Наведзены струны у скрыпках па-свойску
Чужая зрывае рука;
Жалейка азьвецца зь вясны пад бярозкай, —
Ня ўцешыць яна бедака.
Так камень ня ляжа, як змора паданьня
Лягла ад мяжы да мяжы
З надзеяй, што нават і думку змаганьня
«Забраны край» вырве з душы.
Жыцьцё год бязь ліку на шнурык свой ніжа,
Бязь ліку няволя есьць сіл…
Аж прадзедаў косьці ня ўлежаць пад крыжам, —
Штоночы выходзяць з магіл.
Выходзяць, ідуць ад парогу к парогу,
На стогн жывых грозна глядзяць
I зь ветрамі, з бурамі б’юць на трывогу:
«Забраны край» клічуць устаць.
У ночным царстве
Скрыпяць трухляцінай асіцы,
Над курганамі зьвяр’ё вые…
Гасьцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.
Ідуць, ідуць… Сярод пустыні
Хрусьцяць надломаныя косьці,
I качанеюць ногі ў ціне,
I чахнуць вочы ў павуціне,
А шлях — як точаныя восьці.
Перад вачамі глуш нямая,
I плач, і скрогат за вачамі;
Пракляцьце ў жылах кроў сьцінае,
Душу бязьсільле вынімае,
Гняце зьмяінымі кляшчамі.
У грудзі, здаўленыя здрадай,
Упіўшысь, рабская трывога
Шыпіць хаўтурнаю загладай;
На небе толькі як прынада,
Бялее млечная дарога.
То там, то сям запаланее
Іскра над скованаю шыяй;
Наскоча пошасьць трупавея, —
I царства ночнае шалее,
Над курганамі зьвяр’ё вые.
Беларус
Сеў, як той крыж на разстаі,
Сярод пушч і поля,
Злажыў рукі і чэкае
Усё нейкай долі.
Ўстане-ж, пойдзе полем, логам,
Будзе дыхту, будзе:
Пачэпаў тупым нарогам
Кургановы грудзі.
Лом с крыжоў магільных звале,
Бульбу падпекае…
Пад’еу, сеў, як крыж, і далей
Долі ўсё чэкае.
А ці-ж прыдзе доля гэта,
Трудна адгадаці,
Пакуль толькі з лета ў лета
Пляце яму лапці.
Ці-ж ня доля мая…
I нашто ж мне воля вольная,
Залатая, расхахольная? —
Цемняком пайду сьляпы я
На дарожкі крыжавыя!
Эх ты, доля мая,
Маю волю ўжо я!
I нашто школа з настаўнікам, —
Добра быць і неахайнікам:
Калі з кніжкі не даўчуся, —
У астрозе далаўчуся.
Эх ты, доля мая,
Маю школу ўжо я!
I нашто ж мне поля гонейкі,
З дабром клеці, коні, волікі?
Я магу жыць і «пашырэ»
У шырокай у Сібіры.
Эх ты, доля мая,
Землю маю ўжо я!
I нашто ж мне хата новая,
Сталы, лавы ўсё дубовыя?
Злыдні змогуць маю сілу, —
Як пан, лягу у магілу.
Эх ты, доля мая,
Хату маю ўжо я!..
Грай-жэ, музыка!
Цёпла, спакойна, цёпла і сыта
Ў хорамах ясных вам век векаваць…
Поўны аруды буйнага жыта;
Хто ж не захоча тут жыць, панаваць?..
Грай жа, музыка, сэрцам рві струны…
Не пажалеюць заплаты табе!..
Што? Хочаш ладзіць скрыпку ў тон сумны?
Весела грай, як віхуры ў кляцьбе…
Шумна, разгульна… Чым не бяседа?!
Пеніцца ў чарках крывава віно…
Кроўю гулялі прадзеды, дзеды, —
Сыну і ўнуку падаўна дано…
Грай жа, музыка! Рэж на скрыпулі
Так, як там рэжа асьлепленых кат…
Прэч, прэч, сумленьне! Золатаў гулі!..
Чуеш, як звоніць па скрыпцы дукат?..
Сьветла, прасторна… Зьзяюць брыльянты…
Хто там?.. Цень бледны шмыгнуўся ў вакне?..
Вісельнік?! Тут ён?.. Прэч яго, франта!
Нашы асіны! Хай толькі чапне…
Грай жа, музыка, каб і ў магілах
Голас уцешны пачулі зь зямлі, —
Каб аж з-пад наспаў, плітаў пахілых
Косьці паўсталі і ў танец пайшлі.