Выбрать главу

А вось з Тамарай Дзмітрыеўнай Віннікавай я не мела гонару быць знаёмай. Спачатку, праўда, па Шклоўшчыне гулялі чуткі, што перацягнуў Аляксандр Рыгоравіч да сябе бліжэй і былую сваю сімпатыю з упраўлення сельскай гаспадаркі, якая яшчэ да яго прэзідэнцтва выехала са Шклова. Потым разабраліся. Віннікава, ды не тая... А хоць сабе і не тая, усё роўна шкада: такую архідэю-кветачку прымусілі завянуць ў лукашэнкаўскай турме! І зноў па-шклоўску: без суда і следства.

* * *

"На Кругляншчыну едзе прэзідэнт!" — разносіў па наваколлю навіну лістапад 1998 года. Рыхтаваліся да вашага, Аляксандр Рыгоравіч, прыезду яшчэ з лета. Усё будавалася, фарбавалася, драілася. Не была раўнадушнай і я. Усё вагалася, ці паглядзець, якім вас зрабіла неабмежаваная ўлада, ці лепш дома адсядзецца, бо раптам вы зноў зачаруеце мяне сваімі песнямі і тады я кіну на сметнік гэтыя мемуары...

Але, паверыўшы ў свае сілы і непахіснасць, вырашыла ісці на плошчу і паслухаць "песні". Я пайшла крыху раней, каб з нагоды таго прыезду хоць цукру кілаграм чык купіць. Але замест яго "выкінулі" соль, цукеркі, цыгарэты. Стала ў чаргу да павільёна. Было холадна. Праўда, магла б і ў магазіне пастаяць, але ж адтуль не было бачна месца вашага прызямлення. Шкада, што ў той час вы не стаялі побач. Але, пэўна, здзівіліся б, калі б пачулі словы ўдзячнасці ў свой адрас. За тое, што з нагоды вашага прылёту выкінулі ў продаж цукеркі немудрагелістага вырабу, якімі, нарэшце, можна будзе пазабавіць дзятву. У чарзе стаялі адны жанкі. А мужчыны знаходзіліся паводдаль і не зводзілі вачэй ці то з вашага верталёта, ці то з віхуры, якую ён падняў пры пасадцы і ўздыбіў спадніцы прысутных жанчын, што спецыяльна прыбраліся да вашага прыезду.

Напярэдадні вашага прылёту ў Круглае столькі служывых у цывільным панаехала, што яны і самі, пэўна, адчулі сваю недарэчнасць ў маленькім пасёлку і таму, як маглі, "касілі" пад абарыгенаў.

Але, мушу прызнацца, зорачкі свае яны адпрацоўваюць спраўна: не было ў Круглым вачэй, у якія яны б не зазірнулі; не знайшлося пад адзеннем людзей адтапыркаў, якія б яны не паразгледзелі (а раптам — зброя?!).

Красамоўным сведчаннем звышувагі стаў інцыдэнт з Шалвам Ераставічам Сахадзе. Вы не ведаеце яго, таму я крышачку праінфармую. Гэты сівы аксакал пасяліўся на Кругляншчыне ў гады вайны — спачатку ў лясах, дзе партызаніў, а пасля — у райцэнтры. Завёў сям'ю, увогуле ўнёс сваю грузінскую адметнасць у мясцовы каларыт.

Я тут чалавек новы, але даволі хутка пераканалася ў значнасці Сахадзе. І, пэўна, калі б лёс не закінуў сюды гэтага чалавека, Кругляншчыне яго б не ставала. Ён і сам, па ўсім відаць, гэта адчувае, таму і ўдзельнічае ва ўсіх святах, урачыстасцях раённага маштабу, не забываючы засведчыць сваю павагу школам, дзіцячым садкам, працоўным калектывам. І вам, напэўна, хацеў засведчыць сваю павагу. Таму і накірунак узяў у ваш бок. Але ўжо аднаго гэтага было дастаткова, каб людзі з вашае аховы накінуліся на яго і з абодвух бакоў, бы пад канвоем, пацягнулі прэч з вачэй вашай міласці. Старэчы тэмп быў значна ніжэйшы. Таму Шалва Ераставіч спачатку хутка-хутка прасемяніў, а потым збіўся з тэмпу і павіс на дужых руках ахоўнікаў. Толькі там, на домсаветаўскіх задворках, пакінулі дзядулю ў спакоі пад наглядам міліцыянера. Доўга-доўга яшчэ ветэран Вялікай Айчыннай стаяў і глядзеў адтуль на сустрэчу, якая, мабыць, упершыню на круглянскай зямлі праходзіла без яго жывога ўдзелу. І слёзы насоўкай сціраў з вачэй.

Але нічога гэтага вы не заўважылі. Бо цэлых паўтары гадзіны прастаялі да круглянцаў, якія прыйшлі вас вітаць, месцам, дзе ніколі не бывае вачэй. Роўна паўтары гадзіны доўжыўся ваш дыялог са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Андрэевічам Папковым. Магчыма, менавіта столькі часу спатрэбілася вам, каб пераканаць яго перайсці на працу ва ўрад. Што, зрэшты, ён і зрабіў ледзь не адразу пасля вашага адлёту. Ну, гэта ўжо ягоная справа. Толькі ж навошта вось так, задам да народа? Ці, на вашу думку, гэтага і заслугоўвае электарат, здольны толькі нястомна працаваць ды бяздумна галасаваць?

... Я не хацела даслухоўваць прамову прэзідэнта. Нічога новага ён не казаў. Не адчувалася нават эмацыянальнага напалу ў голасе. Відаць, не сілкаваў яго энергію маштаб электарату. І я пайшла дамоў. Да самага дома яшчэ біла мне ў спіну хваля яго голасу з дынамікаў, развешаных па перыметру плошчы. А ледзь адчыніла дзверы ў кватэру, пачула гучны голас дыктара з радыёпрыёмніка, які, відаць, з нагоды прылёту прэзідэнта прарэзаўся. 3 інфармацыі вынікала, што прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў мэтах кантролю наведаў Круглянскі раён і ў даны момант знаходзіцца ў Дрыбіне, дзе знаёміцца з сацкультбытам жыхароў. І далей — з кім гутарыць, каго заслухоўвае, якія праблемы вырашае і ўзнімае.