Выбрать главу

Праўда, гэта было не адзінае магчымае выйсце з дыскамфортнага стану. Можна ж было, у рэшце рэшт, вярнуцца "на кругі свая" і працягваць будзённае жаночае жыццё, прымаць яго як належнае. Але — позна. Пазнаёміўшыся з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам і прайшоўшы поруч з ім нейкі актыўны адрэзак зямнога шляху, я ўсвядоміла, што жыццё не даецца само сабою: яго РОБЯЦЬ! Разам з гэтым усведамленнем прыйшло і пачуццё адказнасці. Адказнасці за любую маю радзіму Беларусь. За састарэлых яе грамадзян, што ў гароце мусяць дажываць свой век. За дзяцей, чыю радасць адбіраюць п'яніцы-бацькі. За вясковую дарогу, разадраную бульдозерам. За нязмытыя слёзы бярозкі, што выцякаюць вясною з яе параненага чалавекам ствала. За разбуранае птушынае гняздо. За згаладалых і нядоеных кароў на калгасна-саўгасных фермах. Мне не хацелася, каб падобнае працягвала існаваць у нашым жыцці. Перамены да лепшага я бачыла найперш у змене ўлады.

А на лідэрства ў гэтай новай уладзе прэтэндаваў чалавек, якога я паспела крыху разгледзець, чалавек, які правільна і захапляюча гаварыў, аднак часам дрэнна рабіў і непрыгожа сябе паводзіў. Як многія з нас, дарэчы. Але што даруецца простаму смяротнаму, ніяк не можа быць прымальным для кіраўніка вельмі высокага рангу. І я пайшла ў апазіцыю. У апазіцыю да такой улады.

У Беларускі Народны Фронт я ўступіла да прэзідэнцкіх выбараў, у 1994 годзе. Не ведаю сама, менавіта чаму гэты рух і гэтая партыя прыцягнулі на той момант маю ўвагу. Спачатку я проста хацела афіцыйна адмежавацца ад А.Р.Лукашэнкі. Баялася спазніцца, калі раптам ён прайграе, і тады мой крок у апазіцыю будзе расцэнены як простае здрадніцтва.

На той момант, як мне здавалася, уся жыццядзейнасць Шклоўшчыны была пушчана на самацёк. Уладу маючыя і ўся чыноўніцкая раць былі занятыя толькі цікаваннем: каб не спазніцца раптам пры дзялёжцы ўлады і паспець умасціцца ў крэсла. І калі яшчэ штосьці лячылася, касілася, выпякалася і шылася, дык толькі дзякуючы накручанай дагэтуль сістэмнай спружынцы. А наша раённая газета па тры разы на тыдні стракацела партрэтамі і матэрыяламі ў падтрымку ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты. Сама менш месца і ўвагі выпадала 3. Пазьняку. Я і прапанавала тады рэдактару падрыхтаваць матэрыялы ў падтрымку Зянона Станіслававіча.

— Бэ-нэ-эфаўца? — акругліў ён вочы. — А як адрэагуе на гэта твой Лукашэнка?

— Ён маім ніколі не быў. А яшчэ, прызнаюся, я памылілася ў ім. Цяпер пачну выпраўляць сваю памылку.

Мае словы ўспрыняліся тады як жарт. А я дамовілася аб сустрэчы з Леанідам Яфімавічам Аўчыннікавым, членам БНФ, пагутарыла з ім і падрыхтавала яго інтэрв'ю пад назвай "Каб не атрымаць ад абаранка дзірку" (што і адбылося на самай справе пяццю гадамі пазней). І ў той самы дзень сустрэчы з Аўчыннікавым напісала заяву аб прыёме мяне ў БНФ. Да мяне, прызнаюся, шклоўскія апазіцыянеры ставіліся з вялікім недаверам. І нават даводзілася чуць недвухсэнсоўна кінутае слова "правакатар". А я не магла пераканаўча аргументаваць сваю пазіцыю — цяжка было знайсці неабходныя словы. Усё адбывалася пераважна на ўзроўні падсвядомасці, эмацыянальна. Але з кожным годам усё больш пераконваюся, што правільным было маё рашэнне адысці ад Лукашэнкі.

Неяк у самы разгар прэзідэнцкай гонкі прама насупраць райаддзела міліцыі каля мяне затармазілі "Жыгулі". Валодзя Канаплёў, ледзь ступіўшы на зямлю непаслухмянымі ад доўгага сядзення нагамі, не мог зачыніць дзверцы. Мы ўжо даўно не сустракаліся, справы ў Лукашэнкі ішлі добра, і ў дапамозе на ўзроўні райцэнтраўскіх дзеячаў патрэбы больш не было.

— Што здарылася? — з трывогай запытала я. — На табе твару няма.

— Вольга, бяда вялікая, — адказаў ён. — У Лукашэнку пад Лёзнам стралялі. Толькі што па радыё пачуў.

— А-вой! Забілі? — залямантавала я.

— Не, дзякуй богу, жывы. Прамахнуліся, гады. Што творыцца! — сказаў ён сабе пад нос і накіраваўся ў памяшканне міліцыі. А я паразважала крыху і прыйшла да высновы: вельмі нават магчыма, што страляніна тая магла быць правакацыйнай. Рэвальвераў жа ў дэпутатаў хапае. А яшчэ, падумалася, Аляксандр Рыгоравіч вельмі клапатліва ставіцца да свайго здароўя. Калі і правакацыя, то ён не дазволіць кулі нават чыркануць аб сваё адзенне, не кажучы пра што большае. Прыкладна так і аказалася потым.

... У дзень выбараў я галасавала за Зянона Станіслававіча Пазьняка. Але доўга потым аналізавала ў думках і некаторыя іншыя кандыдатуры. Захаплення не выклікалі яны ў мяне. Добра ведала Васіля Новікава, і таксама менш за ўсё хацела бачыць яго прэзідэнтам. Мы працавалі ў свой час разам у Горках: я — на радыё, ён — маім ідэалагічным кіраўніком, г.зн. загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі райкама партыі. А яшчэ раней я, чакаючы, пакуль вызваліцца месца на раённым радыё, працавала некалькі месяцаў машыністкай у БСГА. Я была яшчэ "новенькай", калі аднойчы, падыходзячы бліжэй да машбюро, пачула плач ў суседнім пакоі, дзе працавала загадчыца Ядвіга Антонаўна. Я была тады дрэннай машыністкай і вельмі баялася гэтай строгай жанчыны, калі у самым канцы працоўнага дня яна правярала аддрукаваныя мною аркушы. Ядвіга Антонаўна ў мінулым была франтавічкай. Яе параніла на вайне ў нагу, і яна, моцна кульгаючы, была жывым напамінам аб страшэнных тых падзеях. І, калі ўжо як на духу, я недалюблівала яе за вельмі рэзкі голас, начальніцкі тон. Але яе паважалі ў калектыве акадэміі за высокі ўзровень і своечасовасць выканання машынапісных работ яе "дзевачкамі". А гэта, як я потым зразумела, было вельмі важным фактарам.