Выбрать главу
Зелянеюць вольхі Па краях ракі, Высяцца над імі Сумна Карзюкі.
Відзен горад здаля, Горад Менск стары, Пнуцца важна к небу Коміны, муры.
Гулка далятае Дзікі сьвіст машын Ды прыпеўкі жабаў З рэчкі і лагчын.
Між прысад гасьцінцам, Між палёў сялян Едзе, пераходзе То мужык, то пан.
Ўсю ж гэту мясьціну Неба абняло, Залацістым сонцам Хараство ўпляло.
Рэчка, луг, гасьцінец, Горад, Карзюкі Разрываюць думкі На усе бакі.
Сам сабой ня знаеш, Што рабіць, як жыць: Ці ляцець у горад, Ці ў Карзюках сьніць?
Ці пайсьці гасьнінцам Долі ў сьвет шукаць? Ці рацэ, русалкам Галаву аддаць?..

Над Іматрай

На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай, Ракой з вадаспадам заліўся пакат; Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,          Іматрай завуць вадаспад.
Клакочуць, рагочуць Іматрыны хвалі, На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць, Нем толечы каменны бераг, як з сталі,          I зарасьнік хвойны маўчыць.
Шалее Іматра між каменных глыбаў, За хваляю хвалю імчыць к нізіне; Як хмар недаступных махнатыя скібы,          Адна адну схопіць, піргне.
Адна з адной рынуцца ўглыб, як магілу, Там скруцяцца, ўзьнімуцца клубам, дугой, Рассыплюцца пухам, расьсеюцца пылам,          Зноў выскачаць к небу гарой.
Зірнуць, зьзіхануцца, сыпнуцца на скалы, Ўсім дантаўскім процьмам на зьдзіў, I люнуць на волю, забыўшыся шалаў,          Плывуць паміж пустак і ніў.
Другія іх зьменяць і пеняцца ў зломе, Адвечністым шумам калышунь прастор; Свабодай сваёю і роднай Суомі          Сягнуць быццам хочуць да зор.
Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды, І сэрца лялеецца ў сьцішнай жальбе, Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай          Ды як бы ўсё клічуць цябе:
«Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на сьвеце, Спачын векаавечны дамо ў забыцьці; Нязьведанай воляю будзем шумеці          І гутарку з сонцам вясьці.
Хадзі ў нашы хвалі, спаўём твае грудзі Вадзіцай сьцюдзёнай, кіпучай, як вар; Народ аб нас казку злажыць не забудзе,          І песьню нам зложыць пясьняр».
Так сумна на поўначы, ў Фіншчыне дзіўнай, Ракой з вадаспадам заліўся пакат; Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,          Іматрай завуць вадаспад.

Вёска

За хатай хата у парадак Сядзіць адна каля адной; Залегла вуліца сяродкам, Будынкі збоку чарадой.
Ня год, ня два зьняла з плеч вёска, — Дзянькоў уцёкшых знак відаць: Мох у салому паўпіваўся, Падпора час сьпяшыць стрымаць.
Жыцьцё у лапці абувае Сваяк, чужынец-прайдзісьвет, Бяда багацтву б'е паклоны, Цямнота к знаньню зводзіць сьлед.
Вядзе вайну сьляза са сьмехам, Дзярэцца той, а той дрыжыць, З грахамі важыцца пакута, У пары ноч і дзень бяжыць.
Ня знаю: шчасьце ці няшчасьце Ўе тут спакойнае гняздо… У вёскі гэтага спытайся, — Маўчыць і вёска пакуль што.

Сад

Гальлё панадна разлапушыў За хатай прадзедавай сад; Чарэшні, яблыні і грушы Сышліся згодліва у рад.
Ківаюць макаўкамі ўдала, Плывуць напевы ад галін, Як бы зь іх кожная ўзывала: «Хадзі, бяспутнік, адпачынь!
Хадзі, усядзься каля нас ты, Жыцьця прыгод забудзь напасьць, Паслухай музыкі лісьцястай: Яна табе гарт новы дасьць.
Ты многа йшоў, блудзіў ты многа, — Жаданьня крыж ты нёс і нёс, Аж на расстайных стаў дарогах; Цяпер — да нас ад бур і сьлёз!..»
Так быццам вабіць сад лісткамі Пад цень свой думку многа лет; А думка — што? яна зь вятрамі, Ня знай, за чым ляціць у сьвет…