Выбрать главу
Ты і неба ўсе скрыткі падгледзеў: Зьлічыў, колькі зор, што ёсьць на іх; I нічому, здаецца, ўжо недзе Ад вачэй скрыцца зоркіх тваіх.
Ты і ў прышласьць рад глянуць зараньня, Зьмёў бы пыл забыцьця з прошлых дней, Ўсё ж бязьсілен твой розум і знаньне Перад голасам духу начэй.
Ты дрыжыш перад нечымсь, як глянеш Ў гэту цем, падслухаеш яе; Як дзіцё, як матыль, слабым станеш… А ноч тайна а дзівах пяе.
Мае сьвет неадкрытыя сілы, Што людское ўсё знаньне прайшлі Гэтых сіл не пазнаць да магілы Табе, думнаму цару зямлі.

Згнаньнік

Выгналі з хаты, выгналі людзі,         Выгналі косьці жывыя; Сівер са сьнегам рынуўся ў грудзі,         Рынуўся зьверам на шыю.
Месяц загінуў, выгасьлі зоры,         Даль залягла беспрасьветам; Хмары глухія, хмары — як горы,         Ходзяць, сапуць непрыветам.
Смольлю, заломам сьцежка-дарога,         Ведзьма-мяцеліца стогне, Жудкія думы шэпча трывога,         Сэрца то змоўкне, то дрогне.
Горбяцца плечы, кволыя плечы,         Як бы цягнулі каменьне, Рукі мароз і сячэ, і калеча,         Корчацца ногі ў каленьню.
Годзе змагацца з доляй паганай,         Сонца шукаць сярод ночы, Блудам блудзіць па мёртвых палянах,         Сьлёзьмі крывавіці вочы.
Сыпся, кружыся, бел-сьнег, навокал,         Мяккай кладзіся пасьцеляй!.. Ляжам, як ляжа ранены сокал,         Знойдзем, нарэшце, прысельле.
Лес мой, жывая пушча-старуха,         Мы не загінем з табою… Шумам пальеш мне казкі да вуха,         Важна ўкалышаш спакоем.
Дзе-нідзе вогнік глянуў сквапліва,         Братняя блізка хаціна: Гэта з праглядам выбрыў на ніву         Воўк — як і ты — сіраціна.
Голас пачуўся, быццам хто кліча,         Штось у душы затраслося: Гэта ў галінах вецер скавыча,         Воклік магільны разносе.
З дальняга неба зоркі міргнулі…         Як бы ня так ужо цёмна… Зоркі сьвяціці ўсім не мінулі,         Толькі… мінулі бяздольных.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Полаг гатовы белы, пуховы;         Ляж, не глядзі, не ўслухайся! Сну у магіле яснай, сьняговай,         Вечнага сну не пужайся.
Прыйдзе вясна, распусьцяцца лозы…         Ты ўжо ў пасьцелі зялёнай… Сьпі, мой гаротнік, годзе ліць сьлёзы,         Біці нягодам паклоны…

С песень жыцьця

Час быў вясеньні. На скібіны дно Пала, ўзышло, зарунела зярно.       Ў курную хату, на яве ці ў сьне,       Доля-нядоля прынесла мяне.
*
Лета настала. Ўжо колас глядзеў. Рос, красаваў, наліваўся, — дасьпеў.       Шчасьця, пацехі ня знаўшы ў жыцьцю,       Вырас і я на нядолю сваю.
*
Восень на сьвеце. Бор стогне, шуміць; Колас нязжаты на полі стаіць.       Нудна у сэрцы, дзе вокам ні кінь,       I я, як той колас, бядую адзін…
*
Зімка прыйшла; белы вываліў сьнег; Колас у гурбе знайшоў свой начлег.       З доляй змагацца зь сіл выбіўся я,       Эх ты, магілка, эх, дзе ты, мая?..

Хмары і думы

Чорныя хмары па небе плывуць, — Чорныя думы заснуць не даюць:
      Хмары хацінай, а думкі душой       Рады затрэсьці, заціснуць сабой.
Валіцца з хмараў то сьнег, то вада, — Чорныя думы прыносіць бяда;
      Так і ваюе бядак-чалавек       З хмарамі, з думамі цэлы свой век…

Зваеваным

Сьпіце ўсе тыя, што праўды па сьвеце шукалі, І, не здабыўшы, ў дамоўкі бяз часу сышлі… Гразьзю ў вас кідалі, вольна дыхнуць не давалі… Хай жа пацешацца: ўжо вы спачылі ў зямлі…