Выбрать главу
Болей крыжам адным — гэта цень прад зарой,          А там лепшыя новыя дні! Дык ня плач жа, брат мой, запей песьню са мной!          Яшчэ раз не засьні!

*** Не пужайся…

Не пужайся, што здрадные хмары Неба ўслалі с канца да канца, Што свае цемната ўнесла чары, Закружыўся груган над папарам:                                  Ешчэ прыдзе весна!
Не пужайся, што лісць пажаўцелы Лес скідае с канца да канца, Дый ня чуць птушак пеўчых дзень цэлы, Прашмыгне толькі заяц нясьмелы:                                  Ешчэ прыдзе весна.
Не пужайся, што бедная ніва Апусьцела с канца да канца, Што мужыцкай рукой нешчасьлівай Неужоннае скончэна жніва:                                  Ешчэ прыдзе весна.
Не пужайся, што вольные сілы Ў путах дрэмлюць с канца да канца, Што насільства ўсю праўду здушыла, Што сьмерць густа капае магілы:                                  Ешчэ прыдзе весна,                                                Ешчэ прыдзе!..

Гэй, наперад…

Гэй, наперад, покі сэрца       Б’ецца, рвецца на прастор, Годзе млеці ў паняверцы;       Гэй, да сонца! гэй, да зор!
Хай бацькі стагналі ўчора,       Йшлі на той сьвет без пары; Сёньня ў нашай моцы гора,       Мы — жыцьця гаспадары!
Думка ў думку, дружна, сьмела       Усе наперад грамадой! Кожны ведай сваё дзела,       Знай, за праўду крэпка стой!
К новай долі шлях нам ляжа,       Як на небе Млечны Шлях, Слова, дум ніхто ня зьвяжа,       Жыць, цярпець ня будзе страх!
І ня стане больш пакуса       Першых-лепшых збоку браць, Славяніна-беларуса       Вечна ў лапці абуваць.
Дык наперад, покі сэрца       Б’ецца, рвецца на прастор, Годзе млеці ў паняверцы!       Гэй, да сонца! гэй, да зор!

*** За праўду…

За праўду, за шчасце, за лепшую долю         Вазьміся, мой дружа, пастой! У крыўду ня дайся, свайго дабівайся.         Адвага хай будзе з табой!
Хай горкія сьлёзы, што ў сьпёкі, ў марозы         Ліюцца на беднай зямлі, Дадуць табе, браце, сіл гора змагаці         І ў сэрцы распаляць агні.
Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць,         Хоць страшна замучаны ты, За добрую справу, за шчасьце і славу         Душу вырывай зь цемнаты.
Кінь сваркі і звадкі, адной дзеці маткі —         Мы злучаны думкай аднэй; Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе,         Палічаць і нас за людзей.
Дык жыва ж к пачатку — ня час спаць у шапку,         Валяцца, як чэрві ў траве; Ўжо сонейка ўсходзе, ўжо дух у народзе         Збудзіўся і к праўдзе заве!..

Мая думка

Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры, Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая; Абыймецца зь небам, пакоціцца ў мора, Ў вялікае мора людскога жыцьця.
I ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесьне Як лісьцем віхура, так ім скалыхне, Так ім закалоціць, аж выклікне песьню… Ўжо зь песьняй ляціць зноў да зор к вышыне.
Запеўшы пахвалай нязьведанай далі, К вядомай павернецца долі людской; Адсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка ў крышталі, Ды ў сьвет зноў за сонцам, за новай зарой!
На небе свабода, сьвятло і прывольле, — А думцы замала: няма там людзей; Людзей на зямельцы спаткае даволі, Дык сонца і воля ня сьвецяць тут ей…
I так безупынку, то к небу — дзе зоры, Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая; То скоціцца ў мора, ў вялікае мора Людскога, забытага шчасьцем жыцьця.

Мой дом

Мой дом — прывольле зьвёзднай далі, Арламі мераны абшар, Дзе бітвы точаць ветраў хвалі Зь сям’ёй глухіх калматых хмар.