— Няўжо вы верыце гэтаму чалавеку? Калі ён такі анёльчык, дык куды падзяваліся з саўгаснага двара машыны, трактары, якія ён з дапамогай дэпутацтва "прабіў" для "Гарадца"? Асабіста я ведаю пра новенькі "Беларус", які Лукашэнка па чыста сімвалічнай цане аддаў, проста прэзентаваў бацьку Ларысы Маськовай. Магу назваць і яшчэ некалькі такіх адрасоў. А той ЗІЛ з прычэпам, пра які вы пісалі, дзе падзеўся, а? А на што пайшлі грошы, якія былі пералічаны ў саўгас "Гарадзец" для будаўніцтва пасёлка для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны? Ай, ёсць што гаварыць, ды няма каму слухаць, — на поўным сур'ёзе закончыла Н.А.Ермакова і, махнуўшы рукой, цяжка ўздыхнула.
Я тады надта была зацыклена на машыне Маліноўскага, каб адэкватна ўспрымаць тую інфармацыю. А калі і ўспрыняла б, то, пераканана нават і цяпер, анічога б не "раскапала". "Кішка тонкая", як сказаў бы, цяпер ужо мне асабіста, А.Р.Лукашэнка.
... Дні ляцелі хутка. Лета не давала падняць галавы ад градаў і асноўнай, журналісцкай працы. Тады яна давала шанс на такі-сякі пражытак. Гэта цяпер усёй палучкі не хапае нават на неабходныя прадукты харчавання. Адказу ад пракурора раёна так і не дачакалася, але не губляла надзеі. Аднойчы, ідучы на работу, прама перад Домам Саветаў сустрэлася з Генадзем Міхайлавічам Лаўранковым. Ён, у характэрнай для яго манеры, адразу ж задаў дзелавое пытанне:
— Ці дачакаліся рэакцыі на ваш матэрыял з афіцыйных органаў?
— Ніякай. Лукашэнка толькі заходзіў і пацвердзіў сваю невінаватасць.
— Праўда? — ажывіўся ён. І, не дачакаўшы працягу, сказаў:
— Вось і ладненька. Цяпер справу тую будзем разблытваць усе разам: з аднаго боку — Лукашэнка, з другога — вы, з трэцяга — райвыканкам. А чацвёртага каго
паклічам на дапамогу, Вольга Міхайлаўна?
— Суд? — весела запыталася я.
— Які там суд! — не ва ўнісон маёй эмоцыі сур'ёзна адказаў Г.М.Лаўранкоў. — Няхай вернуць машыну — і ўсё. Я, дарэчы, таксама адаслаў паперку Сергамасаву, каб той разабраўся з гэтай "Нівай". Але рэакцыі пакуль няма.
А я, ледзь пераступіўшы парог рэдакцыі, пачала тэлефанаваць у райпракуратуру самому Сергамасаву. Тактоўна выслухаўшы маю тыраду, Сяргей Дзмітравіч адказаў:
— І першае ваша пісьмо, і напамінак я атрымаў. Прашу прабачыць, што затрьмаліся з адказам. Усе мае работнікі ў адпачынку, і я кручуся, бы тая вавёрка ў коле. Але разумею, што вас падводжу, таму давайце дамовімся так: заўтра я прышлю вам адказ. Што? Не, не па пошце, наша сакратарка прынясе. Добра?
О, мала сказаць добра, — зусім выдатна. Але... няўжо ўсё так проста? То чаму цягнуў справу, быццам ката за хвост? Напэўна, вінавата я сама, не напомніла, не патэлефанавала. Начальнікі, відаць, папрызвычайваліся, каб ім па сто разоў пакланіўся. Але не стала надта наракаць на начальніцкія звычкі, з нецярпеннем пачала чакаць наступнага дня. А праз дзень яшчэ патэлефанавала Сяргею Дзмітравічу: не адказаў. Я набрала нумар сакратаркі і спыталася ў яе наконт пракурора.
— Сяргей Дзмітравіч у водпуску, — канстатавала яна і паклала трубку.
— ?!!
Задрыжаўшай рукой зноў набрала нумар пракуратуры і ледзь не крычу ў трубку:
— У якім водпуску? Ён нічога не казаў пра яго,
— А Сяргей Дзмітравіч і не абавязаны нікога апавяшчаць пра свае планы.
— Прабачце, як ён можа ўзяць водпуск, калі ўсе яго памочнікі таксама яшчэ адпачываюць.
— Сяргей Дзмітравіч, прабачце, пра гэта паклапаціўся. У нас усе на месцах і ўсе працуюць.
— Прабачце, а для рэдакцыі нічога не перадаваў пракурор? Ён абяцаў, што вы да нас зойдзеце.
— Упершыню пра гэта чую.
Ой, як брыдка стала на сэрцы! Што ж гэта творыцца? Дзе прафесійная этыка, дзе элементарная чалавечнасць у гэтых людзей, надзеленых уладай? Толькі не, я не скаруся. У мяне яшчэ ёсць сіла для барацьбы. І я ў той жа дзень напісала Генеральнаму пракурору. І матэрыял той, з газеты, адаслала. А каб зэканоміць генпракурораўскі час, падкрэсліла патрэбныя моманты. І усяго праз тыдзень атрымала адказ з Генпракуратуры, які змяшчаў паведамленне — абяцанне "ўказаць пракурору Сергамасаву С.Д. на недапушчальнасць такіх метадаў работы з насельніцтвам (чамусьці менавіта так. — Аўт.)" і што, маўляў, пракурора абавязалі адрэагаваць на запыт рэдакцыі, папярэдне правёўшы дадатковае расследаванне.
Прачытаўшы, лёгенька ўздыхнула і пацерабіла сябе за нос: а ты, дурненькая, баялася. Цяпер, нарэшце, разарвецца гэтае зачараванае кола: прафесіяналы лёгка пройдуць усе звёнцы злачынства. І я з надзеяй ізноў пачала чакаць паведамлення з райпракуратуры, не надта наракаючы на час. Ведала, што пры паўторным расследаванні, якое абяцалі ў Генеральнай пракуратуры, яго спатрэбіцца нямала... Пакуль раптам не пачула навіну: С.Д.Сергамасаў тэрмінова павышаны ў пасадзе і цяпер ужо ездзіць на працу са Шклова ў абласны цэнтр. Але, расхваляваўшыся спачатку, супакоілася. Маўляў, кадры мяняюцца, а справы застаюцца, таму праца над імі не спыніцца.