Гулка нясецца стогн лесу ў начныя пацёмкі,
Плача-галосіць у коміне вецер глухі…
Сьпіце вы, слаўныя гора і працы патомкі,
Хутка над вамі распалім памінкаў агні!
Мала вас, мала было паміж цёмнымі намі;
Сільны яшчэ быў наш блуд і туман кругом нас!
Вы, перамогшы усё, узьняліся арламі,
Бліскам былі нам, тым бліскам, што гас і ня згас!
Грозна нясьліся магутныя вашыя клікі;
Нават каменныя душы скідалі свой сон;
Радасьцю дзіўнай зьвінеў ваш край бедны, вялікі…
Сіл не хапіла… запеў пахаронны вам звон.
Сьвежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла,
Жвір толькі сьвеціцца, змыты сьцюдзёным дажджом…
Сьпіце! Мы вашых навек не забудзем магілаў;
Збуджаны вамі, мы ўскрэсьлі, мы больш не засьнём!
Вясна за вясною…
К нам вясна за вясною ідзе
I бязьсьледна адходзе ад нас…
Ні канца той бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.
Хоць бы раз заірдзела раса
Жыватворна убогім палям,
Хоць бы раз зазьвінела каса
I дзень лепшы наклікала нам.
Вянуць кветкі штораз без пары,
Вяне зелень спустошаных ніў.
Шум ня моўкне ў зялёным бары:
Не чакаць, людзі, вам буйных жніў.
Не напоўніць вам клецяў сваіх,
Пот і сьлёзы льіцё вы здарма;
Ў паднявольнічнай службе ў чужых
Не падняць вам галоў з-пад ярма.
Вам — пакорным рабам — не вясны,
Рукі накрыж злажыўшы, чакаць,
А пад песьні паўночнай зімы
Ямы ў полі сабе ж будаваць.
Будаваць, покі вы чужака
Нівай будзеце роднай карміць,
Будаваць, покі ваша рака
Чужакову каню дае піць.
Для асьлепленых, здаўленых вас
Не было і няма іншых дум…
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Так над намі вясной кожны раз
Стогне бору зялёнага шум.
Так вясна за вясной к нам ідзе
I бязьсьледна адходзе ад нас…
Ні канца той бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.
Не спадзейся…
Не спадзейся, сын і матка,
Ад жыцьця патолі…
Ні канца, ані пачатку
Вашай чорнай долі.
Ці сягоньня, ці то заўтра —
Як і ўчора, усё так;
Стогн гнязьдзіціся спанатрыў,
Жаль пляце свой мотак.
Шчасьце ў путах… Звод разьвеяў
Думку маладую,
Засталось крыху надзеі,
Дый паганяць тую.
Вера ў будучыны жніва
Спапялела з гора,
Крыўда-ведзьма незьмянліва
Заліла, як мора.
Гарт апёрся на кургане,
Як ноч, уздыхае,
I ў кургане уздыханьне
Гарту падцінае.
Каня з смагі на пагодзе
«Піць» галосе ў небе,
Ды ў завею воўк заводзе
Па крывавым хлебе.
Не для нас…
Не для нас гэта сонейка майскае
Загуляла на небе высокім
Сеяць думкі вясеньнія, райскія,
Гэт’, па сьвеце вялікім, шырокім.
Для нас ніва, намі ўспаханая,
Заірдзелася ўсходам пасеваў,
І ўся ветрам, як дым, калыханая
Б’е паклоны направа, налева.
Не для нас упрыгожылісь кветкамі
Сенажаці-лугі над ракою,
Хараствамі нязьдзіўнымі, рэдкімі
Вабіць вока, шаптацца з душою.
Не для нас, не для нас распускаецца
Гэты сад, гэта вішня, чарэсьня,
Не для нас, не для нас разьліваецца
Салавейкава звонкая песьня…
Сонца паліць нам грудзі збалелыя,
Ніва ласкі над намі ня мае,
Пот ліем па лугах мы дні цэлыя,
Ці ж тут міла і песьня якая?!
З дня на дзень, з году ў год, як пакутнікі,
Б’ёмся, гінем і шчасьця ня бачым;
Працай жывяцца нашай прыблуднікі,
А мы толькі ўздыхаем і плачам…
Чаго хмурацца…
Чаго хмурыцца
Неба сіняе?
Чаго носяцца
Віхры дзікія?