складзе іншых новаспечаных "фермераў" былі і згаданыя ў газетным матэрыяле Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Анатоль Міхайлавіч Фірага. Першы і трэці з названых паафармлялі дакументы на жонак.
Пасля таго пасяджэння я не паспяшалася пайсці ў свой кабінет, а пачакала Надзею Андрэеўну Ермакову, з якой была ў добрых адносінах. Я папрасіла яе растлумачыць мне дзівосы з "Нівай". Яна спачатку напусціла на сябе выгляд вагання, а ўжо праз якую хвіліну аблегчыла, відаць, і сваю душу:
— Калі прама сказаць, дык падараваў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка свайму чалавеку аўтамабіль.
Але прыналежнасць да наменклатуры ўзяла верх, і Надзея Андрэеўна больш сціпла дадала:
— Тут столькі ўсяго незразумелага, заблытанага, што хоць ты праводзь новую праверку па тых слядах.
— Надзея Андрэеўна, — падступала я бліжэй да справы, — гэта афера, па-вашаму, ці службовая халатнасць?
— Афера, — канстатавала яна. — Але, сказаць па праўдзе, канцоў вам не знайсці. І па-сяброўску параю: забудзьцеся пра тое, што чулі на пасяджэнні.
— Што, не па Сеньку шапка? — запыталася я.
Надзея Андрэеўна адрэагавала мімікай, што азначала згоду. Шчыльна прыціснуўшы да грудзей папку з актамі праверкі, я выйшла з кабінета з цвёрдым намерам рыхтаваць матэрыял. У выніку на наступным тыдні ён і з'явіўся пад назвай "Каму жывецца ў нас прывольна". У ім я даслоўна выкарыстала вытрымку з акта праведзенай праверкі. Але, перш чым працытаваць яе, папрашу ўсіх, хто будзе чытаць, праявіць як мага больш вытрымкі. 3-за наўмыснай заблытанасці фактаў удзельнікамі аферы. Прашу пераканацца.